24 красавiка 2024, Серада, 5:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Сёння ты на вяршыні – а заўтра сам працуеш за рубель на дзень»

18
«Сёння ты на вяршыні – а заўтра сам працуеш за рубель на дзень»

Папярэджанне чыноўнікам, якія ўстанавілі паншчыну для беларусаў.

Улады ўстанавілі працадні для беспрацоўных беларусаў. Прычым іх колькасць істотна адрозніваецца не толькі ў розных рэгіёнах краіны, але і ў межах адной вобласці.

Напрыклад, беспрацоўныя гамяльчане ў 2020 годзе абавязаныя адпрацаваць 20 працоўных дзён. А вось для беспрацоўных Гомельскага раёна вызначаны ўжо 24 дні адпрацовак. Больш за ўсё ў Гомельскай вобласці павінны адпрацаваць жыхары Жлобінскага раёна: для іх норма – 28 працадзён.

Што за дзіўную сістэму ў 21-м стагоддзі стварылі беларускія ўлады? На пытанні Charter97.org адказвае актывістка прафзвязу РЭП з Гомеля Марыя Тарасенка.

– На дварэ 2019 год, Ілан Маск рыхтуе да выпуску аўтамабіль будучыні Tesla Cybertruck, улады спрабуюць падстроіцца пад модны трэнд і кажуць пра «ІТ-краіну» – а ў гэты час беспрацоўныя павінны адпрацоўваць працадні, прычым у кожным раёне розныя, як «пан загадае». Як Вы гэта ўсё пракаментуеце?

– Па-першае, давайце пачнем з таго, для чаго ўвогуле выплачваецца дапамога ў беспрацоўі?

Гэта перш за ўсё – матэрыяльная падтрымка на перыяд пошуку працы. Тое, што плацяць у нас у Беларусі – гэта зусім не падтрымка, гэта ганебнае становішча. Падтрымка ж у чым заключаецца? У тым, што чалавек месяц можа жыць, гэта значыць, грошай яму павінна хапіць на поўны працоўны месяц: аплачваць паслугі, харчавацца, тыя самыя транспартныя выдаткі аплачваць. Гэта значыць, нармальна жыць, пакуль ён шукае працу.

Тое, што ў нас прапануюць улады – адну базавую велічыню, гэтыя няпоўныя 30 рублёў – гэта проста абраза для чалавека. Гэта неадэкватная «дапамога ў беспрацоўі» – горшая за падачку для жабрака. Бедныя людзі і то больш збіраюць міласціны, чым плаціць дзяржава чалавеку, які працаваў, утрымліваў гэтую дзяржаву, аплачваў падаткі, аплачваў унёскі ў ФЗСН. І калі ён застаецца ў такой цяжкай сітуацыі, яму прапануюць гэтую падачку.

Другі момант: за гэтую падачку ад цябе патрабуюць яшчэ і выконваць «паншчыну». Гэта – прыніжэнне. Не тое што ўдвая – гэта ў дзвесце разоў прыніжэнне. Хадзіць на сельгаспрацы, ездзіць выконваць гэтыя дзіўныя нарматывы ў «працадні» – гэта зусім поўнае дзікунства. Мы ўжо не проста скаціліся ў нейкі феадалізм, мы ўжо ў ім штодня жывем, не заўважаючы гэтага.

Я добра разумею людзей, якія не становяцца ў цэнтр занятасці. Таму што гэта – не клопат дзяржавы, а ганьба і прыніжэнне. Якая ж гэта «IT-краіна» або «краіна для жыцця», калі такія рэчы адбываюцца?

– У Літве дапамога ў беспрацоўі складае 735 еўраў – гэта ў 34 разы вышэй, чым у сярэднім у Беларусі. А пры гэтым мы мелі аднолькавыя (калі не лепшыя для Беларусі) стартавыя паказнікі пасля распаду СССР. Чаму так атрымалася?

– Як гаворыцца: да чаго мы імкнуліся – таго мы дасягнулі. Літва, Польшча, Латвія, Эстонія хацелі жыць нармальным жыццём, цывілізавана і годна. Яны хацелі быць у еўрапейскай сям'і, хацелі павысіць узровень свабодаў і ўзровень жыцця сваіх грамадзянаў.

А мы ў пачатку 90-х хацелі, каб было «як раней». Гэта не таямніца. І калі ў нас з'явілася магчымасць жыць паўнавартасна, развівацца, як нацыя, мы гэтай магчымасцю не скарысталіся і затрымаліся ў Савецкім Саюзе. У выніку мы так і не прасунуліся наперад за 28 гадоў нашай незалежнасці.

Улады шмат гавораць, што ў нас з'явіліся «плады прагрэсу»: шмат машынаў ездзіць па вуліцах (б/у-шных, дарэчы), з'явіліся банкаматы, на выхадзе з крамы – пасткі, у нас нібыта шмат чаго такога з'явілася.

Але зразумейце, што да цывілізаванага, нармальнага жыцця мы так і не наблізіліся. У выніку мы скатваемся ўжо нават не ў 19-е стагоддзе, а ў нейкае 17-е, да суровых прыгонніцкіх часоў. Маем тое, што маем.

– Сярэдняя дапамога ў беспрацоўі ў Беларусі – 30 рублёў на месяц. І за гэтыя 30 рублёў жыхар, напрыклад, Жлобінскага раёна павінен адпрацаваць 28 дзён – то-бок, за адзін (!) рубель (або $ 0,5) на дзень. Напэўна, нават у Экватарыяльнай Афрыцы ўжо не працуюць за такія грошы. Як Вы гэта пракаментуеце?

– Гэта паказнік таго, як у нас шануецца і аплачваецца чалавечая праца.

Не важна, чым чалавек займаецца: працуе на заводзе ці збірае камяні. Гэта – люстэрка таго, як у краіне ацэньваецца чалавечая праца. Гэта значыць, на самай справе на задуму ўладаў яна нічога не вартая.

І з тымі ж праблемамі сутыкаюцца не толькі беспрацоўныя, але і людзі, якія маюць добрую кваліфікацыю – яны зарабляюць проста мізэр, 300 рублёў, 150 даляраў. Чалавек укладвае ў працу ўсе свае сілы і ўменні – і ў выніку ён нават не можа паўнавартасна сябе ўтрымліваць. Я ўжо не кажу «сям'ю ўтрымліваць», проста сябе. А гэта – проста прыніжэнне.

Гэта проста не ўкладаецца ў галаве, што такое адбываецца ў сучасным свеце, і не недзе ў Афрыцы, а ў нас.

– На фоне ўсяго гэтага галоўны ідэолаг Гомельскай вобласці, з яе ж словаў, атрымлівае 3600 рублёў на месяц і ўважае свой заробак справядлівым. Што Вы хацелі б сказаць чыноўнікам, які атрымліваюць за сядзенне ў кабінетах такія грошы і адпраўляюць людзей працаваць у полі за рубель на дзень?

– Страшэнная несправядлівасць. Бачыце, якая ў нас прорва ў краіне выкапаная, наколькі ўлада далёкая ад народа.

Як яны могуць зразумець звычайнага чалавека з ягонымі праблемамі, маючы такія прыбыткі? Яны не зразумеюць гэтага ніколі.

Гэты дзікі разрыў у прыбытках – ілюстрацыя ўсіх нашых «дасягненняў». Літва плаціць беспрацоўным дапамогу 734 еўры, а ў нас за 1 рубель (за 0,5 даляра) на дзень трэба збіраць камяні – а чыноўнік мае заробак, які перавышае заробак працаўнікоў у дзясяткі разоў. Вось чаго мы «дасягнулі».

Цікава, што сказалі б гэтыя ідэолагі і іншыя насельнікі светлых кабінетаў, калі б папрацавалі ў полі за рубель на дзень? Да некага, напэўна, дайшло б, а нехта палічыў бы, што гэта не справядліва і абуральна толькі ў адносінах да яго асабіста...

І няхай яны памятаюць, што жыццё пераменлівае, і сёння ты на вяршыні, а заўтра – можаш апынуцца ўнізе і сам працаваць за рубель на дзень. Таму што ўсё мяняецца. Можа быць, калі-небудзь яны і адчуюць на сабе, якое гэта – жыць жыццём звычайнага беларуса.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках