29 сакавiка 2024, Пятніца, 12:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прадстаўнік «расейскага свету» ў Беларусі – гэта Лукашэнка

12
Прадстаўнік «расейскага свету» ў Беларусі – гэта Лукашэнка

Але з Крамля вельмі добра відаць і «Пагоня», і бел-чырвона-белыя сцягі нашых пратэстаў.

Нічога пэўнага Лукашэнка і Пуцін не падпішуць, ды і не збіраліся.

Дакладней, нічога новага.

Будуць падпісаныя нейкія паперы, пра якія потым Лукашэнка будзе хлусіць або хаваць сам факт іх існавання, а Крэмль акуратненька падшые ў тэчку пад назвай «анэксія».

Усё роўна, як гэтыя паперы будуць называцца: дарожныя карты, паглыбленне глыбіняў або пашырэнне шыротаў. Усё ідзе згодна з планамі Крамля, які паслядоўна пазбаўляе Беларусь самастойнасці, уласнасці, незалежнасці, дапамагаючы душыць свабоду і уладкоўваючы на нашай зямлі свае ваенныя гульні.

Гэта і ёсць подлы крадзеж нашай дзяржаўнасці. Гэта і ёсць паўзучая анэксія, якую Крэмль плануе закончыць у зручны для яго момант, можа быць пад свае выбары 24-га года, а можа, і раней.

У Крамля ў гэтым ёсць адданы памагаты, які ўжо дваццаць пяць гадоў упарта працуе над знішчэннем незалежнасці Беларусі.

У сутнасці, адзіны рэальны прадстаўнік «расейскага свету» ў Беларусі, які правёў для Крамля перадпродажную падрыхтоўку краіны – гэта Лукашэнка, той самы сочынскі просьбіт, які, стоячы на каленях перад састарэлым чэкістам, спрабуе ўяўляць з сябе абаронцу незалежнасці беларускай дзяржавы.

Нічога, акрамя сваёй улады, сваіх грошай, сваёй гнілой «вертыкалі» ён не абараняе і ніколі не абараняў. Стварыўшы рэпрэсіўна-бюракратычную сістэму ўлады, ён надзейна адгарадзіў яе ад Еўропы, затое ператварыў тэрыторыю Беларусі ў крамлёўскі ваенны плацдарм.

Смешна, вядома, калі гэтага лацінаамерыканскага дыктатара спрабуюць назваць гарантам незалежнасці Беларусі.

Абараняе ён толькі свае шкурныя інтарэсы, а Беларусь абараняюць апазіцыя, грамадзянская супольнасць, незалежная журналістыка, усе беларусы, якія адпрэчваюць гэты рэжым і пратэстуюць супраць яго.

Пуцін толькі таму не адважваецца на «канчатковае развязанне беларускага пытання», што незалежнасць Беларусі ёсць каму абараняць. З Крамля вельмі добра відаць і нашы бел-чырвона-белыя сцягі, і людзі пад нашай «Пагоняй», якія ў гэтыя дні пратэстуюць супраць анэксіі, супраць Крамля і супраць ягонага стаўленіка Лукашэнкі.

Няхай крамлёўскія і дамарослыя прапагандысты хлусяць пра гэтыя пратэсты, пераменшваюць іх сілу і значэнне, гісторыю не падманеш. Гэтыя пратэсты адбываюцца кожны раз, калі Крэмль рэалізуе чарговы этап паўзучай анэксіі. Гэтыя пратэсты – ясны сігнал Крамлю, што Беларусь – не Расея.

Гэта яшчэ і дэманстрацыя таго, што Беларусь – не Лукашэнка, а Лукашэнка – ніяк не Беларусь, а створаная з заганаў і крамлёўскай падтрымкі марыянетка расейскіх самадзержцаў.

Незалежнасці Беларусі пагражае рэальная небяспека. У яе два імя – Пуцін і Лукашэнка. Гэтая небяспека не знікне, пакуль і той, і другі пры ўладзе. Не разумеюць гэтага зусім не сляпыя, а ашуканцы і нягоднікі.

Яны ёсць і ўнутры Беларусі, і звонку. Заўтра гэтыя ашуканцы будуць на розныя галасы апавядаць пра тое, як Лукашэнка чарговы раз, не шкадуючы жыцця свайго, біўся з Пуціным за Беларусь.

Будуць свядома забывацца пра тое, што менавіта дыктатар паслядоўна і цынічна ствараў пагрозу для Беларусі.

Будуць свядома хаваць тое, што з кожным днём знаходжання Лукашэнкі ва ўладзе небяспека для нашай незалежнасці і дзяржаўнасці толькі павялічваецца.

Будуць раскідваць свае значаныя геапалітычныя карты і прапаноўваць падтрымаць дыктатара для стварэння буфера супраць Расеі. Вось такую незайздросную і прыніжальную ролю нам рыхтуюць у найлепшым выпадку, базюкаючы пры гэтым, як і Лукашэнка, пра абарону незалежнасці Беларусі.

Добра, з мясцовымі ашуканцамі зразумела – альбо пад кантролем, альбо ля кармушкі, – а вось заходнія «абаронцы дэмакратыі» што твораць?

Пры Лукашэнку ваенная небяспека для ўсяго рэгіёну, для ўсёй Еўропы ўзрастае шматкроць. Размяшчэнне кантынгентаў NATO ў краінах Балтыі і Польшчы пра гэта наўпрост сведчыць. Гэта адказ на ўзрослую ваенную актыўнасць Расеі блізу еўрапейскіх межаў. Асноўныя падрыхтоўкі да ваенных дзеянняў вядуцца Расеяй на тэрыторыі Беларусі пры поўным ухваленні і ўдзеле Лукашэнкі.

Можа, час усё ж перастаць патураць дыктатару і пачуць беларусаў, якія сёння пад сваімі сцягамі на вуліцах скандуюць «Незалежнасць!» і «Жыве Беларусь!». Гэта яны змогуць гарантаваць і сваю незалежнасць, і вашу бяспеку.

Жыве Беларусь!

Андрэй Саннікаў, лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», «Фэйсбук»

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках