29 сакавiка 2024, Пятніца, 3:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наталля Радзіна: Санкцыі з падазраваных у выкраданнях і забойствах у Беларусі не здымаліся

37
Наталля Радзіна: Санкцыі з падазраваных у выкраданнях і забойствах у Беларусі не здымаліся

Лукашэнка - абсалютная марыянетка Крамля.

Рэакцыя ў Менску на прызнанне былога байца беларускага СОБРу Юрыя Гараўскага аб тым, як праводзіліся палітычныя забойствы апанентаў Лукашэнкі, была цалкам чаканай. Людзі, названыя Гараўскім, абвінавачванні катэгарычна адпрэчваюць. Блізкія да ўлады палітолагі разважаюць пра тое, на чыю млын лье ваду «Нямецкая хваля», якая апублікавала скандальнае інтэрв'ю з Гараўскім перад сустрэчай Лукашэнкі і Пуціна. Націскаючы на версію, быццам такім чынам Масква цісне на беларускага правадыра, не даючы яму павярнуцца тварам да Захаду.

- Я думаю, гэтыя версіі распаўсюджваюць беларускія спецслужбы і іх агенты. Варта пакінуць размовы, што «гэта перашкодзіць сыходу Лукашэнкі на Захад». Куды ён сыходзіць? Які Захад? Дзе вы бачыце, каб ён «сыходзіў»? За апошнія гады яго некалькі разоў запрашалі на сур'ёзныя міжнародныя мерапрыемствы з удзелам прэзідэнтаў краін Еўразвязу, і ён на аніводнае з іх не паехаў, бо баіцца рэакцыі Масквы. Ён - абсалютная марыянетка Масквы, - так пракаментавала ізраільскаму парталу «Дэталі» гэтую спрэчку Наталля Радзіна, галоўная рэдактарка парталу Charter97.org.

Між тым, ужо чатыры разы ў снежні 2019 года беларуская апазіцыя выводзіла сваіх прыхільнікаў на мітынгі. Людзі пратэстуюць супраць стварэння «саюзнай дзяржавы» Расеі і Беларусі, мяркуючы, што гэтая ініцыятыва Крамля канчаткова скончыць з беларускай незалежнасцю. І, відавочна, пратэстныя акцыі будуць нарастаць па меры набліжэння даты прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, якія павінны прайсці ў 2020 годзе.

Выкрыцці «Нямецкай хвалі»

«Нямецкая хваля» ўважаецца за выданне з ярка выяўленай антыкрамлёўскай пазіцыяй. Што таксама не пацвярджае версію пра «маскоўскую змову». Матэрыялы былі апублікаваныя ў двух фарматах: інтэрв'ю з Юрыем Гараўскім, які знаходзіцца цяпер у Еўропе, як пазначана - у «нямецкамоўным рэгіёне Альпаў», пад абаронай мясцовых спецслужбаў і ў чаканні палітычнага прытулку, а таксама дакументальны відэарэпартаж.

Са слоў Гараўскага, на загад зверху разам з таварышамі са службы ён выкраў і забіў экс-міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Захаранку, былога кіраўніка Цэнтрвыбаркама Віктара Ганчара, і бізнэсоўца Анатоля Красоўскага, які падтрымліваў беларускую апазіцыю. Паводле ягоных слоў, аперацыямі ліквідацыі кіраваў камандзір спецатраду хуткага рэагавання (СОБР) Дзмітрый Паўлічэнка. Ён распавёў у падрабязнасцях, як выкралі і застрэлілі з пісталета Захаранку. Паказаў, дзе і як крэмавалі ягонае цела, і дзе потым пахавалі прах. Тое ж, у падрабязнасцях - пра Ганчара і Красоўскага.

У іншай краіне такія падрабязнасці сталі б падставай для сур'ёзнага расследавання, адхілення ад службы ўсіх датычных і іх камандавання, імпічменту... Але не ў Беларусі, дзе Аляксандр Лукашэнка збіраецца ў будучым годзе балатавацца ўжо на сёмы тэрмін кіравання. Можна звярнуць увагу на агульную для многіх палітычных беларускіх каментарыяў рысу: імкнучыся адкінуць словы Гараўскага, яны робяць упор не на прыведзеныя ім фактах, а на прычыны, якія нібыта заахвоцілі цяпер нейкую з іншых сіл (Крэмль ці Захад) ціснуць на Лукашэнку. Мабыць, таму, што факты вядомыя даўно - як мінімум, з 2004 года. Яны прызнаныя Еўропай, і словы Гараўскага цяпер - не адкрыццё, якое патрабуе довадаў, а новы довад паводле ўжо вядомых абвінавачваннях, які можа быць прыняты да разгляду, у тым ліку, і Міжнародным крымінальным судом (калі справа да яго дойдзе).

«Гэта - падстава для Гаажскага суда супраць рэжыму Лукашэнкі».

- На чарговыя выкрыцці наконт «Справы аб зніклых» Менск адказвае так: ці мала, што кажа гэты чалавек, усё гэта яшчэ трэба праверыць. І прада, адкуль нам ведаць, што Гараўскі ўсё гэта не прыдумаў? Чаму мы павінны яму верыць?

- Мы ўжо 20 гадоў займаемся гэтай тэмай. За гэты час выслухалі і сабралі велізарную колькасць сведчанняў пра тое, як адбываліся выкраданні апазіцыянераў у Беларусі. І аповяд гэтага былога байца СОБРу, мяркуючы з усяго, абсалютна праўдзівы, бо супадае велізарная колькасць прозвішчаў, дэталяў і месцаў... - адказвае галоўная рэдактарка парталу Charter97.org Наталля Радзіна. - І сведчанні Юрыя Гараўскага - гэта толькі частка тых звестак, якія ўжо ўсім вядомыя.

Ёсць афіцыйны дакумент - справаздача спэцдакладчыка парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Хрыстаса Пургурыдаса, зробленая ім у 2004 годзе. У ёй гаворыцца пра датычнасць Лукашэнкі і шэрагу яго высокапастаўленых чыноўнікаў да забойстваў лідараў апазіцыі. Гэта - менавіта тое, пра што распавядае Юрый Гараўскі. Хрыстос Пургурыдас тады праводзіў уласнае расследаванне, ён сустракаўся і з былымі супрацоўнікамі спецслужбаў Беларусі, якія праводзілі расследаванне тых знікненняў, і са сваякамі зніклых палітыкаў. У выніку ён прыйшоў да высновы, што беларускія вярхі непасрэдна аддавалі загады забіваць апазіцыянераў. Гэтыя «эскадроны смерці», у якіх удзельнічаў Юры Гараўскі, існавалі ў Беларусі на базе вайсковай часткі №3214, на базе спецыяльнага атрада хуткага рэагавання, якім кіраваў Дзмітрый Паўлічэнка, названы непасрэдным выканаўцам забойстваў.

Паводле выніку гэтага дакладу Еўразвяз увёў санкцыі ў дачыненні да Лукашэнкі і ягонага атачэння. Пад іх трапілі і былыя міністры ўнутраных спраў Юрый Сівакоў і Уладзімір Навумаў, былы генпракурор Віктар Шэйман, былы камандзір СОБРа Дзмітрый Паўлічэнка, і сам Лукашэнка. У дачыненні да гэтай чацвёркі санкцыі Еўразвязу і ЗША па гэты дзень у дзеянні. Санкцыі супраць іншых чыноўнікаў Лукашэнкі за 25 гадоў то ўводзіліся, то здымаліся, у залежнасці ад палітычнай кан'юнктуры. А супраць гэтых захоўваюцца дагэтуль, што паказвае на сур'ёзнасць, на вельмі вялікую вагу таго дакладу.

Больш за тое, раней падаваліся і іншыя довады датычнасці Лукашэнкі да палітычных забойстваў. З гэтымі доказамі выступалі былыя супрацоўнікі МУС і генпракуратуры, якія ўваходзілі ў следчую групу, якая расследуе выкраданні апазіцыянераў у Беларусі. Калі пачаўся шэраг дзіўных смерцяў супрацоўнікаў гэтай следчай групы - а ў той час, у канцы 1990-х - пачатку 2000-х людзі яшчэ спрабавалі ўсур'ёз рабіць сваю працу, а не фальсіфікаваць расследаванне, як гэта звычайна адбываецца ў Беларусі - дык вось, калі пачаўся шэраг дзіўных смерцяў супрацоўнікаў гэтай следчай групы, некаторыя з іх змаглі ўцячы на Захад. І яны таксама давалі сведчанні. Казалі, што байцы СОБРу былі сябрамі гэтых незаконных бандфармаванняў, якія забівалі лідараў апазіцыі і няўгодных рэжыму Лукашэнкі людзей. Называлі і прозвішчы гэтых людзей. Таму тое, што кажа гэты баец у інтэрв'ю «Нямецкай хвалі», заслугоўвае самай сур'ёзнай увагі. Гэта - падстава для Гаажскага суда супраць рэжыму Лукашэнкі.

Той жа Гараўскі кажа, што ў Віктара Ганчара, забітага лідара апазіцыі, быў сур'ёзны кампрамат на Лукашэнку, які адназначна прывёў бы да яго адстаўкі. Я ў гэта веру ўжо хоць бы таму, што Ганчар быў адным з паплечнікаў Лукашэнкі на першых выбарах 1994 года. Ужо праз год, зразумеўшы, што гэта за чалавек, ён сышоў у апазіцыю. Зразумела, што ў яго мог быць нейкі кампрамат на дыктатара.

Так што матэрыялы, апублікаваныя на сайце «Нямецкай хвалі» - гэта вельмі сур'ёзныя довады, а не проста абвінавачванні і пераказ ранейшых сведчанняў. І сёння трэба задаваць ужо іншае пытанне: як такі чалавек можа знаходзіцца ва ўладзе? Як заходнія палітыкі могуць з ім сустракацца?

- Вы думаеце, што ў гэтага новага сведчання будуць наступствы? Якія - зварот у міжнародны суд, стварэнне следчай камісіі, увядзенне новых санкцый?

- Цяпер вельмі шмат што залежыць і ад міжнароднай рэакцыі, і ад саміх беларусаў. Лукашэнка не можа ісці ў наступным годзе на сёмы прэзідэнцкі тэрмін - яго наступны тэрмін павінен быць турэмным. Сёння міжнародная супольнасць павінна патрабаваць адстаўкі Лукашэнкі і незалежнага суда над ім.

Вось ужо 25 гадоў у краіне няма выбараў, вынікі галасаванняў нахабна фальсіфікуюцца і не прызнаюцца міжнароднай супольнасцю, знішчаныя свабоды сходаў і асацыяцый, людзей пераследуюць за ўдзел у мірных акцыях і за сяброўства ў незарэгістраваных арганізацыях. Усе тэлеканалы падкантрольныя дзяржаве, апазіцыя не мае да іх доступу, зачыненыя сотні незалежных газет, блакуюцца незалежныя сайты і заканадаўча ўведзеная магчымасць блакавання сацсеткі. За «абразу» Лукашэнкі і іншых дзяржаўных асоб пераследуюць у крымінальным парадку, усялякая крытыка рэжыму можа быць абвешчаная «экстрэмісцкай» або «пагрозай нацыянальнай бяспецы» - як адбылося, напрыклад, з нашумелым фільмам «Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы».

- Павінна - але ці будзе? Ці ўсё «сыдзе ў пясок»?

- Вельмі спадзяюся, што гэта сведчанне на «Нямецкай хвалі» стане першым крокам на гэтым шляху. Быў ужо ў нас Хрыстос Пургурыдас, дакладчык ПАРЕ, які не пабаяўся і дамогся санкцый, што дапамагло спыніць палітычныя забойствы. Я спадзяюся, што і зараз сярод лідараў Еўропы і ЗША знойдуцца людзі, якія змогуць пачаць працэс для адхіленні крывавага дыктатара ад улады, - сказала Наталля Радзіна.

«Мы правяралі словы Гараўскага з міжнароднымі экспэртамі»

Кантактамі з Менскам у бундэстагу займаецца нямецка-беларуская парламенцкая група. «У інтарэсах сем'яў ахвяр мы вітаем канструктыўнае расследаванне гэтых спраў», - адзначыў намеснік старшыні гэтай групы Олівер Качмарак. Але палітык перасцярог ад паспешлівых высноў да заканчэння расследавання, піша «Нямецкая хваля».

У сваім інтэрв'ю былы баец СОБРу Гараўскі гаворыць і пра «спецпісталет», які захоўваўся ў менскім СІЗА №1 і выкарыстоўваўся для расстрэлаў і пакаранняў смерцю. Былы начальнік менскага СІЗА Алег Алкаеў раней таксама ўцёк у Нямеччыну, дзе распавёў і пра тое, што напярэдадні забойстваў палітычных апанентаў у яго ў турме канфіскоўвалі спецыяльны пісталет, якім выконваліся смяротныя прысуды. Гэты ж пісталет згадваецца ў дакладзе Пургурыдаса: экс-кіраўнік МУС Сівакоў так і не змог адказаць падрабязна на пытанне, чаму ў шэрагу выпадкаў гэты пісталет выносіўся за межы СІЗА. Дзіўная дэталь, якая можа паказваць, што людзей не «проста забілі», а таемна пакаралі смерцю.

Таксама еўрапейскі даследчык звярнуў увагу ў сваім дакладзе, што пракуратура не зверыла сляды, пакінутыя на месцы выкраданняў, з коламі чырвонай BMW Паўлічэнкі. Ягоны даклад змяшчае мноства іншых дэталяў, якія дазваляюць выказаць здагадку, што справу проста «спусцілі на тармазах».

Журналіст «Нямецкай хвалі» Хрысціян Трыпэ, які ўзначальваў здымачную групу, якая працавала над інтэрв'ю з былым байцом СОБРа, у інтэрв'ю парталу tut.by расказаў, што з расейскай службай «Нямецкай хвалі» Гараўскі звязаўся самастойна ў верасні 2019 года.

«Мы правяралі факты. Ядро яго інфармацыі мы запісалі ў выглядзе дасье, якое звяралі з многімі экспэртамі ў Еўропе, добра знаёмымі са справай. Толькі пасля гэтага мы пастанавілі: так, мы раскажам гісторыю Юрыя Гараўскага», - сказаў Трыпэ. Пацвердзіўшы таксама, што Гараўскага не могуць аддаць пад суд за зробленыя ім прызнанні, але ён па сённяшні дзень, нягледзячы на ахову, не адчувае сябе ў бяспецы.

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках