20 красавiка 2024, Субота, 13:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менскія Фермапілы

10
Менскія Фермапілы
Фота: AP

Ці разумее Крэмль, ува што ўвязаўся?

Сваімі Фермапіламі менскія «спартанцы» мяркуюць барацьбу супраць паглыблення інтэграцыі Беларусі і Расеі. Непасрэдная нагода для пратэстаў – сустрэча Пуціна і Лукашэнкі ў Сочы, якая праходзіла ў гэтыя выходныя і была прысвечаная якраз «паглыбленню інтэграцыі», піша расейскі журналіст Раман Папкоў на сайце mbk.news.

Чакалася, што падчас перамоваў Пуцін і Лукашэнка падпішуць выніковы план інтэграцыі, але галоўныя пытанні будуць развязвацца менавіта ў эканамічнай сферы. Аднак апазіцыя ў Беларусі пратэстуе супраць паступовага палітычнага аншлюсу.

Асцярогі гэтыя цалкам вытлумачальныя. Далучэнне Беларусі да Расеі ў любым фармаце развязвае для Пуціна пытанне пра ўладу ў 2024 годзе. Пераўтварэнне «саюзнай дзяржавы» з канфедэрацыі ў федэрацыю – гэта, у сутнасці, стварэнне новай дзяржавы, новага суб'екта міжнароднага права. Перад Пуціным адкрываецца магчымасць яшчэ два тэрміны праседзець у крэсле прэзідэнта такой дзіўнай «федэрацыі». І нават прамое ўваходжанне Беларусі ў склад РФ дазваляе заявіць пра «перазаснаванне» расейскай дзяржавы з абнуленнем усіх папярэдніх адседжаных Пуціным прэзідэнцкіх тэрмінаў.

Сярод беларусаў ёсць свае адчайныя і таленавітыя пасіянарыі – у першую чаргу мясцовыя анархісты і патрыёты. Менавіта па іх і б'е з асаблівай жорсткасцю рэжым Лукашэнкі. Пры гэтым беларусы з вялікай цікавасцю распытваюць масквічоў пра цяперашнія расейскія моладзевыя пратэсты. Дзіўна, але факт: хоць у Менску шмат моладзі, якая выглядае цалкам па-еўрапейску, на мітынгах апазіцыі яна не вядзе рэй. Нават на сённяшніх акцыях у натоўпе можна ўбачыць хлопцаў і дзяўчатаў – і не сказаць, што іх мала. Але дух пратэсту ў Менску (у адрозненне ад Масквы) вызначаюць не яны, а людзі 35–40 гадоў і старэйшыя. Хоць менавіта моладзь Беларусі ў першую чаргу зацікаўленая ў еўрапейскім выбары сваёй радзімы.

Яшчэ адна перашкода для аншлюсу – нежаданне шырокіх масаў беларускага народа расставацца са сваёй незалежнай дзяржавай, у якой яны жывуць ужо 28 гадоў, паспеўшы сфармаваць сваю нацыянальную і грамадзянскую ідэнтычнасць. Не ўсе з прыхільнікаў суверэннай Беларусі – перакананыя апазіцыянеры. Але пераважная большасць беларусаў стаць расейцамі не жадаюць. Рэальныя дзеянні ў падрыве палітычнай незалежнасці Беларусі неўнікнёна ператвораць цяперашнія шэсці ў значна больш шырокі народны рух пратэсту.

Пытанне ў тым, ці разумеюць гэта ў Крамлі? Ці ўсведамляюць, што Беларусь – гэта не Крым? Ці пралічваюць небяспечныя наступствы авантураў на "беларускім фронце"?

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках