29 сакавiка 2024, Пятніца, 5:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусу надалі званне Героя Францыі

12
Беларусу надалі званне Героя Францыі

Прэзідэнт Эмануэль Макрон падрабязна апавёў пра ягоныя подзвігі.

2 снежня ў Парыжы прайшла нацыянальная цырымонія развітання з трынаццаццю вайскоўцамі, якія загінулі тыдзень таму ў Малі. Апошнія ўшанаванні загінулым у баявой аперацыі аддалі ў Палацы інвалідаў. Ва ўрачыстай прамове прэзідэнт Эмануэль Макрон падрабязна згадаў пра кожнага з загінулых. Сярод трынаццаці герояў Францыі – выхадзец з Беларусі, старэйшы сяржант Андрэй Жук, які праслужыў 11 гадоў у французскім Замежным легіёне, паведамляе RFI.

Загінулыя – афіцэры, капралы і сяржанты, якія служылі ў 5-м баявым шрубалётным палку, 4-м выведвальным мотапяхотным палку, 93-м горна-артылерыйскім палку, а таксама ў Замежным легіёне.

З прамовы прэзідэнта Эмануэля Макрона 2 снежня: «Старэйшы сяржант Андрэй Жук... Яму было 43 гады. Беларус, адзінаццаць гадоў таму паступіў на службу ў Замежны легіён сапёрам дэсанту, ён прайшоў узорны воінскі шлях да горнастралковага спецназу. Ён некалькі разоў удзельнічаў у аперацыях у рэгіёне Сахеля. 2-і інжынерны полк Замежнага легіёну захавае памяць пра гэтага салдата выключнай адвагі. Памяць пра француза – не з крывi, успадкаванай ад продкаў, а з пралітай ім крыві. Ён быў бацькам чацвярых дзяцей. Ён зрабіў свой выбар – абараняць нашу краіну і нашы каштоўнасці».

У гэтыя дні ўсе французскія СМІ апублікавалі афіцыйныя біяграфіі загінулых у Малі вайскоўцаў. Пра Андрэя Жука ў паведамленні Міністэрства абароны Францыі было сказана, што свой першы кантракт на службу ў французскім Замежным легіёне ён падпісаў 30 студзеня 2008 года. Адмысловае навучанне на базе легіёну ў Кастэльнадары ён закончыў у ліку выдатнікаў баявой падрыхтоўкі. У чэрвені 2008 года паступіў на службу ў 2-і інжынерны полк, раскватараваны ў Сэн-Крыстолі.

Вызначыўшыся валявымі якасцямі і цягавітасцю, у званні легіянера 1-га класу неўзабаве стаў інструктарам. Званне капрала Андрэй Жук атрымаў у лютым 2010 года. Да унтар-афіцэрскага статусу даслужыўся ўжо ў 2011 годзе, а апошняе званне старэйшага сяржанта (sergent-chef) яму было прысвоена 1 студзеня 2018 года.

У 2016 годзе прайшоў жорсткі адбор для службы ў горнастралковых спецыяльных падраздзяленнях. Пасля года спецпадрыхтоўкі Андрэй Жук паступіў на службу ў элітнае падраздзяленне 27-й горнастралковай брыгады.

Як паведаміла Мінабароны, Андрэй Жук удзельнічаў у трох французскіх ваенных аперацыях за мяжой. Са снежня 2010 года да красавіка 2011 года нёс службу ў Афганістане (аперацыя «Памір»). Двойчы ў 2018 годзе быў у шматмесячных камандзіроўках у Малі (аперацыя «барханы»). За гады службы бываў у кароткіх камандзіроўках у Французскай Гвіяне і на французскай ваеннай базе ў Джыбуці.

Андрэй Жук – кавалер бронзавага крыжа «За вайсковую адвагу» (Croix de la Valeur militaire) і некалькіх медалёў.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках