25 красавiка 2024, Чацвер, 17:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эканаміст: Калі дарожны збор ўключаць у паліва, вырасце кошт прадуктаў харчавання

22
Эканаміст: Калі дарожны збор ўключаць у паліва, вырасце кошт прадуктаў харчавання

Cітуацыя трохі іншая, чым улады паказваюць беларусам.

Пра гэта onliner.by расказала Кацярына Барнукова - акадэмічная дырэктарка Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC і прафесарка-візітантка Кіеўскай школы эканомікі:

- Тэма ўключэння «дарожнага збору» у кошт паліва зноў усплыла пасля таго, як міністр фінансаў абвясціў прычыны, з якіх такога кшталту рэформа пакуль не адбываецца. Максім Ермаловіч адзначыў, што паводле розных падлікаў набаўка да цаны паліва можа скласці 10 капеек (і нават больш) і гэта, у сваю чаргу, прычыніцца да агульнага росту кошту фактычна ўсіх тавары, у тым ліку і харчовых. Давайце разбярэмся, як гэта можа адбывацца.

Важна разумець існасць усякай рэформы сістэмы аплаты «дарожнага збору»: як ні круці, менш аддаваць дзяржаве беларусы сапраўды не будуць (а некаторыя, магчыма, аддадуць больш). Зменіцца парадак аплаты: на сённяшні дзень ён разавы і адчувальны, але ёсць імавернасць, што яго зробяць інтэграваным у кошт бензіну: рэгулярным і непрыкметным. Увогуле праблема толькі ў тым, наколькі справядліва выглядае такое «падаткаабкладанне». Сёння сітуацыя наступная: ёсць пенсіянеры, якія пяць разоў на год выязджаюць на лецішча, а ёсць людзі, якія карыстаюцца аўтамабілем пяць разоў на дзень, - дзяржаўны збор і тыя і тыя плацяць аднолькавы. Пры гэтым яго аплату дапасавалі да праходжання дзяржаўнага тэхнічнага агляду. Гэта спарадзіла цэлы рух «адмоўнікаў» ад праходжання ТА, і, вядома, гэткая тэндэнцыя нічога добрага дзяржаве не нясе: бюджэт недаатрымлівае грошы, па дарогах ездзяць аўтамабілі без налепак на лабавой шыбе.

Ідэя інтэграваць дарожны збор у кошт паліва здаецца мне лагічнай. Яна эфектыўная і выглядае цалкам справядліва: відавочна, што за карыстанне дарогамі будзе плаціць менавіта той кіроўца, які часцей карыстаецца аўтамабілем, і, мяркуючы з усяго, такая сітуацыя задавальняе абсалютную большасць аўтаўладальнікаў.

Калі з прыватнымі асобамі усё ясна, то з юрыдычнымі могуць узнікнуць пэўныя «пабочныя эфекты». Нагадаю яшчэ раз: міністр фінансаў абвясціў, што літр паліва можа падаражэць на 10 капеек - відавочна, што гэтыя грошы стануць дадатковым артыкулам выдаткаў на лагістыку і ў выніку паўплываюць на кошт большасці прадуктаў. Гэта значыць, праблема, якая з'яўлялася галаўным болем трох мільёнаў аўтаўладальнікаў, стане праблемай ужо кожнага платаздольнага беларуса? Фактычна - так. Але важна разумець, што, па-першае, падаражанне паліва на 10 капеек за літр зусім не кажа пра тое, што на гэтую суму аўтаматычна падаражэе ўсё. У варунках жорсткай канкурэнцыі ў раздробным гандлі, напэўна, размова пойдзе пра рост на 1-3 капейкі, што з'яўляецца не больш чым статыстычнай хібнасцю. З іншага боку, нават пешаходы, што не валодаюць аўтамабілямі, рэгулярна карыстаюцца дарогамі, іх пешаходнай інфраструктурай і г.д. Улічвайце таксама, што дарожны збор ужо быў улічаны ў выдатках вознікаў раней, то бо падатак у новай яго форме не ўпадзе на іх як нейкі зусім новы артыкул выдаткаў.

Думаю, што ў шмат каго ўзнікае яшчэ адно важнае пытанне: ці пацягне падаражэнне бензіну аўтаматычнае павелічэнне датацый на войска, МУС ды іншыя бюджэтныя галіны, якія спажываюць паліва ў велізарнай колькасці? Думаю, што пры жаданні гэтага вельмі лёгка не дапусціць, распрацаваўшы механізм вяртання паводле прынцыпу кампенсацыі ПДВ.

Вядомая рэч, што ўлады да такіх крокаў ставяцца вельмі асцярожна, асабліва пасля сэрыі акцый пратэстаў, звязаных акурат з падаражэннем паліва ў 2011 і 2013 гадах. У нас у краіне невысокі кошт бензіну, і права валодання аўтамабілем успрымаецца як сацыяльная норма. Павышэнне цаны паліва прыводзіць да абурэння як мінімум такога ж, якое можа адбыцца пры падаражэнні хлеба і малака.

І яшчэ. Важна разумець, што мы з вамі абмяркоўваем гіпатэтычную сітуацыю, пры якой, аплачваючы ўсякага кшталту дарожныя падаткі, мы аддаём грошы мэтанакіравана на рамонт гэтых самых дарог. Напраўду сітуацыя крыху іншая: грошы, якія мы аддалі ў якасці аўтамабільнага збору, ідуць у агульную дзяржаўную кішэню, і пасля гэтага іх адтуль пры патрэбе дастаюць на рамонт старых і будаўніцтва новых дарог. У адзін год выходзіць сума вялікая, у другой - меншая, рэальнай празрыстай сітуацыі не відаць. Застаецца спадзявацца, што збор вылічваецца грунтуючыся на нейкім сярэднім арыфметычным. Адсутнасць публічнасці і канкрэтыкі вылічэнняў таксама выклікае ў аўтаўладальнікаў справядлівыя пытанні, адказы на якія ў агляднай будучыні мы з вамі наўрад атрымаем.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках