Мікола Статкевіч: Адхіліць здрадніка ад улады!
33- 16.12.2019, 11:28
- 61,220
Трэба вызначыць і нейтралізаваць галоўную крыніцу небяспекі.
Пра гэта ў «Фэйсбуку» напісаў адзін з лідараў Беларускага нацыянальнага кангрэсу, старшыня партыі «Народная Грамада» Мікола Статкевіч.
«Беларусі пагражае анэксія. Каб выратаваць краіну, трэба вызначыць і нейтралізаваць галоўную крыніцу небяспекі», – піша палітык.
«Нагадаю, што 20 гадоў таму Лукашэнка сам навязаў Маскве дамову аб "саюзнай дзяржаве", якая рэальна ўяўляе з сябе план паглынання нашай краіны Расеяй. Цягам двух дзесяцігоддзяў пад гэты план Крэмль супершчодрым фінансаваннем забяспечваў уладу дыктатара над беларускім народам. Перыядычна атрымліваючы ў якасці папярэдняй аплаты часткі суверэнітэту нашай дзяржавы.
Год таму расейскі прэм'ер заявіў, што час нарэшце закончыць "аб'яднанне". Інакш фінансаванне беларускай дыктатуры будзе паступова скарочанае цягам 5 гадоў», – нагадвае Мікола Статкевіч.
Адзін з лідараў Беларускага нацыянальнага кангрэсу дадае: «Цяпер гандаль краінай у самым разгары. Рана ці позна дзяржаўная здрада, калі яе не спыніць, закончыцца здачай Беларусі. Бо праз паранаідальны страх рэформаў у кіраўніка застаюцца толькі два варыянты: здача краіны або поўны крах яе сістэмы.
Калі краіна прадаецца, то галоўны вораг не той, хто набывае, а здраднік ва ўладзе, які яе прадае. Каб выратаваць сваю краіну, мы павінны адхіліць дзяржаўнага здрадніка ад улады».