20 красавiка 2024, Субота, 10:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

З паліц шмат якіх крам знік расейскі цукар

13
З паліц шмат якіх крам знік расейскі цукар

У чым прычына і ці з'явіцца зноў.

У Беларусі ў шмат якіх гандлёвых сетках скараціўся да мінімуму выбар расейскага цукру, а ў некаторых — і зусім знік з паліц. Tut.by пацікавіўся, чаму знік цукар з суседняй краіны і ці з'явіцца ён у продажу зноў.

У Беларусі з 1 кастрычніка на 90 дзён ўвялі гранічную мінімальную раздробную цану белага крышталічнага цукру — 1,5 рубля. Прычына — з'яўленне ў продажу расейскага цукру, які быў прыкметна таннейшы за беларускі. У канцы снежня ўлады могуць падоўжыць дзеянне сваёй пастановы, як гэта было ў 2018 годзе.

Да ўвядзення дзяржаўнага рэгулявання з 1 кастрычніка гэтага года беларускі цукар каштаваў у межах 1,43-1,49 рубля за кілаграм, а расейскі — ад 1,29 рубля. Пры гэтым некаторыя гандлёвыя сеткі ладзілі акцыі, падчас якіх цукар з РФ можна было купіць яшчэ танней. Пасля ўвядзення дзяржаўнага рэгулявання беларускі цукар прадавалі ад 1,5 да 1,55 рубля, а расейскі — збольшага мінімальным коштам 1,5 рубля.

З расейскага цукру ў нашых крамах збольшага была прадстаўленая гандлёвая марка "Мелькруп".

Аднак цяпер з паліц крам шмат якіх гандлёвых сетак знік расейскі цукар. У Менску яго няма, да прыкладу, у гандлёвым цэнтры "Цэнтральным" (беларускі тут прадаюць за 1,55 рубля), у крамах "Копилка” (беларускі каштуе 1,5 рубля), у большасці крамаў “Суседзі" (наш прадаюць за 1,5 рубля). На сайце "Е-дастаўкі" таксама абмежаваны выбар, у продажу ёсць цукар-пясок “Шугарик" за 1,5 рубля за кілаграм. Астатні — беларускі, ён таксама каштуе 1,5 рубля. У крамах "Рублёўскі", якія ў жніўні 2018 года набыла група кампаній «Санта», таксама абмежаваны выбар расейскага цукру. Да прыкладу, у краме на вуліцы Уманскай у Менску прадаюць цукар кампаніі «Цытадэль» (горад Курск) за 1,39 рубля за 900 грамаў (1,54 рубля за кілаграм у пераліку). Беларускі цукар каштуе тут 1,54 рубля за кілаграм. Але калі ўзяць пачак 5 кілаграмаў, то адзін кілаграм каштуе 1,5 рубля ў пераліку.

Гандаль: «Неўзабаве расейскі цукар з'явіцца на паліцах»

У гандлёвых сетках запэўніваюць, што неўзабаве ў продажу з'явіцца расейскі цукар. Пры гэтым дадаюць, што на прылаўках стае беларускага.

"Расейскі цукар гандлёвай маркі "Мелькруп" сапраўды скончыўся, бо апошнія дні былі рэшткі. Наколькі мы ведаем, такая ж сітуацыя і ў іншых сетках. Разам з тым, гэта часова: неўзабаве расейскі цукар з'явіцца на паліцах — апавядае камерцыйная дырэктарка сеткі крам "Санта" Вікторыя Малойла. — Цяпер акурат вядуцца перамовы пра цану і далейшых пастаўках. Але калі шчыра, выбар цукру і так багаты. Напрыклад, у сетку "Санта" яго спраўна пастаўляюць цукровыя заводы з Жабінкі, Скідаля і Гарадзеі».

Яшчэ ў адной гандлёвай сетцы тлумачаць, што расейскі цукар гандлёвай маркі "Мелькруп” «разглядаюць як варыянт пастаўкі» in-out, гэта значыць часовыя пастаўкі з добрай зніжкай. "Адрозна ад беларускіх цукровых заводаў, якія ажыццяўляюць пастаўкі рэгулярна, наконт "Мелькрупа" вядуцца перамовы аб кожнай наступнай пастаўцы. Ранейшую спрадалі, цяпер абмяркоўваецца новая. Звычайны тэхнічны працэс", - расказалі ў гандлёвай сетцы.

У іншай гандлёвай сетцы паведамілі, што пастаўкі расейскага цукру гандлёвай маркі "Мелькруп" спынілі праз тое, што было спыненае дзеянне на тэрыторыі Беларусі дэкларацый адпаведнасці на гэты тавар. Гэтая спецыяльная форма пацверджання вытворцам або прадаўцом адпаведнасці выдаванай у абарачэнне прадукцыі патрабаванням тэхнічных нарматываў. Дэкларацыя выдаецца на канкрэтную прадукцыю (найменне, тып, марка, артыкул) або групу аднастайнай прадукцыі, на якую дзейнічаюць адзіныя патрабаванні што да пацвярджэння адпаведнасці.

Якія прэтэнзіі ў Беларусі былі да расейскага цукру?

У лістападзе Берасцейскі аблвыканкам паведаміў, што спецыялісты абласной інспекцыі Дзяржаўнага стандарту пры праверцы ў адной з гандлёвых сетак знайшлі тавар, якія не адпавядаюць патрабаванням тэхнічных рэгламентаў Мытнага саюза аб якасці і бяспецы. Сярод гэтых тавараў быў у тым ліку цукар гандлёвай маркі «Мелькруп», фасаванне 900 грамаў. Пытанні былі да цукру двух фасаванняў - ад 10 жніўня і 27 ліпеня гэтага года. "Цукар не адпавядае найменню што да арганалептычнага паказчыку якасці "пах", устаноўленым ДСт 33222: у выніку выпрабаванняў выяўленая наяўнасць моцнага пабочнага паху ў сухім цукры, што не дазваляецца — паведамляецца на сайце аблвыканкама. - У выніку праверкі спыненае дзеянне на тэрыторыі Беларусі дэкларацый аб адпаведнасці, якімі суправаджалася вышэйназваная прадукцыя".

У кастрычніку гэтага года паведамлялася, што Рэчыцкі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі "выявіў неадпаведнасць арганалептычных паказчыкаў у цукру гандлёвай маркі «Мелькруп» (вытворца — кампанія «Селтынг», Бранск, імпарцёр — кампанія «Юніфуд»). Дата фасавання цукру - 10 жніўня гэтага года, паведамляе газэта «Дняпровец»

У Менску ў 2017 годзе спецыялісты Дзяржаўнага стандарту знайшлі ў гандлёвых сетках 170,5 тон няякаснага цукру расейскага вырабу, былі пытанні да колеру і паху. У некаторых выпадках — да фасавання, у пачку было грамаў менш, чым заяўлялася.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках