25 красавiка 2024, Чацвер, 7:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дарожны падатак ударыць не толькі па кішэнях кіроўцаў

71
Дарожны падатак ударыць не толькі па кішэнях кіроўцаў

Якіх сюрпрызаў чакаць на запраўках і ў крамах?

Мінфін падрыхтаваў праект указа, які адвяжа дарожны збор ад праходжання тэхагляду. Аднак гэта прывядзе да істотнага падаражання аўтамабільнага паліва, у кошт якога збіраюцца ўключыць падатак. Улады кажуць пра падвышэнне коштаў на мінімум 10 капеек. Ці ўдарыць гэта па кішэнях беларусаў? Як зменяцца кошты на тавары і паслугі, у якія закладзеныя выдаткі на паліва? Ці патрэбны нашай краіне дарожны збор? На ўсе гэтыя пытанні адказвае вядомы прадпрымальнік і блогер Віктар Гарбачоў.

– Па-першае, трэба зразумець, што аўтааматары ў асноўнай сваёй масе ігнаруюць гэты іх дарожны збор. Больш як палова аўтамабілістаў у рэальнасці яго не плаціць. Улады паглядзелі, што лаві іх – не лаві, усіх усё роўна не адловіш. Страты вельмі вялікія для бюджэту.

Улады паглядзелі і іншага выйсця не бачаць, як закласці яго ў кошт бензіну. Хутчэй за ўсё, так і адбудзецца. Напэўна, капеек 10–15 яны ў кошт літра закладуць, абгрунтуюць, што ўсім гэта выгадна, колькі бензіну набываеш – гэта твае праблемы, але падатак ёсць.

Хутчэй за ўсё, гэта яшчэ перад Новым годам будзе ці з новага года ўвядуць гэты падатак. Цяжкавата для нашага насельніцтва будзе. Гэта чарговы выкрут для насельніцтва і чарговы ход з боку ўладаў: заблытаць, закруціць, выцягнуць пэўную суму. Абгрунтуюць першапачаткова тым, што гэта неабходна. Хоць мы выдатна разумеем, што дарожны падатак вынікаў не мае. Мы не бачым якасці, дарогі ў асноўнай сваёй масе пабітыя, паламаныя. Так і будзе далей. Да Драздоў будзе добрая дарога, да ўсіх 19 рэзідэнцый будзе добрая дарога.

– Чаму ўлады не адвязвалі дарожны збор ад тэхагляду раней?

– Па-першае, перад так званымі парламенцкімі выбарамі не хацелі ўсплёску нейкіх эмоцый, нейкіх бунтаў, «Стоп бензін!» і гэтак далей.

Таму яны гэты працэс запаволілі, парламенцкая кампанія скончылася, да прэзідэнцкай яшчэ паўгода ці 9 месяцаў. Вось у гэты перыяд яны павінны зрабіць усё, каб выцягнуць больш сродкаў з насельніцтва. Вось яны зробяць гэта ў студзені, лютым – мы пабурчым, нейкія недзе мітынгі будуць, сустрэчы, бунты, «Стоп бензін!», магчыма.

Cамае галоўнае для іх – павышэнне. А гэта добрая сума, таму што гэта будзе на 10% адразу. Амаль на 10% павышэнне ў маштабах усёй краіны прыбытку за паліва. Так званыя выбары скончыліся – цяпер можна павышаць кошт.

– Кошт на паліва ўключаецца ў сабекошт многіх тавараў і паслуг. Ці істотна гэта адаб'ецца на коштах?

– Адназначна. Гэта магчыма не на наступны дзень, але праз тыдзень, праз два, цягам месяца. Адбудзецца скачок як на прадукты харчавання, так і на транспартнае возніцтва, таксі, любыя маршруткі, любы транспартны рух, лагістыку ўсю.

Усё гэта будзе закладзена ў канчатковы кошт. Кошт на паліва закладзены ў будучую працу пэўнага кола людзей. Будзем лічыць, на колькі падымецца паліва. Калі на 8–10%, то цягам месяца варта чакаць не меншае павышэнне на прадукты і паслугі, звязаныя з тым, дзе гэта паліва ёсць.

– Наколькі істотна павысіўся кошт на паліва ў Беларусі за апошні час?

– За апошнія два гады павысіўся на 28–30%. Кошты еўрапейскія на паліва, а заробак – афрыканскі.

– На Ваш погляд, які павінен быць кошт за літр аўтамабільнага паліва ў Беларусі?

– Трэба кошт узгадняць з сярэднім заробкам у краіне. Таму нармальны кошт паліва быў бы 1,20 – 1,40 рублёў, у гэтых межах. Насельніцтва тады б не наракала б, спраўлялася б. Павышэнне вышэй за 1,50 – 1,70, да 2 – гэта вынікуе масу негатыву. І ўсё пачынаючы ад асабістых сямейных стратаў да прыбытку на працы. Пасля 1,50 рублёў ідзе рэзкае падзенне эканамічнага ўзроўню жыцця насельніцтва.

Таму – 1,20 рублёў, максімум да 1,50 рублёў. З улікам нашых заробкаў – больш ужо нельга павышаць. Калі будзе даляр – гэта не добра, ударыць па бюджэце не толькі сямейным, але ў маштабах краіны. Тады будзе прадаўжацца для нашага насельніцтва сыход у ценевы бізнэс, для таго каб захаваць бюджэт сямейны. Людзі, якія ў першую чаргу займаюцца прадпрымальніцтвам, будуць сыходзіць у цень.

– Ці патрэбен у нашай краіне дарожны падатак?

– Калі браць да ўвагі, што мы транзітная краіна, дзе шмат машынаў на замежных нумарах, то яны маглі б узяць на сябе большую частку выдаткаў. Гэта была б добрая прапанова. Быў бы плюс таму ж Лукашэнку, калі б ён наўпрост і паказаў гэта, што для свайго насельніцтва ў нас няма дарожных збораў, а для замежнікаў – ёсць.

А атрымліваецца, што вялікі адсотак розных расейцаў тут прыязджае, а з нас патрабуюць гэты дарожны падатак. З прыезджых не патрабавалі і не патрабуюць. Гэта значыць ільготнікамі былі замежнікі, а мы былі «зняважаныя і абражаныя». Таму народ усё злейшы і злейшы. І ўсё бліжэй да Плошчы. Нармальная з'ява, павышэнне на капейчыну, на 10 капеек і гэтак далей, і таму падобнае – гэта ўсё бліжэй да Плошчы. Бліжэй да самай сапраўднай, апошняй Плошчы. У гэтым жыцці ў кожнага чалавека яна павінна быць адна. Не шмат іх, не распыляцца. Адна, самая апошняя. І вось улада робіць усё, падвышаючы падаткі, падвышаючы кошты на ЖКГ і гэтак далей, каб у кожнага ў жыцці з'явілася самая апошняя Плошча. Яна будзе. Абавязкова будзе.

Напісаць каментар 71

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках