28 сакавiка 2024, Чацвер, 18:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пратэстоўцы ў Берасці: Нам зычылі, каб мы ўсё ж дамагліся свайго

1
Пратэстоўцы ў Берасці: Нам зычылі, каб мы ўсё ж дамагліся свайго
ФОТА: B-G.BY

Як праходзіла нядзельная акцыя супраць завода АКБ.

На плошчы Леніна ў Берасці, на якой нават у выходны дзень ішла падрыхтоўка да святаў, 15 снежня зноў прайшло традыцыйнае кармленне галубоў – як пратэст супраць пабудаванага за тры кіламетры ад горада акумулятарнага завода. На гэты раз удзельнічалі ў ім больш за 100 чалавек. Было таксама і традыцыйнае шэсце па горадзе, паведамляе «Брэсцкая газета».

У аўторак 10 снежня ў Менску адбылося падвядзенне вынікаў прэміі і ўзнагароджанне пераможцаў штогадовай нацыянальнай прэміі беларускіх праваабаронцаў за дасягненні ў галіне правоў чалавека. Кампанія супраць будаўніцтва пад Берасцем акумулятарнага завода АКБ стала найлепшай праваабарончай ініцыятывай 2019 года. Летась берасцейскія актывісты таксама намінаваліся на гэтую прэмію, але тады саступілі ініцыятыве «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання».

«Дзікае захапленне ад таго, што нас убачылі, што нас заўважылі, што нас ацанілі. Мы былі ў жоўтых кепках, жоўтых майках, на нас усе глядзелі і ўсміхаліся. Калі мы толькі ўвайшлі, усе адразу: “О, гэта Брэст”. Да ўзнагароды належыць грашовая прэмія – яна пойдзе на грамадскую экалагічную экспертызу. Гэта дасягненне ўсіх берасцейцаў, усяго нашага горада. Мы атрымлівалі прэмію як прадстаўнікі ад усяго грамадскага руху супраць завода. На ўручэнні нам зычылі, каб мы ўсё ж дабіліся свайго і каб завод быў зачынены», – апавяла на плошчы актывістка Ніна Бандарэвіч, якая была ў Менску.

ФОТА: B-G.BY

А 12 снежня ў сталіцы ў Вярхоўным судзе адбыўся разгляд апеляцыйнай скаргі заснавальнікаў Берасцейскага абласнога экалагічнага праваабарончага грамадскага аб'яднання «ЭкоБрест» на адмову галоўнай управы юстыцыі Берасцейскага аблвыканкама зарэгістраваць аб'яднанне.

«Нас зноў абвінавацілі ў тым, што мы ўвогуле і не хацелі ствараць гэта грамадскае аб'яднанне, нібыта не ішлі на кантакт. На самай справе гэта не так. Мы маем намер стварыць гэтае аб'яднанне. Галоўная перашкода – яны не прызнаюць наша права абараняць людзей, якія не з'яўляюцца чальцамі нашага аб'яднання. Усё астатняе носіць стылістычны характар і папраўна. Я думаю, у найбліжэйшы час мы абновім гэтыя дакументы, пераробім іх у адпаведнасці з гэтымі заўвагамі. Назва застаецца ранейшай. Таксама мы пакідаем за сабой права звярнуцца ў Камітэт ААН у правах чалавека. Я думаю, што Камітэт павінен разгледзець, наколькі правамоцна ўлады такім спосабам абмежавалі нашу свабоду аб'ядноўвацца», – апавёў праваабаронца Раман Кісляк.

ФОТА: B-G.BY

Асноўнай мэтай дзейнасці ГА «ЭкоБрест» з'яўляецца дапамога, падтрымка і шырокі ўдзел грамадскасці ў развязанні экалагічных праблемаў, абарона правоў і свабодаў чалавека, зафіксаваных у Канстытуцыі Беларусі і міжнародных дамовах.

ФОТА: B-G.BY
Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках