28 студзеня 2020, aўторак, 1:47
Засталося зусім крыху
Рубрыкі

Павел Севярынец: Беларусы мусяць даць свой адказ

22
Павел Севярынец: Беларусы мусяць даць свой адказ
ПАВЕЛ СЕВЯРЫНЕЦ
ФОТА: ARCIOM LIAVA/FACEBOOK

Палітык патлумачыў, чаму заклікаў выйсці на Кастрычніцкую плошчу 7 снежня.

Пра гэта адзін з лідараў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец распавёў сайту Charter97.org.

- Вы заклікалі ў сацыяльных сетках выйсці 7 снежня на Кастрычніцкую плошчу ў Менску. Чаму вы надумалі звярнуцца да людзей?

- Ужо цягам года Расея ажыццяўляе сістэмны ціск на Беларусь з мэтай паглынання нашай краіны - пачынаючы з ціску толькі на Лукашэнку і заканчваючы ціскам на ўсё наша грамадства з дапамогай інфармацыі, эканамічных і міжнародных вагароў.

Гэты ціск накіраваны на тое, каб зрабіць Беларусь часткай Расеі. І ў верасні стала вядома, што падпісваюцца нейкія «дарожныя карты», якія прадугледжваюць уніфікацыю заканадаўства, прывядзенне ў адпаведнасць з расейскімі стандартамі нарматываў нашых міністэрстваў і ведамстваў - гэта значыць, вядзецца поўнафарматная падрыхтоўка да аншлюсу.

Акурат з канца верасня, аб'язджаючы рэгіёны, я прасіў людзей у выпадку падпісання так званых «інтэграцыйных пагадненняў» быць гатовымі ехаць у Менск. Шмат хто - а гэта сотні чалавек прынамсі з тых, каго я ведаю - збіраюцца быць і будуць 7 снежня а 12 гадзіне на Кастрычніцкай плошчы ў Менску (плошчы Каліноўскага).

Думаю, што тут двух меркаванняў быць проста не можа: маўчаць у такой сітуацыі беларусы не мусяць. Некалькі дзён таму амбасадар Беларусі ў Расеі Уладзімір Сямашка заявіў, што Лукашэнка і Пуцін дамовіліся пра агульны «парламент» і агульны ўрад - нейкіх наднацыянальных органаў. Гэта - дырэктыўная здача незалежнасці. Нават калі проста гучаць такія заявы ад адказных чыноўнікаў, беларускі народ павінен даць свой адказ.

І таму 7 снежня а 12.00 у цэнтры Менска на плошчы Каліноўскага будзе акцыя пратэсту.

Задача мінімум на гэтай акцыі - заявіць беларусам і ўсяму свету: «Мы супраць!». Калі будзе маўчанне, калі нічога не адбудзецца, то гэта будзе нагадваць сітуацыю з Нямым сеймам і падзелам Рэчы Паспалітай. Маўчанне - гэта знак згоды. Акупанты заходзяць - і ўвесь свет бачыць, што беларусы проста прыціхлі, адняло мову і гэтак далей.

Для таго, каб не адняло мову, трэба сабрацца ўсім разам на плошчы і заявіць: «Не, мы супраць!». Гэта праграма-мінімум.

- Якая ў такім выпадку праграма-максімум?

- Праграма-максімум будзе бачная, зыходзячы з сітуацыі: наколькі шмат будзе людзей. Калі іх будзе вельмі шмат, на плошчы можна будзе стаяць і да таго часу, пакуль ідуць перамовы - і нават да таго часу, пакуль не пачнецца новая рэальнасць у Беларусі.

Калі плошча будзе поўнай - то будзе ўжо зусім іншая рэальнасць. Я, вядома ж, рэаліст. Я разумею, што цяпер большасць народу спіць. Але цяпер гаворка ідзе не пра «выбары-дурыбары», цяпер гаворка ідзе пра існаванне дзяржавы. Таму я прашу ўсіх, хто можа прыехаць 7 снежня і выйсці, быць на Кастрычніцкай плошчы.

Галоўнае, чаму трэба выйсці - гэта тое, каб Беларусь жыла. Ёсць сілы і ёсць людзі, якія хочуць зрабіць яе часткай Расеі, зрабіць яе нягеглым калгасам, проста безназоўнай тэрыторыяй.

Але вырасла цэлае пакаленне людзей, якія разумеюць, што Беларусь - гэта іх жыццё. Гэта - адзінае месца на Зямлі, дзе мы можам жыць, развівацца, рэалізоўвацца як народ. Абараніць гэтую магчымасць, абараніць гэтую зямлю і свабоду - наш святы абавязак. Таму ўсё трэба ўспрымаць не на ўзроўні інструкцый або правільных слоў, а на ўзроўні душы і сэрца. Гэта проста - як дыхаць. Нас хочуць знішчыць - мы павінны выйсці і супрацьстаяць гэтаму.