28 сакавiка 2024, Чацвер, 11:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як беларус узначаліў Гаваі

Як беларус узначаліў Гаваі
МІКАЛАЙ СУДЗІЛОЎСКІ

169 гадоў таму нарадзіўся навуковец, лекар, рэвалюцыянер Мікалай Судзілоўскі.

Яму належыць аўтарства ўнікальных медыцынскіх трактатаў. Ён быў хірургам, лекарам, публіцыстам, рэвалюцыянерам, прыродазнаўцам, піша aif.by. Адкрыў шэраг выспаў цэнтральнай часткі Ціхага акіяна, пакінуў каштоўныя геаграфічныя апісанні Гаваяў і Філіпінаў. Быў сябрам Амэрыканскага таварыства генетыкаў, некалькіх навуковых таварыстваў Японіі і Кітая. Займаўся генетыкай, этнаграфіяй, энтамалогіяй, хіміяй, біялогіяй, аграноміяй. "Найноўшы Філасофскі слоўнік" называе яго першым і апошнім энцыклапедыстам. Расказваем пра Мікалая Судзілоўскага.

Бунтар

Ён нарадзіўся 15 снежня 1850 года ў сям'і сакратара Магілёўскай палаты цывільнага і крымінальнага суда Канстанціна Судзілоўскага. Агулам у сям'і Судзілоўскіх было восем дзяцей. Быўшы старэйшым з іх, Мікалай дапамагаў і маці ў гаспадарцы, і бацьку ў ягонай працы. Знаёмства з прафесіяй бацькі падштурхнула маладзёна па заканчэнні на выдатна Магілёўскай гімназіі ў 1868 годзе паступіць на юрыдычны факультэт Пецярбуржскага ўніверсітэта.

Увосень 1868 года ў Пецярбургу праходзілі студэнцкія хваляванні, выкліканыя выданнем правіла, якое ставіла студэнтаў пад узмоцнены кантроль начальства і паліцыі. Разам з выпускнікамі ўніверсітэта, тэхналагічнага інстытута і медычна-хірургічнай акадэміі першакурснік Мікалай Судзілоўскі арганізаваў сходы і ўдзельнічаў у хваляваннях. Пасля чаго быў вымушаны перавесціся на медыцынскі факультэт Кіеўскага універсітэта, бо працягваць навучанне ў іншых ВНУ ўдзельнікам хваляванняў было забаронена.

У Кіеве Мікалай стаў адным з арганізатараў "кіеўскай грамады" — "Кіеўскай камуны") - сацыялістычнай студэнцкай арганізацыі. Уладкаваўшыся фельчарам у турэмны шпіталь у Мікалаеўску, Судзілоўскі спрабаваў арганізаваць уцёкі зняволеных. Калі ягоны план быў выкрыты, ён уцёк за мяжу.

Нікалас Русэль

У Лондане Мікалай працаваў у шпіталі святога Георгія, сустракаўся з Карлам Марксам. Затым скончыў універсітэт у Бухарэсце. У 1876 годзе пад псеўданімам Нікалас Русэль браў удзел у красавіцкім паўстанні супраць асманскага валадарства ў Балгарыі. З тых часоў Мікалай Судзілоўскі пакінуў сабе прозвішча Русэль. Супрацоўнічаў з вядомым балгарскім рэвалюцыянерам Хрыстам Боцевым. Ад большасці рэвалюцыянераў Русэля адрознівала тое, што ён меў прафесію і сам зарабляў на жыццё. У 1877 годзе ў Бухарэсце ён абараніў дысертацыю "аб антысэптычным метадзе, які ўжываецца ў хірургіі", затым узначаліў сталічны шпіталь.

Пэўны час Судзілоўскі жыў у Грэцыі, у 1887 годзе з'ехаў у Сан-Францыска. Усталяваў кантакты з расейскімі палітычнымі эмігрантамі, якія жылі на пачатку 1890-х гадоў у ЗША. У Сан-Францыска ён аднавіў стасункі са сваім старым паплечнікам Ягорам Лазаравым. Пры ўдзеле Лазара Гальдэнбэрга, яшчэ аднаго расейскага рэвалюцыянера з Нью Ёрка, яны актыўна абмяркоўвалі ідэю арганізацыі рэгулярных уцёкаў палітычных вязняў з Сібіру ў Паўночную Амэрыку. Русэлю, які ўжо меў у 1891 годзе амэрыканскі пашпарт, адводзілася важная роля пасярэдніка паміж расейскімі і амэрыканскімі ўдзельнікамі аперацыі. Аднак ажыццявіць гэтую ідэю так і не выпала.

Уладальнік плантацыі

У 1892 годзе Русэль пераехаў на Гавайскія выспы. Быў уладальнікам кававай плантацыі, займаўся таксама медычнай практыкай. Тутэйшае насельніцтва, канакі, называлі яго Каўка Лукіні (што азначае «рускі доктар»). Ён вучыў тубыльцаў рэвалюцыйнай барацьбе, арганізаваў партыю гавайскага самакіравання (гамрулераў), закліканую змагацца за інтарэсы карэнных жыхароў. На гэтай пасадзе ён спрабаваў праводзіць радыкальныя дэмакратычныя рэформы.

У 1900 годзе прэзідэнт ЗША Уільям МакКінлі падпісаў «Акт аб наданні ўрада тэрыторыі Гаваям» (таксама вядомы як «гавайскі арганічны акт»), у адпаведнасці з якім ствараліся інстытут губернатара тэрыторыі, прызначанага дзейным прэзідэнтам ЗША, двупалатны заканадаўчы орган тэрыторыі, які складаўся з абіраных палаты прадстаўнікоў і сэнату, Вярхоўны суд.

ЗША далі тутэйшым жыхарам выбар паміж Рэспубліканскай і Дэмакратычнай партыямі. Аднак у перадвыбарчую барацьбу ўключылася і трэцяя партыя, створаная Судзілоўскім.

У 1900 годзе пры падтрымцы карэннага насельніцтва Мікалай Судзілоўскі і шэраг ягоных прыхільнікаў прайшлі ў сэнат Гавайскіх выспаў, а ў 1901 годзе Мікалай Судзілоўскі-Русэль быў абраны першым прэзідэнтам сэнату Гавайскіх выспаў. На гэтай пасадзе ён спрабаваў праводзіць радыкальныя рэформы для падтрымкі тутэйшага насельніцтва, але ў 1902 годзе пасля здрады сваіх прыхільнікаў быў вымушаны пакінуць пасаду.

Аб асабістым

Судзілоўскі меў тры шлюбы. Апошні раз, пасля смерці расейскай жонкі Леакадзіі Шабекі, ён ажаніўся з японкай. Меў ён і дзяцей: дачок Веру і Марыю, пасынкаў Дзіка і Гары (дзеці памерлага пацыента Русэля, усыноўленыя ім на Філіпінах), сына Ясуміцу Ахару і дачку Флору (ад трэцяй жонкі).

Апошнія гады жыцця Мікалай Судзілоўскі правёў на Філіпінах і ў Кітаі, дзе сустракаўся з доктарам Сунем Ятсэнам. Памёр ён на чужыне ў 1930 годзе.

Ягоны сын Ясуміцу Ахара пісаў: "Бацька памёр 30 красавіка 1930 года ў 80 гадоў. Яго асыпалі мноствам кветак... ведаючы, што ён не верыў ні ў воднага бога, мы не ладзілі ніякіх рэлігійных цырымоній, і ягонае цела было адпраўлена ў японскі крэматорый. Я захоўваў скрыню з прахам да 30 красавіка 1946 года. Мая сям'я і я былі рэпатрыяваныя ў Японію ў канцы красавіка 1946-га. Па дарозе ў Нагасакі мы заехалі на выспу Амакузу, месца майго нараджэння, і пахавалі попел бацькі ў сямейнай пахавальні Ахараў".

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках