18 красавiка 2024, Чацвер, 15:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Тут усе ў шоку!»: Сям'я з Ружанаў знайшла балёнік з пасланнем з Нямеччыны

2
«Тут усе ў шоку!»: Сям'я з Ружанаў знайшла балёнік з пасланнем з Нямеччыны

І адказала на яго.

Гэтая гісторыя магла б здацца выдумкай, каб не шчырыя эмоцыі Іны Жыеўскай, у двары якой у жніўні і прызямліўся ліст з вёсачкі пад Мюнхенам, піша kp.by.

– Я вярталася з працы, гляджу: а пад акном, у вялікім гаршку з ружовымі петуніямі нейкае смецце валяецца! Думала, «смецце» нейкае, трэба выкінуць. Падымаю – а за паштоўкай цягнецца вяроўка. Божачка, думаю, што ж такое?! – эмацыйна ўспамінае Іна Жыеўская.

У гаршку з петуніямі ўдала маскавалася зусім не смецце, а паштоўка, прывязаная да ружовага балёніка, які праляцеў (страшна падумаць!) амаль паўтары тысячы кіламетраў.

ТАКОЕ ПАСЛАННЕ АД МАЛАДЫХ З НЯМЕЧЧЫНЫ ЗНАЙШЛІ ІНА І ВАЛЕРЫЙ У СЯБЕ НА НАДЗЕЛЕ. ФОТА: З АСАБІСТАГА АРХІВА ГЕРОЯ ПУБЛІКАЦЫІ

– Балёнік, напэўна, надзімалі геліем. І ён ужо маленькі такі зрабіўся і ўпаў. А паштоўка трохі выгаралая была – вядома, столькі лётала! – кажа Іна. – Мог бы ў Белавежскай пушчы зачапіцца за хвоі. Не, менавіта да нас у гарод!

Іроніяй лёсу, калі Іна ўжо думала выкінуць паштоўку, з камандзіроўкі ў Нямеччыне вярнуўся муж Валер.

– Хацела выкінуць, а Валера мне: «Пачакай! Трэба перакласці!» Там усё па-нямецку напісана было. Адправілі фатаграфію дачцэ – і яна нам дасылае пераклад, што напісана на паштоўцы: «Балёнік запускалі бабуля і дзядуля маладых. У каго спыніцца – дайце адказ», – прадаўжае аповед Іна.

Сям'я Жыеўскіх даведалася, што ў немцаў сапраўды ёсць такая традыцыя: хто-небудзь з сваякоў на вяселлі запускае балёнікі, а потым чакаюць адказ на пасланне.

– Ну, раз людзі просяць, мы дні праз тры-чатыры надумалі адказаць, – кажа Іна. – Валера кажа: «Ім прыемна будзе». Уключыў перакладчык у тэлефоне, і мы напісалі: «Прывітанне з Беларусі! Ваш балёнік прыляцеў да нас. Берасцейская вобласць, пасёлак Ружаны». Вядома, пасёлак для іх нічога не значыць, але Берасце яны павінны ведаць. А яшчэ Валера сфатаграфаваў мяне разам з балёнікам, адправілі фатаграфію і паказалі электронны адрас.

Але нават на гэтым беларуска-нямецкае ліставанне не скончылася.

– Мы ўсё адправілі і забыліся! А ў канцы верасня Валера з'ехаў у рэйс і дасылае мне паведамленне: на электронку адказ з Нямеччыны прыйшоў! Мы былі ў шоку!

У шоку былі і маладыя.

– Яны думалі, што пасланне прыляціць камусьці з Нямеччыны: на гаўбец патрапіць або на дрэве якім павісне... А яшчэ нашы маладыя папрасілі сфатаграфаваць паштоўку, якая была прывязаная да шарыка. Каб даведацца, хто з гасцей запускаў балёнік.

Усе, каму Іна апавядае гісторыю, дзівяцца.

– Усе ў шоку ў Ружанах! Божа, ну як такое магло атрымацца! – і сама здзіўляецца Іна. – Свякроў кажа, што гэта пасланне нейкае зверху. Мы ж сям'я дальнабойнікаў, часта з мужам ездзілі ў Нямеччыну. Ну, няхай бы суседу з аднаго боку прызямлілася або з іншага. Але менавіта нам упала! Дальнабойнікам, якія ездзяць па Нямеччыне!

А ПОТЫМ АТРЫМАЛІ ЛІСТ ПРАЗ ЭЛЕКТРОННУЮ ПОШТУ АД ЛІЗЫ І ЕНСА

Валерый – дальнабойнік з сур'ёзным стажам – больш за 20 гадоў. Блізу 8 гадоў дальнабойніцай была і Іна. А потым падрос сын і летась падмяніў маму.

– Гэта заслуга майго мужа. Я неяк паехала з Валерам, каталіся па краінах, спадабалася. А потым пайшла вучыцца, здала экзамены, атрымала скарыначкі, каб быць дальнабойніцай, – апавядае Іна, як стала дальнабойніцай. – Так і ездзілі на пару! Нямеччына, Швэйцарыя, Галандыя... У Ружанах усе паважаюць, смяюцца: «Прывітанне, дальнабойніца!»

Далёка паляцеў не толькі балёнік, але і зайшлі зносіны. Цяпер сям'я думае нават сустрэцца з нечаканымі нямецкімі сябрамі.

– Я кажу Валеру: ты напішы, што дальнабойнік і ездзіш па гэтай трасе! Ён усё збіраецца. Вось было б цікава! – разважае Іна і ўспамінае яшчэ адну гісторыю. – У нас у Кавалях (вёска ў Пружанскім раёне. – Рэд.) быў таксама такі выпадак гадоў 10 таму: з Галандыі балёнік прыляцеў. Але тады ў адказ ніхто нічога не адправіў: не ведалі, як і што. Інтэрнэтам тады менш карысталіся.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках