25 красавiка 2024, Чацвер, 5:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Больш, чым музыка»: Лявон Вольскі выступіў у Горадні з найлепшымі песнямі

1
«Больш, чым музыка»: Лявон Вольскі выступіў у Горадні з найлепшымі песнямі

На апошняй песні ў паветра паднялі некалькі бел-чырвона-белых сцягоў.

Электрычны канцэрт гурту Volski ў рамках тура All inclusive адбыўся ў Горадні 30 лістапада. Тур прысвечаны знакавым датам у жыцці праектаў Лявона Вольскага - Мроя, NRM, Zet, Volski. У канцэрце прагучалі найлепшыя песні праектаў, піша сайт hrodna.life.

Нават перад самым пачаткам канцэрта журналісты заспелі невялікую чаргу з наведвальнікаў. Арганізатары кажуць, што Горадня - адзін з самых наведвальных гарадоў у туры. Гэтак жа, як гэта было летась. «Прадалі 350 квіткоў, яшчэ 50 спадзяёмся прадаць перад канцэртам», - кажуць арганізатары.

Канцэрт, дарэчы, пачаўся амаль без спазненняў. Лявон Вольскі выйшаў выступаць у чырвоных кедах і стыльным чорным адзенні. Пачалі выступленне з праекта «Мроя», які з'явіўся 35 гадоў назад. Вольскі адзначыў, што вядомасць гэты гурт здабываў у тым ліку на фестывалях у Горадні.

Наведвальнікі кажуць, што Лявон Вольскі настолькі таленавіты, што кожны праект у яго атрымліваецца: і рок, і лірыка, і жартоўныя песні. Таму кожны слухач можа знайсці ў яго творчасці тое, што яму спадабаецца.

На канцэрт прыйшлі наведвальнікі з Горадні, Менска, Ваўкавыска. Павел і Губерт прыехалі з сябрамі з Беластока.

- У панядзелак наш сябар сказаў, што ў Горадні будзе добры канцэрт. І сёння мы селі ў цягнік да Горадні. Я паглядзеў у інтэрнэце, што гэта добры канцэрт, і мы прыехалі. Раней я чуў толькі адну песню Вольскага, але наш сябар ведае ўсе песні. Гэта добры рокавы канцэрт. Горад прыгожы, другі раз я ў Горадні. Заўтра едзем назад. А сёння плануем пайсці ў горад пагуляць, - кажа Павел.

- Вольскі для мяне - гэта значная частка беларускай музычнай эпохі, гэта станаўленне беларускага року. Вольскі для мяне - гэта больш, чым музыка. Гэта паэт, гэта мастак, вельмі паважаны чалавек. На Вольскага фармаваліся не толькі мае густы, але і густы майго сына. А ён ужо дарослы чалавек, - кажа Сяргей, які слухае музыку з 1987-га года.

Гурт адыграў дзве з паловай гадзіны, але ў зале ніхто, здаецца, не стаміўся танцаваць і скакаць. У канцы на сцэну выйшаў спецыяльны госць з Горадні - Аляксандр Дзянісаў, з якім гурт выканаў легендарныя «Тры чарапахі». А на апошняй песні ў паветра паднялі некалькі бел-чырвона-белых сцягоў.

«Годны канцэрт», - абмяркоўваюць наведвальнікі пасля выступу. «Вольскі - гэта кароль», - кажуць маладыя людзі. А пра ўплыў выканаўцы на беларусаў упэўнена кажуць, што ён пазітыўны.

- Эмацыйны ўздым на паўгода наперад, - кажуць маладыя людзі, выходзячы з «Галактыкі».

ImageGallery Image:4]

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках