29 сакавiка 2024, Пятніца, 1:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Румас: Беларусь хоча кошт на газ на ўзроўні Смаленска

24
Румас: Беларусь хоча кошт на газ на ўзроўні Смаленска
СЯРГЕЙ РУМАС

Прэм'ер Беларусі апавёў, што ў інтэграцыйных перамовах з РФ засталося 16 няўзгодненых пытанняў.

– Рыхтуючыся да сустрэчы (з кіраўніцтвам РФ, – заўвага), я падлічыў, што ў нас на сёння засталося паводле ўсіх дарожных картаў 16 няўзгодненых пытанняў, – расказаў прэм'ер-міністр Сяргей Румас. – Я для сябе бачу задачу мінімум, каб мы ўнеслі на разгляд кіраўнікоў дзяржаваў 3-4 пытанні, у якіх мы не дамовіліся. Задача максімум – дамовіцца ва ўсіх пытаннях. Беручы да ўвагі, што гэтыя пытанні вельмі важныя, кіраўнікі дзяржаваў усё роўна будуць у іх апускацца. Але было б правільна, каб ўрады ўнеслі на разгляд узгодненыя пытанні. Канчатковую пастанову датычна іх прымуць прэзідэнты.

У прэм'ера ўдакладнілі, ці развязаныя пытанні кошту на газ, перамытнення нафты, «бруднай нафты», паведамляе tut.by.

– Гэтыя пытанні ўваходзяць у кола шаснаццаці. «Брудная нафта» вынесеная за дужкі дарожных картаў, датычна яе праца прадаўжаецца.

У беларускага боку ёсць разлікі сумаў кампенсацый датычна «бруднай нафты», апавёў прэм'ер, аднак называць не стаў, каб «не ўскладняць перамовы».

– Мы спадзяемся, што неўзабаве будзе яснасць у гэтым пытанні.

Што тычыцца кошту на газ, пазіцыя Беларусі – кошт найбліжэйшага ад нас рэгіёну РФ (Смаленскай вобласці) плюс выдаткі на транспартаванне.

– Роўныя ўмовы для суб'ектаў гаспадарання – а ў гэтым мэта інтэграцыі – павінны ўключаць і роўныя кошты на энэрганосьбіты. Пытанне, з якога года будзе гэты кошт, – гэта пытанне перамоваў.

Сяргей Румас таксама пракаментаваў словы амбасадара Беларусі ў Расеі Уладзіміра Сямашкі, які ўспомніў пра ідэю адзінага з РФ парламента і ўрада.

– У тым пакеце дакументаў, які мы абмяркоўваем, палітычных пытанняў няма. Пытанні ёсць толькі эканамічныя. Я не ведаю, можа, у некага ў галовах ёсць гэтыя пытанні – гэта мне невядома – але ў дакументах, якія мы будзем прапаноўваць кіраўнікам дзяржаваў для падпісання, ніякіх наднацыянальных органаў няма.

Нагадаем, цяпер Менск і Масква рыхтуюць «дарожныя карты» ў рэалізацыі дамовы аб стварэнні «саюзнай дзяржавы» ад 8 снежня 1999 года. Сёння ў Сочы адбудзецца сустрэча Сяргея Румаса з прэм'ер-міністрам Расеі Дзмітрыем Мядзведзевым: асноўнай тэмай будучага абмеркавання стане ход працы ва ўзгадненні дарожных картаў у інтэграцыі.

У выходныя адбудзецца сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках