20 красавiка 2024, Субота, 13:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генералы неапазнанай вайны

9
Генералы неапазнанай вайны
УЛАДЗІМІР ХАЛІП

Улада надумала ўсіх нас абараніць. І не адкладаць задуму ў доўгую скрыню.

Не, ніхто войскі не рушыў да святых межаў. Проста ў тэрміновым парадку 19 снежня была скліканая нарада Рады бяспекі з прычыны, якая не церпіць прамаруджвання і недарэчнай цяганіны. Спешка апраўданая і цалкам зразумелая. Ці ёсць увогуле ў дзяржавы задача больш важная, чым абарона ад ворага, падступнага і злога? А таму дзіўна вельмі, што сродкі масавай інфармацыі без належнай увагі паставіліся да гэтай падзеі.

Не заўважылі, не ўзялі да ўвагі. А падзея ж маштабная. Можна сказаць, грандыёзная. І абстаўленая была адпаведна. З багаццем шматзначных паўзаў і ўражлівых жэстаў. У грамадстве яна магла б выклікаць адчуванне непахіснай упэўненасці і спакою. Такое было спадзяванне ўлады. Інакш растлумачыць немагчыма, навошта спатрэбілася ладзіць гэта абавязкова ў мітуслівым снежні, калі ўсё тут проста тоне ў віхуры нястрымнай інтэграцыі.

Час пакажа, наколькі значнай і абгрунтаванай была гэтая нечаканая сустрэча на найвышэйшым узроўні. А цяпер, па свежых слядах, варта было б адзначыць, што не так ужо часта збіраюцца, быццам на трывогу, генералы, гэбісты, міліцыянты і іншыя чыны, каб распачаць нешта адважнае і нават лёсавызначальнае. Тым больш, што трэба было ім прыняць новы «План абароны» і «Канцэпцыю будаўніцтва і развіцця Узброеных Сілаў да 2030 года». Можна хіба што ашаламіцца самаўпэўненасці гэтай улады, якая спадзяецца ў цяперашнім складзе дацягнуць да наступнага дзесяцігоддзя.

Пакуль дазволена было прысутнічаць тэлежурналістам на гэтых суровых вячорках, з паперак зачыталі вельмі важную для ўлады думку пра асаблівую ролю і прызначэнне нашых войскаў.

«Беларуская армія ніколі нікому не пагражала, не пагражае і пагражаць не збіраецца. Яна з'яўляецца інструментам недапушчэння вайны, а ў выпадку агрэсіі павінна быць здольная не толькі яе адбіць, але і нанесці непрымальныя страты праціўніку. Асноўнае прызначэнне Узброеных Сілаў заключаецца ў абароне суверэнітэту, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці краіны».

Надзвычайны пасаж! Асабліва пра абарону суверэнітэту і незалежнасць. Генералы нават заставаліся нейкае імгненне ў стане злёгку індыферэнтным. І ніхто не зразумеў, якое ўражанне на іх зрабіў гэты мабілізоўны абзац. А вось у чытачоў з ліку тых, каго гэтая бравая каманда суздрам абараняе, цалкам маглі паўстаць вельмі прамалінейныя пытанні. З падступным ворагам з далёкага замежжа ўсё і так зразумела. А як быць, калі на суверэнітэт і незалежнасць недвухсэнсоўна паквапіцца так званы саюзнік? Ці застанецца ў сіле «асноўнае прызначэнне»?

Але тут не ўсё так элементарна, а таму паквольная цікаўнасць наўрад ці да месца. Ёсць у генералаў свае таямніцы і прыярытэты. І працэс падрыхтоўкі згаданых вышэй дакументаў далёка не просты. Высвятляецца, старанна і нават скрупулёзна нашы стратэгі вывучалі досвед канфліктаў у Сірыі, Украіне, Балівіі, Венесуэле. Вядома, найбольш скурпулёзным падаткаплатнікам хацелася б ведаць, ці быў пры гэтым узяты да ўвагі яшчэ і досвед міжплемянных канфліктаў у Афрыцы? Ці вывучаныя асаблівасці тактыкі вядомых усім абарыгенаў, што так паспяхова супрацьстаялі раптоўнаму ўварванню нейкіх чужынцаў і нават з’елі з такой нагоды нейкага Кука?

Аднак адказу на падобныя пытанні давядзецца доўга чакаць. Раду бяспекі хвалююць цяпер праблемы іншага парадку. Як сцвярджаюць генералы, вайна ў якасці асноўнай пагрозы на гэтай нарадзе нават не разглядалася. Адзін з удзельнікаў, новаспечаны шэф АДКБ, сказаў потым журналістам, што ў галоўным дакуменце ўвага была адданая перш за ўсё пытанням дэстабілізацыі ў краіне. «Гэта рэальнасць нашай сучаснасці, з якой сутыкнуліся па ўсім свеце: усё пачынаецца з дэстабілізацыі сітуацыі ў краіне, правакавання ўнутранага ўзброенага канфлікту».

Дык вось адкуль гэтая незразумелая прыхільнасць да адпрацоўкі на ўсякага роду манеўрах тактыкі барацьбы з нейкімі таямнічымі групамі немаведама адкуль узніклых тэрарыстаў. Гэта ўсё матэрыялізацыя трывожных сноў і недарэчных фантазій запалоханага спрэс кіраўніцтва. Цалкам магчыма, атавізмы амаль забытай імперыі часоў спрадвечных. Там кожны, ад шэфа жандараў да апошняга дворніка, ведаў, што галоўныя ворагі ягонай вялікасці – «скубенты і сіцылісты». Доўгія стасункі з саюзнікамі, што гэтую імперыю адраджаюць, бясследна не праходзяць.

А таму і генерал, выканаўца абавязкаў кіраўніка Генштаба, заклапочаны тым жа: «Цяпер у большай ступені канфлікты працякаюць зусім па-іншаму. Расхістваецца абстаноўка ў краіне, дзейнічаюць дробныя групы, апазіцыя, выведвальна-дыверсійныя групы». Вось так, быццам бы выпадкова, няўзнак, апазіцыянеры апынуліся ў адным шэрагу з выведнікамі і дыверсантамі. З чаго б раптам?

Ды ўсё тут проста. У гэтыя снежаньскія дні на вуліцы і плошчы выйшлі грамадзяне краіны, якія, у адрозненне ад бравых генералаў, даўно зразумелі, што хаваецца за сціплым тэрмінам «паглыбленне інтэграцыі». Яны ведаюць, што зладзіў асноўны саюзнік гэтай улады ў Грузіі, у Паўднёвай Асеціі, у Крыме, у Данбасе. Яны чытаюць Канстытуцыю, каб нагадаць усім, у тым ліку і генералам, што абарона краіны і яе незалежнасці – святы абавязак кожнага.

Але вось сталася раптам, што менавіта такіх людзей улада ненавідзіць і баіцца. А таму генералы і іншыя стратэгі старанна вывучаюць досвед Венесуэлы і Балівіі. Рыхтуюцца да нейкай невядомай, пакуль што неапазнанай вайны. Ды яшчэ палохаюць абываталя казарменнымі страшылкамі пра злую апазіцыю, якая недзе нешта там у іх «расхіствае».

Аднак з высновамі не варта спяшацца. Рада бяспекі прыняла фундаментальныя дакументы. Цэлы год працавалі над імі. Задуманы быў сапраўды грандыёзны план будаўніцтва Узброеных Сілаў краіны. У сутнасці, застаецца ў выніку толькі адно пытанне – сціплае, недакучлівае: а яны што, пакуль яшчэ так і не пабудаваныя?..

А ў астатнім – карціна ідэальная. Вышэй згаданыя планы пралічаныя аж да 2030 года. Вось так і надумалі ўсе гэтыя клапатуны ў пагонах сядзець на сваіх месцах доўга і ўпарта. А таму галоўны палкаводзец АДКБ і зазначае цалкам адкрыта і бесцырымонна: «Мы будзем планамерна павышаць выдаткі на абарону».

Ды хто б сумняваўся! Грошай жа ў казне – навалам.

Уладзімір Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках