19 красавiка 2024, Пятніца, 8:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як Румас за некалькі дзён двойчы «спаліў» Лукашэнку

19
Як Румас за некалькі дзён двойчы «спаліў» Лукашэнку
СЯРГЕЙ РУМАС

Чым адгукнуцца прэм'еру ягоныя выказванні, можна толькі здагадвацца.

Замест таго, каб проста моўчкі ўзяць пад казырок, прэм'ер-міністр пачаў казаць праўду. Усяго за некалькі дзён ён двойчы сказаў рэчы, якія выстаўляюць беларускага дыктатара не ў найлепшым святле, піша UDF.BY.

Хто дапамагае неэфектыўным кіраўнікам прадпрыемстваў?

5 лютага дыктатар сабраў на нараду эканамічны блок, на якім выставіў вінаватым урад.

«Годзе мне ўносіць прапановы па дзесяць разоў аб тых прадпрыемствах, якія раней не выканалі абяцанае. Толькі пасля таго, як (чарговым разам нагадваю) кіраўнікі пойдуць у месцы не такія аддаленыя, мы будзем разглядаць прапановы другім і трэцім разам. А так кіраўніцтва прадпрыемстваў сябе выдатна адчувае. Правалілі абяцанае, не вярнулі канкрэтна грошы ў бюджэт ці інвестару, а бюджэт за іх павінен цяпер плаціць і адказваць за іх пазыкі. Трэба гэтую практыку было скончыць учора», - заявіў Лукашэнка.

У асяроддзі незалежных эканамістаў прагучала меркаванне:

«Савет міністраў пад кіраўніцтвам Румаса - гэта крок назад, у параўнанні з тым, што рабіў урад Кабякова».

Прэм'ер-міністр маўчаў два дні, але потым БелТА распаўсюдзіла ягоны каментар, які дазволіў паглядзець на сітуацыю па-новаму.

Заявіўшы для пачатку, што «абсалютна мае рацыю кіраўнік дзяржавы», Сяргей Румас выкарыстаў словы Лукашэнкі для нападу на «чырвоных дырэктараў».

«Гэта не нармальная сітуацыя, калі адны і тыя ж людзі абяцаюць, не выконваюць і потым звяртаюцца па новую порцыю падтрымкі. Таму, напэўна, з кім-небудзь з кіраўнікоў гэтых прадпрыемстваў давядзецца расстацца, каб новыя людзі маглі з чыстага ліста падпісацца пад абавязацельствамі, якія прадугледжваюць жорсткае вяртанне ўкладзеных краінай, камерцыйнымі банкамі сродкаў у рэалізацыю тых ці іншых праектаў», - заявіў прэм'ер-міністр.

Румас таксама растлумачыў, што за амаль паўгода працы ўрад унёс усяго блізу 5 прапаноў аб наданні дзяржпадтрымкі буйным сістэмаўтваральным прадпрыемствам. І яны не прадугледжвалі выдачы новых аб'ёмаў фінансавання, а ўсяго толькі адтэрміноўку ў выплатах крэдытаў.

Прасцей кажучы, Румас даў зразумець, што выстаўленыя яму прэтэнзіі гучаць не па адрасе. З чаго напрошваецца выснова, што на нарадзе Лукашэнка займаўся самапіярам, арганізаваўшы гульню «цар добры, баяры дрэнныя». Са словаў прэм'ера вынікае, што ён наогул гатовы ліквідаваць «ненармальную сітуацыю» з дзяржпадтрымкай неэфектыўным прадпрыемствам.

Хто заплаціць за Еўрапейскія гульні?

6 лютага беларускі прэм'ер-міністр сустрэўся ў Рыме з кіраўніком Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў Янэзам Качыянчычам. Вярнуўшыся ў Менск, ён публічна засвяціў важную праблему.

«Мы абмеркавалі адно адчувальнае пытанне - прыцягненне міжнародных спонсараў. Згодна з кантрактам былі абавязацельствы (Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў) прыцягнуць буйных міжнародных спонсараў, але на сёння вынікамі гэтай працы мы не можам быць задаволеныя», - прызнаўся прэм'ер-міністр.

Ягоныя словы працытавала прэс-служба ўрада, але не сталі перадаваць дзяржаўныя СМІ.

Прасцей кажучы, Румас даў зразумець, што Беларусі давядзецца дадаткова змарнаваць істотныя грошы на спаборніцтвы. А ініцыятарам правядзення Еўрапейскіх гульняў быў сам Лукашэнка!

9 лютага дыктатар на «Менскай лыжні» прадоўжыў тэму, прычым ягоныя выказванні выглядалі апраўданнем. Лукашэнка заявіў, што правядзенне ў Беларусі буйных міжнародных спартовых спаборніцтваў прыносіць дывідэнды.

«Яна не супамерныя дывідэнды прыносіць, а празмерныя дывідэнды. Натуральна, гэта ўсё акупляецца», - паспрабаваў запэўніць журналістаў дыктатар.

Яшчэ адна цытата:

«За гэта - імідж краіны, піяр сапраўдны - цяпер плацяць сотні мільёнаў даляраў».

Чым адгукнуцца Румасу ягоныя выказванні, можна толькі здагадвацца.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках