20 красавiка 2024, Субота, 17:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пуцін і Сі Цзіньпін увялі ў эксплуатацыю «Сілу Сібіры»

19
Пуцін і Сі Цзіньпін увялі ў эксплуатацыю «Сілу Сібіры»
ФОТА: GETTY IMAGES

Самы дарагі газаправод у гісторыі «Газпрома» будзе пампаваць у Кітай газ коштам, які ніхто не ведае.

Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін і старшыня КНР Сі Цзіньпін у панядзелак, 2 снежня, у рэжыме тэлемоста далі афіцыйны старт пастаўкам расейскага газу ў Кітай па трубаправодзе «Сіла Сібіры», паведамляе finanz.ru.

Самы дарагі газаправод у гісторыі «Газпрома», які каштаваў 55 млрд даляраў і які працягнуўся на 3 тысячы кіламетраў ад Чаяндзінскага радовішча ў Якуціі да кітайскай правінцыі Хэйлунцзянь, быў запушчаны падчас урачыстай цырымоніі, якую ў жывым эфіры трансляваў тэлеканал «Расія-1».

«Цяпер газаправод «Сіла Сібіры» запоўнены газам і знаходзіцца пад ціскам. «Газпром» гатовы да пачатку паставак газу ў Кітайскую Народную Рэспубліку», - адрапартаваў у звароце да Пуціна кіраўнік «Газпрома» Аляксей Мілер з кампрэсарнай станцыі «Атаманскай».

«Паважаны Уладзімір Уладзіміравіч, дазвольце даць каманду на адкрыццё лінейнага крана», - папрасіў прэзідэнта Мілер і, атрымаўшы адабрэнне, распарадзіўся: «Дыспетчар, прашу адкрыць лінейны кран».

Праект «Сіла Сібіры», які абмяркоўваўся з Кітаем з сярэдзіны 2000-х і быў нечакана ўзгоднены вясной 2014 года, калі Расея апынулася пад санкцыямі Захаду, выводзіць стасункі дзвюх краін «на якасна новы ўзровень», заявіў Пуцін.

30-гадовы кантракт на 400 млрд даляраў, у рамках якога ў Кітай плануецца паставіць больш за трыльён кубаметраў расейскага газу, наблізіць дасягненне мэты - давесці ўзаемнае тавараабарачэнне да 200 млрд даляраў на год, падкрэсліў прэзідэнт. Ён дадаў, што «дзякуе супрацоўнікам «Газпрома» і падрадных арганізацый за высокі прафесіяналізм і праведзеную працу».

«Усходняя галінка расейска-кітайскага газаправода - гэта знакавы праект двухбаковага энэргетычнага супрацоўніцтва. Ён з'яўляецца ўзорам глыбокай інтэграцыі і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва нашых краін», - заявіў у сваю чаргу Сі Цзіньпін.

На праектную магутнасць - 38 млрд кубаметраў на год - газаправод выйдзе да 2025 года. У першы год плануюцца пастаўкі ў аб'ёме за 5 млрд кубоў, у 2021-м - 10 млрд, у 2022-м - 15 млрд. Фактычныя продажы, зрэшты, могуць быць меншымі: мінімальная кантрактная колькасць складае 85% ад гэтых гранічных лічбаў, адзначае «Інтэрфакс».

Пакуль да «Сілы Сібіры» падключанае толькі Чаяндзінскае радовішча, а ў эксплуатацыю здадзены адрэзак трубы ад яго да Благавешчанска (блізу 2157 км). Тэхнічна гэта дазваляе «адкрыць вентыль», але першыя паўгода трубаправод будзе дзейнічаць фактычна ў рэжыме пусканаладачных работ, заявіў віцэ-прэм'ер Дзмітрый Козак. Як мінімум, частка гэтага часу спатрэбіцца для таго, каб газам з расейскага боку была запоўненая труба, якая прымае яго на кітайскім баку.

Галоўнай таямніцай праекта, які адкрыў Азію для трубаправоднага газу з Расеі, застаецца кошт. Узровень сакрэтнасці, якой аточаны кітайскі газавы кантракт, супастаўны хіба што з пытаннямі стратэгічных узбраенняў: сапраўдную лічбу і формулу яго разліку на падставе дамовы ведаюць усяго некалькі чалавек у краіне, сказала Reuters крыніца ў газавай галіне.

Лінг Сяа, віцэ-прэзідэнт Petrochina, які адказвае за продаж газу, заявіў у кастрычніку, што пастаўкі сібірскага газу каштавацьмуць «крыху танней», чым імпарт з Туркменістана.

Хутчэй за ўсё формула прывязаная да кошту нафты або кошыка нафтапрадуктаў па аналогіі з доўгатэрміновымі кантрактамі «Газпрома» для Еўропы. Кошт можа быць перагледжаны ў бок зніжэння, бо кошты нафты знізіліся са 100 даляраў за барэль на момант падпісання ўгоды да 60 даляраў цяпер, кажуць крыніцы Reuters.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках