24 красавiка 2024, Серада, 14:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Больш за сто праціўнікаў акумулятарнага завода выйшлі на плошчу ў цэнтры Берасця

2
Больш за сто праціўнікаў акумулятарнага завода выйшлі на плошчу ў цэнтры Берасця

Пасля сустрэчы на плошчы берасцейцы прайшлі маршам па горадзе.

Блізу поўдня 15 снежня на плошчы Леніна ў Берасці чарговы раз сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. Такія сустрэчы праходзяць тут кожную нядзелю з 25 лютага 2018 года, паведамляюць naviny.by.

Паводле звестак праваабаронцы Рамана Кісляка, у 12.40 на плошчы было больш за 100 чалавек. Міліцыя праз мегафон папярэджвала сабраных пра адказнасць за правядзенне несанкцыянаванай акцыі.

Тыя, што прыйшлі на плошчу, абмеркавалі пастанову Вярхоўнага суда ад 12 снежня, які адмовіўся задаволіць апеляцыйную скаргу заснавальнікаў берасцейскага абласнога экалагічнага праваабарончага грамадскага аб'яднання «ЭкоБрест». Вярхоўны суд пакінуў у сіле пастанову Берасцейскага абласнога суда ад 25 верасня, які не задаволіў скаргу заснавальнікаў на адмову ў рэгістрацыі аб'яднання. Заснавальнікі «ЭкоБреста» прасілі Вярхоўны суд скасаваць пастанову абласнога суда і абавязаць галоўную ўправу юстыцыі Берасцейскага аблвыканкама зарэгістраваць грамадскае аб'яднанне.

Як паведамлялася, устаноўчы сход «ЭкоБреста» адбыўся 26 траўня. Заснавальнікамі арганізацыі выступілі 12 жыхароў Берасця і Берасцейскага раёна. Галоўная мэта – шырокі ўдзел грамадскасці ў развязання экалагічных праблемаў, абарона правоў і свабодаў чалавека, зафіксаваных у Канстытуцыі Беларусі і яе міжнародных дамовах. 26 чэрвеня ў галоўную ўправу юстыцыі Берасцейскага аблвыканкама былі пададзеныя дакументы на рэгістрацыю арганізацыі. 26 ліпеня была атрыманая адмова ў дзяржрэгістрацыі.

Людзі, якія сабраліся сёння на плошчы назвалі пастанову Вярхоўнага суда прадказальнай. Берасцеец Дзмітрый Андрасюк мяркуе, што ўлады баяцца аб'яднання людзей у любым фармаце. Той факт, што ўлады баяцца любой арганізаванай актыўнасці людзей, пацвярджае не толькі гэта пастанова Вярхоўнага суда, але і пастанова мясцовых уладаў у студзені гэтага года, дадала жыхарка Берасцейскага раёна Ірына Сіліцкая. Тады ўлады адмовілі ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў правядзенні мясцовага рэферэндуму супраць будаўніцтва акумулятарнага завода.

Сёння сабраныя на плошчы таксама абмеркавалі суды на гэтым тыдні над двума спаборнікамі акумулятарнага завода: Андрэем Сліжом і Аляксандрам Марачэўскім. Іх судзілі за ўдзел у перадвыбарчым агітацыйным пікеце кандыдаткі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў актывісткі кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Паліны Шaрэнды-Панасюк, які адбыўся 25 кастрычніка на вуліцы Савецкай у Берасці. Адным з пунктаў перадвыбарнай праграмы Шaрэнды-Панасюк было закрыццё акумулятарнага завода.

Пасля сустрэчы на плошчы, якая доўжылася прыкладна да 12.40, праціўнікі будаўніцтва завода прайшлі па цэнтральных вуліцах Берасця – Пушкінскай і Савецкай да кінатэатра «Беларусь».

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках