25 красавiка 2024, Чацвер, 19:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзень прыйдзе вельмі хутка

11
Дзень прыйдзе вельмі хутка
ІРЫНА ХАЛІП

Ёсць адна важная снежаньская традыцыя.

Снежань для беларусаў – не толькі чаканне павышэння коштаў з 1 студзеня. Не толькі гатоўнасць да чарговага дзяржаўнага падступства. Не толькі вымушаны адпачынак без утрымання для адных і барацьба за выходны 2 студзеня для іншых. У нас ёсць яшчэ адна снежаньская традыцыя. Мы падпісваем паштоўкі.

Гэтую традыцыю нам прынесла апошняе дзесяцігоддзе. Прычым прынесла разам са смартфонамі, але без усялякіх супярэчнасцяў. З аднаго боку, у нас тэхналогіі і гаджэты, якія ў прынцыпе дазваляюць ужо і на кнопкі не націскаць: разумныя праграмы самі павіншуюць, каго трэба, або, прынамсі, нагадаюць, што час віншаваць. З іншага боку – бесперапынныя рэпрэсіі, калі кожны раз аказваецца, што ёсць сярод сяброў, сваякоў, знаёмых ці проста сімпатычных людзей, з якімі ты не знаёмы асабіста, ёсць тыя, каму бессэнсоўна пасылаць віншавальную «гіфку» ў мэсэнджар: гэтыя людзі ў турме. І не здарылася яшчэ ніводнага Новага года, пачынаючы з таго самага «дзясятага», каб не было каму адправіць паштоўку ў турму або ў калонію.

Я таксама кожны год падпісваю паштоўкі. Памятаю, як адпраўляла віншаванні мужу ў калонію. І яшчэ сотні людзей, з многімі з якіх ён нават не быў знаёмы, слалі яму навагоднія паштоўкі. Не толькі з пажаданнямі выйсці на свабоду, але і з тымі самымі добрымі і важнымі словамі, якія дапамагаюць вязню выжыць. Потым ужо разам з тымі, хто вызваліўся, мы адпраўлялі паштоўкі Міколу Статкевічу і Ігару Аліневічу, Алесю Бяляцкаму і Юрыю Рубцову, потым – Дзмітрыю Паліенку і Іллю Валовіку. І не было ніводнага снежня, каб нары пуставалі. Да 2010 года, зрэшты, іх таксама было зусім мала.

Сёлета я, як звычайна, адпраўляю паштоўку Міхаілу Жамчужнаму ў Горацкую калонію. Сам ён паспеў усіх павіншаваць загадзя – ведаў, што перад Новым годам патрапіць у ШІЗА, адкуль не вельмі напішаш на волю. Так і сталалася. За пяць гадоў зняволення ён вывучыў звычкі сваіх турэмнікаў, як дасведчаны энтамолаг. І цяпер заўсёды ведае, з якога боку чакаць падступства.

А іншую паштоўку я пасылаю вязню з зусім іншай гісторыяй – былы намеснік старшыні менскага гарвыканкама Андрэй Дамарацкі. Таму самаму, якога абвінавачвалі ў карупцыі, асудзілі да 12 гадоў калоніі, а потым скарацілі да сямі гадоў і нават канфіскацыю адмянілі. Дамарацкага абвінавачвалі ў тым, што ён у якасці кіраўніка галоўнай управы спажывецкага рынку штучна завысіў паказнікі і «незаконна збярог грошы», якія сышлі на выплату крэдыту за будаўніцтва гандлёвага цэнтра «Сталіца». Цэнтр гэты належыць гораду, і калі б не грошы, якія пералічыў ГУПР, выплачваь крэдыт давялося б са сродкаў гарадскога бюджэту. Зрэшты, я не хачу цяпер пераказваць справу Дамарацкага. Я пра іншае. Пра тое, што, акрамя палітычных рэпрэсій, у Беларусі квітнее і духмяніць судовае самавольства. І сапраўды гэтак жа праз надуманыя абвінавачванні або нечыя званкі за кратамі апынаюцца чыноўнікі ўсіх рангаў. Яны нават часцей, дарэчы, таму што паказнікі барацьбы з карупцыяй, якія трэба выконваць любымі сродкамі, заўсёды маштабнейшыя, чым паказнікі барацьбы з іншадумствам.

Уласна, толькі гэта нас з чыноўнікамі і аб'ядноўвае: і мы, і яны лёгка становімся ахвярамі палітычнага або судовага самавольства. Проста яны чамусьці катэгарычна не хочуць разумець, што марнуюць жыццё на падтрыманне жыццёвых функцый той самай сістэмы, якая без шкадавання зжарэ і іх саміх у любы момант. Яны восем гадзін на дзень клапоцяцца пра тое, каб сістэме было чым дыхаць і каго з'ядаць. А калі яна перамолвае іх саміх, ніхто гэтага не заўважае – бязмоўных увогуле ніхто ніколі не заўважае. І калі б я не пазнаёмілася з маці Андрэя Дамарацкага, я наўрад ці пра гэта задумалася б. Неяк хутка забываецца, што мы з Наташай Радзінай дзялілі з чыноўніцай шконкі ў СІЗА, а нашы сябры, мужы, паплечнікі – кубрыкі ў калоніях.

А памятаць пра гэта трэба. Як і пра тое, што хутка Новы год і што ёсць тыя, каму цяпер горш, чым нам. У нас яшчэ будзе час разабрацца з кожным незаконным прысудам і з кожным заказным крымінальнай справай. А пакуль нават вільготны золкі Новы год не спраўляецца са сваімі гістарычнымі абавязкамі, і мех з падарункамі развальваецца ад волкасці, – не залянуйцеся, адпраўце навагоднюю паштоўку каму-небудзь з незаконна асуджаных. Іх нашмат больш, чым мы можам сабе ўявіць. Ім будзе лягчэй перажыць гэтую ўяўную бясконцую зімовую ноч. І нам таксама. Яна не палярная – гэта ілюзія. Дзень прыйдзе вельмі хутка.

Ірына Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках