25 красавiка 2024, Чацвер, 8:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лекарка: Беларускім чыноўнікам можа прыляцець непрыемны адказ ад медыцыны

115
Лекарка: Беларускім чыноўнікам можа прыляцець непрыемны адказ ад медыцыны
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Ахова здароўя – люстэрка праблемаў усёй сістэмы.

У беларускай ахове здароўя, нягледзячы на заканчэнне ўладамі паказальных працэсаў над карупцыянерамі, адбываецца ўсё больш скандальных выпадкаў.

27 лістапада насупраць прыёмнага пакоя Гарадзенскага абласнога цэнтра «Псіхіятрыя-наркалогія» быў знойдзены памерлым мужчына, які напярэдадні ўвечары звярнуўся да лекараў цэнтра, але яму было адмоўлена ў дапамозе.

Літаральна за пару дзён да гэтага СМІ паведамлялі пра скандальны выпадак у кардыялагічным аддзяленні 1-й гарадской лякарні ў Віцебску. Пажылая пацыентка ўпала з ложка: той перакуліўся, бо быў зламаны і проста звязаны знізу анучай.

Як заяўляюць у сваё апраўданне супрацоўнікі лякарні: «Што рабіць, калі ў нас не такія ложкі, як паказваюць у тэлевізары?»

Санітарны стан лякарняў у рэгіёнах таксама пакідае жадаць лепшага: у той жа Віцебскай 1-й клінічнай лякарні, як адзначаюць СМІ, «прусакі ходзяць зграямі».

У чым прычына таго, што рэальны стан у айчыннай медыцыне адрозніваецца ад той карцінкі, якую мы бачым у тэлевізары?

На пытанні Charter97.org адказвае прафесійная лекарка, актывістка грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Алена Церашкова.

– На месцах у Беларусі ўсё адрозніваецца ад таго, што паказваюць у тэлевізары. Менавіта таму ў нас падчас так званых выбараў не ўсіх кандыдатаў пускаюць на тэлевізію.

Мы жывем у краіне сацыяльнай хлусні і нічога дзіўнага, бо пры дыктатуры заўсёды адбываецца менавіта так.

Калі казаць пра канкрэтны выпадак у Гародні, то я вам шчыра скажу, тут з боку прэсы трохі перабольшана. Чаму? Таму што мужчыну знайшлі каля псіхіятрычнага цэнтра, дзе ў прынцыпе не могуць правесці адпаведнае абследаванне пацыентаў, скажам так, няпрофільных.

Вядома, лепш было б, калі б чалавек застаўся жывы, але можна зразумець і медыкаў, якія проста не да канца валодаюць усім спектрам дыягнастычнага абсталявання. Ды і ў нас ярка выяўленая вузкая спецыялізацыя.

Што датычыць ложкаў у лякарнях, з якіх падаюць пацыенты – вядома, гэта ўжо за межамі дабра і зла, таму што ствараецца адчуванне, што наша сістэма аховы здароўя падтрымліваецца толькі для ўласнага існавання, а не для дапамогі пацыенту.

На жаль, у нас спачатку пафарбуюць траву, потым яшчэ раз пафарбуюць траву, а ўжо потым дадуць грошы на абсталяванне і тое, што трэба людзям. Бо паспяховасць лякарняў вызначаюць менавіта паводле гэтых паказнікаў. Такая ж сітуацыя і ў школах. Паўсюль адно і тое.

Калі звонку ўсё прыгожа – значыць адміністрацыя лякарні ўважаецца паспяховай, а што там робіцца ўнутры – чыноўнікі ад медыцыны часам ведаюць, а часам і не ведаюць. Бо дрэнным хваліцца ніхто не будзе.

Перыядычна лякарні сутыкаюцца з тым, што аддзяленні перагружаныя і тады ў ход ідуць усе тыя ложкі, якія маглі быць спісаныя. І мы знаходзімся ў цісках. З аднаго боку – можна хлам выкінуць, каб ніхто не пацярпеў, з другога боку – тады хоць да сябе на канапу ў кабінеце размяшчаць хворых. Таму што даводзяцца планы і ў шпіталізацыі, і ў ложказвароце. І пацыенты ў лякарні прыходзяць не заўсёды ў адэкватным стане Сустракаюцца і агрэсіўныя людзі, і неадэкватныя, якія не шкадуюць мэблі, з якой маюць кантакт. І ўсё гэта адно за адным прыводзіць да такіх выпадкаў.

Таму нічога добрага ў гэтым няма. Але медыцына не можа змяніць сама сябе. Медыцына – гэта частка сістэмы, і змены наступяць тады, калі зменіцца нешта ў краіне.

– Як адбіваецца адток спецыялістаў на якасці беларускай медыцыны?

– Недахоп кадраў уплывае на якасць, але не вызваляе нас ад колькасных паказнікаў. Калі б не было планавых паказнікаў, то медыцынская дапамога стала б менш даступная.

Магчыма, вырасла б яе якасць. Але ва ўмовах, калі людзі атрымліваюць нізкія заробкі, гэты шлях неапраўданы. Калі мы хочам захаваць нацыю, то мы павінны пра яе клапаціцца.

У нас цяпер лекары затыкаюць сабой усе дзіркі і амбразуры. Некаторыя працуюць і на дзве стаўкі. Таму што на самае тэрміновае, на самае неабходнае, людзей проста не хапае.

А у абавязкі лекараў уваходзіць і санітарна-асветная праца, прафілактыка хваробаў. Павінна быць нармальная праграма ў прафілактыцы хваробаў сярод насельніцтва, а то мы так і будзем хадзіць па замкнёным коле.

Дадайце да гэтага павышэнне пенсійнага ўзросту і атрымаеце тэндэнцыю да скарачэння нацыі. Гэта значыць – да вымірання. Таму на месцы ўладаў варта задумацца, чаму людзі меншаюць і што рабіць, каб яны заставаліся. Але я баюся, што адзіная ідэя, якая прыйдзе нашай уладзе ў галаву – гэта забараніць медсупрацоўнікам выезд.

– Ці не баяцца ўлады, што крызіс у медыцыне ўдарыць і па якасці лячэння, якое яны атрымліваюць?

– Я мяркую, што гэта ўсвядомяць толькі тыя з іх, якія непасрэдна сутыкаюцца з сур'ёзнымі праблемамі са здароўем. Але так, непрыемны адказ ім прыляцець можа.

Пакуль іх праблемы не выходзяць за рамкі штодзённых праблемаў, звязаных з узростам, стрэсам, то яны проста пра гэта не думаюць.

Задумаюцца нашы чыноўнікі пра гэта тады, калі высвятляецца, што ў іх анкалагічная хвароба, а хутчэй за ўсё, нават не ў іх, а ў іх сваякоў. Гэта значыць, спатрэбіцца нейкая спецыялізаваная дапамога, якую раней было каму зрабіць.

Вось тады, сутыкнуўшыся непасрэдна з гэтым і правёўшы няўдалыя пошукі магчымасцяў унутры краіны, яны зразумеюць, што ў Беларусі такога ўзроўню медыцыны няма.

Добра, калі людзі могуць сабе знайсці дапамогу ў іншым месцы. Дрэнна, што людзі не разумеюць, што не ўсе могуць гэта зрабіць.

У нас цудоўная Канстытуцыя, дзе дэкларавана шмат слушных рэчаў, да прыкладу – сацыяльная абарона. Але чамусьці ў нас ёсць людзі, якія сябе ўважаюць вышэйшымі за Канстытуцыю. А калі Канстытуцыя не працуе на нашай тэрыторыі, яны знаходзяць сабе іншую тэрыторыю. Вось у чым праблема.

– Ці патрэбныя Беларусі перамены ў сферы аховы здароўя?

– Гэтыя перамены патрэбныя нават не заўтра, а ўчора, як бы банальна гэта ні гучала. Кожны дзень прамаруджання адгукнецца ў некалькі разоў большым перыядам, які давядзецца даганяць. Як кажа Мая Плісецкая пра сваю прафесію, пра балет: «Калі ты дзень не трэніраваўся, то наступны дзень патрэбны толькі, каб абнавіць учарашнюю форму».

Тое самае робіцца і ў медыцыне, адзін раз набытая хвароба адгукаецца чалавеку вельмі доўга. Дапамагчы людзям захаваць сваё здароўе можна толькі калі медыцына арыентаваная на пацыента масавага, а не на элітарнасць. Пакуль мы лечым толькі тых, хто ў стане гэта сабе забяспечыць сам, мы страчваем нацыю.

Напісаць каментар 115

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках