28 сакавiка 2024, Чацвер, 21:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Заіка: Лукашэнка хай з'язджае ў Расею, а ўрад падае ў адстаўку

57
Леанід Заіка: Лукашэнка хай з'язджае ў Расею, а ўрад падае ў адстаўку
ЛЕАНІД ЗАІКА

Эканаміст падвёў вынікі 2019 года.

Сайт Charter97.org папрасіў кіраўніка аналітычнага цэнтра «Стратэгія», эканаміста Леаніда Заіку падвесці вынікі гэтага года.

– Якім гэты год быў для беларускай эканомікі? Якія самыя важныя працэсы Вы хацелі б назваць?

– Гэты год быў ніякі. Дынаміка склала 1.1%. Краіна стаіць на месцы і злёгку падрыгвае як чалавек, да якога падключылі 220 Вт.

Лукашэнка і ўрад спрабавалі «ашчасціць» беларусаў і павялічылі ім заробак намінальнымі на 14%. Вынік – усё роўна не атрымалася. Грошай далі на 14% больш, а воз прасунуўся наперад усяго толькі на сантыметр. Гэта досыць небяспечная палітыка, эканамічна не мэтазгодная.

Трэці момант: экспарт не атрымаўся, хоць былі магчымасці сёлета за кошт рэструктурызацыі. Дарэчы, у Беларусі пачалі рабіць электрычныя самакаты. Гэта самая «вялікая» пастанова з часоў абрання Лукашэнкі «прэзідэнтам»: нарэшце пачалі нешта рабіць.

Наступны момант: пасля таго, як унутраны рынак пачаў напаўняцца грашовымі знакамі, стаў падаць курс беларускага рубля. Гэта сведчыць, што эканамічныя законы ў Беларусі дзейнічаюць насуперак супрацьдзеянню чыноўнікаў і ўрада. Усё, чым улады ў апошнія гады займаліся – гэта процідзейнічалі рэалізацыі аб'ектыўных законаў. Яны – такія вось лудыты супраць эканамічнай навукі.

Важна: у краіне 27 разоў павышаўся кошт бензіну. Трэба сказаць, што гэта амаль што сусветны рэкорд. Я прапанаваў бы павышаць кошт на шкарпэткі і паперу для прыбіральні. Людзі не заўважаць. І, магчыма, ёсць сэнс павышаць на адну капейку кошты на аўтамабілі, калі вытворцы будуць адначасна працаваць нафтаперавознікамі.

Я адношу гэта да феномену беларускіх парадоксаў. Я назаву яшчэ адзін як вынік года: у лістападзе я паехаў у Калінінград. Дык вось, там бульба ў два разы таннейшая, чым у нашай бульбяной краіне. Як жа трэба было так расстарацца, каб вырабляць бульбу і прадаваць яе ў два разы даражэй, чым у «цытадэлі прускага мілітарызму»!

– Што, на Вашу думку, магло б аздаравіць беларускую эканоміку?

– Каб паскорыць дынаміку развіцця беларускай эканомікі, патрэбны такі план: Лукашэнка з'язджае ў Расею ці Арабскія Эміраты, а ўрад цалкам падае ў адстаўку. Пасля гэтага мы можам сфармаваць прафесійны ўрад. Няма сэнсу ім нешта рэкамендаваць. Хай з'едуць і мы пачнем працаваць.

– Якія ў Вас прагнозы на наступны год? Ці выявяцца тыя праблемы, якія назбірваліся сёлета?

– Налета мы можа сутыкнуцца з наступнымі праблемамі: гэта дэвальвацыя беларускага рубля, павелічэнне інфляцыйных працэсаў, праблема з выплатай знешніх пазык, праблемы тэхнічнага і тэхналагічнага адставання, перакос у бок «маленькіх пытанняў» – такіх, як падаткі на аўтамабілістаў, як сеяць лён і рапс, праблемы правядзення розных нарадаў у дысцыпліне ў сельскай гаспадарцы, разгон чыноўнікаў і карупцыя.

У макраэканамічных пытаннях – гэта дысбаланс паміж вытворчасцю і спажываннем, разрыў дынамікі сектараў, рост матэрыяльных затратаў на вытворчасць беларускай прадукцыі, пераход у якасны стан эканомікі з высокай затратнасцю і нізкай эфектыўнасцю.

Да гэтага ўсяго можна дадаць праблему з сітуацыяй унутраных ашчаджэнняў, павелічэнне дзелі спажывецкіх выдаткаў за кошт ашчаджэнняў насельніцтва.

Як беларусу з гэтым спраўляцца? Уключаць тэлевізар, глядзець і смяяцца. Праца ва ўсіх ёсць, бульба ў два разы даражэйшая. Як людзям жыць? Укладваць грошы ў адукацыю дзяцей.

– Якую ацэнку Вы б паставілі ўраду паводле вынікаў эканамічнага «развіцця» ў 2019 годзе?

– Я паставіў бы ўраду за 2019 год адзнаку -1.

Трэба старацца быць разумнейшымі, глядзець, хто нам локшыну на вушы вешае. Давайце разумнець. Годзе жыць на расейскай нафце і расейскім газе. Давайце пачнем разумець тое, што наш суверэнітэт – гэта нашы веды і нашы мазгі. Давайце не будзем сядзець, глядзець і спадзявацца на Расею.

Напісаць каментар 57

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках