28 сакавiка 2024, Чацвер, 12:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Геній з калыскі Вялікага Княства Літоўскага

2
Геній з калыскі Вялікага Княства Літоўскага

Ён нарадзіўся Каляднай ноччу ў фальварку пад Наваградкам.

Паэт Адам Міцкевіч — у сузор’і самых славутых нашых суайчыннікаў. Ягоная радзіма — Наваградчына, адзін з найпрыгажэйшых куткоў Беларусі. Гэты край мае багатае мінулае. Тут стваралася Вялікае Княства Літоўскае, адбываліся іншыя значныя гістарычныя падзеі.

Даўніна і непаўторная прырода наваградскай зямлі ўсё жыццё заставаліся ў памяці Адама, натхняючы яго на геніяльныя творы.Міцкевіч пісаў па-польску, але з дзяцінства выдатна ведаў і высока цаніў беларускую мову. Уся ягоная творчасць дыхае легендамі і паданнямі, звычаямі і абрадамі беларусаў-ліцьвінаў. «Радзіма Літва! Як здароўе, так ты, дарагая», — так пачаў Адам Міцкевіч сваю паэму «Пан Тадэвуш».

«Наваградчына, край мой дарагі»

Адам з’явіўся на свет у беларускай шляхецкай сям’і роду Рымвідаў-Міцкевічаў Каляднай ноччу 1798 года. Гэта здарылася ў фальварку Завоссе Наваградскага павета. Захавалася паданне, што павітуха, якая прымала роды, моцна верыла ў прыкметы і адрэзала немаўляці пупавіну на кнізе. Гэта «абяцала» хлопчыку вялікі розум і вучонасць.

І сапраўды, у чатыры гады Адась умеў чытаць, а затым стаў адным з найлепшых вучняў Наваградскай школы манахаў-дамініканцаў. Там вучыўся і вядомы паэт Ян Чачот. Хлопцы пасябравалі ды імкнуліся як мага болей часу бавіць разам. Яны часта блукалі па замчышчы з рэшткамі магутных вежаў, што некалі вытрымалі шмат варожых штурмаў. Адась і Янка ведалі, што ў Наваградку каранавалі князя Міндоўга, а ў Фарным касцёле вялікі князь і кароль Ягайла вянчаўся з Соф’яй Гальшанскай. Дарэчы, у гэтым самым касцёле маленькага Адама хрысцілі. Дзеі мінуўшчыны хвалявалі сэрцы падлеткаў, нараджалі ў іхніх рамантычных душах першыя сюжэты і вобразы.

Адася захаплялі і маляўнічыя наваградскія ваколіцы з узвышшамі, адкуль у ясны дзень відаць Налібоцкая пушча з хуткімі рачулкамі і таямнічымі азёрамі. Яго на ўсё жыццё зачаравала казачна чыстае круглае люстэрка возера Свіцязь.

Гушчар лесу пахне чаборам

і мёдам,

Жывіцы настоем смалістым.

Там возера Свіцязь, як шыбіна лёду,

Ляжыць паміж дрэваў цяністых…

(Пераклад Антона Бялевіча)

Некалі на дно возера, каб не здацца ворагам, нібыта апусціўся цэлы горад. Гэтае паданне легла ў аснову Міцкевічавай балады «Свіцязь».

«Мэты святыя — шчасце для ўсіх»

Закончыўшы дамініканскую школу, Адам, як і Ян Чачот, паступіў у Віленскі ўніверсітэт. Юнакі былі ў шэрагах стваральнікаў і кіраўнікоў патрыятычных таварыстваў філаматаў і філарэтаў. У адным з вершаў той пары Міцкевіч заклікаў:

Разам, сябры маладыя!..

У шчасці для ўсіх —

нашы мэты святыя.

Розумам дужыя, ў цвеце і сіле,

Разам, сябры маладыя!..

(Пераклад Анатоля Вялюгіна і Сяргея Дзяргая)

Талент Міцкевіча хутка ўвабраўся ў сілу. Ягоныя вершы перапісвалі студэнты і гімназісты, іх чыталі ў дамах віленскіх месцічаў і на сходах таемных суполак.

Закончыўшы ўніверсітэт, Адам працаваў настаўнікам у Коўні. У 1822 і 1823-м пабачылі свет дзве яго кнігі. Туды ўвайшлі балады, рамансы, паэма «Гражына» і дзве часткі паэмы «Дзяды». На гэты твор маладога песняра натхніў беларускі абрад памінання продкаў.

У гады настаўніцтва Адам часта гасцяваў недалёка ад Наваградка ў маёнтку Туганавічы. Там ён закахаўся ў зямлячку-прыгажуню Марылю Верашчаку. Дзяўчына не хацела хаваць, што і яна кахае Адама. Аднак Марыля была заручоная і не пайшла супроць волі маці. Лёс назаўжды разлучыў закаханых, ды яны ніколі не забывалі адно аднаго. Марылі Верашчака паэт прысвячаў самыя пяшчотныя вершы, а потым падараваў на імяніны цудоўную баладу «Свіцязянка»:

Што там за хлопец

з абліччам прыветным

Поруч са стройнай дзяўчынай

Крочыць павольна

пад месяцам светлым

Берагам Свіцязі сіняй

(Пераклад Аляксея Зарыцкага)

Першыя ж кнігі Адама Міцкевіча прынеслі яму славу найлепшага паэта на землях былой Рэчы Паспалітай.

Турма і высылка

Многія сябры Міцкевіча — філаматы і філарэты — у 1823 годзе апынуліся ў мурах Віленскага базылянскага манастыра Святой Тройцы, пераробленага каланізатарамі ў турму. Адам сваімі вершамі мацаваў дух таварышаў па няшчасці.

Увосень 1824-га паэт, паводле прысуду, мусіў развітацца з Бацькаўшчынай. Міцкевіч жыў у Пецярбурзе, Адэсе, Маскве. Ён пазнаёміўся з дзекабрыстамі, з расейскімі літаратарамі Аляксандрам Пушкіным, Яўгенам Баратынскім, Пятром Вяземскім. Пясняр з Літвы-Беларусі меў апекуноў і абаронцаў, што высока цанілі ягоны талент. Вершы Адама перакладалі і друкавалі, у яго было шмат прыхільнікаў і прыхільніц.

У высылцы Міцкевіч стварыў напоўненую тугой па роднай зямлі лірычную нізку «Санеты». Яны лічацца шэдэўрам сусветнай літаратуры. Тады ж нарадзілася прысвечаная змаганню старадаўніх ліцьвінаў з крыжацкай навалаю паэма «Конрад Валенрод». У ёй хлопчыка-ліцьвіна Альфа крыжакі бяруць у палон і выхоўваюць, як немца. Але, вонкава скарыўшыся, юны палоннік ненавідзіць Тэўтонскі ордэн. Ягоным настаўнікам робіцца палонны пясняр-ліцьвін, што захоўвае вернасць роднаму краю. У бітве тэўтонцаў з ліцьвінамі Альф пераходзіць на бок суайчыннікаў і дапамагае ім перамагчы. Князь Кейстут за мужнасць і адвагу дабраслаўляе Альфа на шлюб са сваёй дачкой Альдонай. Каб канчаткова знішчыць Тэўтонскі ордэн, Альф пад імем Конрада Валенрода ўступае туды і перамагае ў выбарах на пасаду вялікага магістра…

Такія творы не маглі падабацца ўладам. Адаму перадалі: рыхтуецца загад, што забароніць яму выехаць за мяжу. Не чакаючы гэтага, Міцкевіч назаўсёды пакінуў імперыю.

Рым, Лазана, Парыж

Еўрапейскія шляхі Адама Міцкевіча прайшлі праз Італію, Швейцарыю, Нямеччыну, Францыю… Паўсюль яго ўжо ведалі як выдатнага паэта і дзеяча вызвольнага руху. Ён быў прафесарам універсітэта ў швейцарскім горадзе Лазане. У славутай парыжскай навучальні Калеж дэ Франс для Адама Міцкевіча адмыслова стварылі катэдру славянскіх літаратур і прызначылі яго загадчыкам. На лекцыі Міцкевіча разам з студэнтамі прыходзілі французскія навукоўцы і літаратары.

З сваёй прафесарскай катэдры сын наваградскай зямлі не раз распавядаў слухачам пра культуру роднай Літвы-Беларусі. Не абмінуў ён увагаю і беларускую мову. У адной з лекцый 1842 года Міцкевіч казаў: «На беларускай мове размаўляе блізу 10 мільёнаў чалавек. Гэтая гаворка найбагацейшая і найчысцейшая. Яна вельмі гарманічная і найменш з усіх славянскіх моваў змененая». Паэт нагадаў і пра тое, што «ў пару незалежнасці Літвы вялікія князі карысталіся беларускай мовай у дыпламатычным ліставанні», па-беларуску быў напісаны і выдадзены Статут Вялікага Княства Літоўскага.

У Парыжы Міцкевіч ажаніўся з Цалінай Шыманоўскай. У іх нарадзілася шасцёра дзяцей: дочкі Марыя ды Хелена і сыны Уладзіслаў, Юзаф, Аляксандр і Ян. Калі Цаліна цяжка захварэла, Адам сямнаццаць гадоў даглядаў яе.

Былы філамат захоўваў вернасць вальналюбным перакананням маладосці. Калі ў 1848 годзе Еўропу ахапілі рэвалюцыйныя падзеі, Міцкевіч накіраваўся ў Італію і стварыў з суайчыннікаў легіён, які змагаўся за вызваленне гэтай краіны. Вярнуўшыся ў Парыж, Міцкевіч быў рэдактарам перадавой газеты «Трыбуна народаў» . У сваіх артыкулах ён заклікаў еўрапейцаў яднацца ў руху да свабоды.

«Пан Тадэвуш»

Самы знакаміты твор генія — напісаная ў Парыжы паэма «Пан Тадэвуш». Яе называюць энцыклапедыяй жыцця беларускай шляхты пачатку ХІХ стагоддзя. У паэме, што налічвае каля дзесяці тысяч радкоў, яскрава, з гумарам і нязбытным сумам па радзіме паказаныя побыт, звычаі і норавы герояў з усімі іх станоўчымі якасцямі і заганамі. Міцкевіч бліскуча малюе сцэны паляванняў і святочных бяседаў, гарачых спрэчак і боек. Перад чытачом разгортваецца сапраўдная панарама тагачаснага жыцця, маляўнічыя краявіды Наваградчыны і запаведных налібоцкіх лясоў.

Дзеянне ў паэме адбываецца цягам пяці дзён у 1811 годзе і аднаго дня ў 1812-м. Гэта час, калі нашыя прадзеды чакалі ад французскага імператара Напалеона і яго Вялікай арміі вызвалення ад расейскага прыгнёту.

Галоўныя героі шэдэўра Адама Міцкевіча — закаханыя адно ў аднаго юнак Тадэвуш і дзяўчына Зося. Яны паходзяць з шляхецкіх родаў Сапліцаў і Гарэшкаў, што супернічаюць перад сабой. Пан Тадэвуш невыпадкова мае тое самае імя, што і Касцюшка. Ён разумее: дзеля свабоды Айчыны шляхце трэба забыцца на сваркі ды звадкі і разам змагацца з агульным ворагам.

Тадэвуш марыць пра аднаўленне Рэчы Паспалітай і разам з тысячамі патрыётаў-ліцьвінаў далучаецца да напалеонаўскіх войскаў. Ён, як і сам паэт, верыць, што адроджаная краіна будзе мець дэмакратычны дзяржаўны лад. Набліжаючы той час, пан Тадэвуш вызваляе ад прыгону сваіх сялянаў.

Пры канцы паэмы Міцкевіч прадказвае будучыню роднага краю:

Тады з дубовымі вянкамі славы,

Пакінуўшы мячы, абсядуць лавы

Героі нашы слухаць спеў цікавы!

Калі зайздросціць будзе свет іх долі,

Час будуць мець пачуць пра дні няволі

Бацькоў сваіх і лёсы іх уцяміць,

І твару іх тады сляза не спляміць.

(Пераклад Пятро Бітэля)

Халера ў Канстанцінопалі

У 1855 годзе Адам Міцкевіч выправіўся ў Турцыю. У сталіцу Асманскай імерыі яго прывялі зусім не літаратурныя клопаты. Ішла расейска-турэцкая (Крымская) вайна. Хаўрусніцамі туркаў былі Францыя і Вялікабрытанія. Міцкевіч пачаў фармаваць з землякоў легіён для дапамогі французам і брытанцам. Ён з натхненнем пісаў пра высокі баявы дух суайчыннікаў і спадзяваўся, што яны будуць ваяваць і за адраджэнне Рэчы Паспалітай.

Тады ў Канстанцінопаль (Стамбул) прыйшла эпідэмія халеры. Лічыцца, што Адам захварэў і не здолеў перамагчы хваробу. Аднак ніхто з трох дактароў, якія аглядалі Міцкевіча, не выявілі ў яго прыкметаў халеры. Таму шмат хто з біёграфаў паэта мяркуе, што ён быў атручаны. Першым чынам зацікаўленыя ў гэтым былі ўлады Расеі.

У апошнія хвіліны Адам Міцкевіч папрасіў перадаць сваім дзецям, каб любілі і падтрымлівалі адно аднаго.

Цела Міцкевіча перавезлі ў Францыю і пахавалі на парыжскіх могілках. Праз некалькі дзесяцігоддзяў прах знайшоў вечны спачын у саборы святых Станіслава і Вацлава на ўзгорку Вавель у Кракаве.

На паклон да творцы

Помнікі Адаму Міцкевічу ўсталяваныя ў Менску, Вільні, Варшаве, у Кракаве і Пазнані, у Парыжы, Львове і Адэсе, у балгарскім Бургасе… У дзясятках гарадоў Еўропы — ад Рыму да беларускіх Ашмянаў — ёсць вуліцы імя песняра. Віленскі ўніверсітэт мае двор імя Адама Міцкевіча. Памятнымі дошкамі адзначаныя ў Вільні дамы, дзе жыў і ствараў выдатны сын беларускай зямлі. У адным з іх — на Бернардзінскай вуліцы — створаны музей Міцкевіча. Тут у трох невялікіх пакоях ён жыў у 1822 годзе: завяршаў паэму «Гражына» і часта сустракаўся з сябрам-філаматамі. У экспазіцыі музея — рукапісы вершаў і першыя кнігі геніяльнага Адама, ягоныя стол і крэсла.

Але, каб найглыбей зразумець творцу, трэба ўбачыць яго радзіму. Калі вы выправіцеся ў родныя мясціны Міцкевіча, абавязкова наведайце сядзібу ў Завоссі, дзе Адам нарадзіўся, а затым — дом-музей у Наваградку, дзе прамінула ягонае дзяцінства. У музеі захоўваюцца дакументы, фамільныя партрэты і кнігі пра род Міцкевічаў, асабістыя рэчы Адама. Асабліва кранае настольны гадзіннік, што паказваў час творцу ў ягоным віленскім студэнцкім пакоі. Недалёка ад дома-музея — помнік песняру і дваццацімятровы курган Міцкевіча, насыпаны землякамі ў 1920-я гады.

У вандроўку на малую ра¬дзіму Міцкевіча не забудзьцеся ўзяць кнігу яго вершаў. Яны будуць па-новаму гучаць і на Замкавай гары, і ў Туганавіцкім парку, дзе Адам сустракаўся з каханай Марыляй Верашчака, і на беразе возера Свіцязь…

Уладзiмiр Арлоў, «Новы Час»

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках