29 сакавiка 2024, Пятніца, 2:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Станіславу Шушкевічу - 85!

68
Станіславу Шушкевічу - 85!

Віншуем з юбілеем першага кіраўніка незалежнай Беларусі.

Пры актыўным удзеле Станіслава Шушкевіча было скончана з «імперыяй зла», Беларусь стала самастойнай дзяржавай са сваімі войскам, валютай і нацыянальнымі сімваламі.

У гады дыктатуры Станіслаў Шушкевіч стаў у жорсткую апазіцыю да Лукашэнкі. Сёння гэта адзін з самых сумленных і прынцыповых палітыкаў краіны.

Раней у інтэрв'ю Charter97.org юбіляр распавёў пра самае важнае ў сваім жыцці.

Мне ўсё растлумачыў Караль Вайтыла

- Больш за ўсё на маё жыццё паўплывала дзяцінства. Перадваенны час сталінскіх рэпрэсій, потым нямецкая акупацыя. Я рос савецкім чалавекам, хоць майго бацьку саслалі ў Сібір. Маці ў сілу зразумелых прычын ніколі не акцэнтавала на гэтым увагі. Мне вельмі шанцавала на добрых настаўнікаў, разумных аднакласнікаў і суседзяў - усе яны былі людзі прыстойныя, простыя і справядлівыя. І яшчэ ў мяне была бабуля - вялікі філосаф, якая не маючы ніякай адукацыі, дала мне самыя мудрыя парады. Напрыклад, яна казала: дрэннае ў любым чалавеку знайсці вельмі лёгка, а ты заўсёды шукай добрае, а калі знойдзеш - радуйся.

З БАЦЬКАМ

Потым я паступова стаў разумець, што такое савецкі лад. Канчатковае прасвятленне наступіла ў 1974 годзе, калі я па абмене працаваў у Ягелонскім універсітэце ў Кракаве, чытаў курс ядзернай электронікі. Аднойчы я апынуўся на вуліцы ў рэлігійнае свята Дзень божага цела і праслухаў чатыры пропаведзі Караля Вайтылы. Гэты чалавек мне ўсё растлумачыў. Я нават спалохаўся: раптам яго зараз схопяць і арыштуюць, бо ён казаў абсалютна антысавецкія рэчы. Прыехаўшы ў Менск, я асцерагаўся адкрыта выказваць свой пункт гледжання, але словы Вайтылы, яго смеласць мяне захапіла. Праз 4 гады я даведаўся, што ён стаў Папам Рымскім.

Пайсці ў палітыку мяне прымусіў выпадак, жарт сяброў. Я катэгарычна не хацеў займацца ніякай палітычнай працай. Я быў фізікам, загадчыкам кафедры ва ўніверсітэце і мяне гэта задавальняла. А вакол шумела «перабудова», праводзілі розныя выбары... І вось ужо ўсіх народных дэпутатаў СССР выбралі, а ў нас у акрузе выбары не адбыліся. Тады мае сябры сабраліся і заявілі: «Заўтра ў нас сход, дай абяцанне, што не здымеш сваю кандыдатуру. Няма чаго, каб усялякія лезлі наверх». Я ім паабяцаў. Партыйныя босы былі ў шоку, яны чакалі, што я традыцыйна адмоўлюся ад удзелу ў выбарах. Раней мяне выключна хвалілі, а тут пачалі ганіць і клясці. Але выбары я выйграў, і так пачалася мая палітычная кар'ера.

НА КАМЧАТЦЫ

САМАЕ ВАЖНАЕ МАЁ ДАСЯГНЕННЕ - БЕЛАВЕЖСКІЯ ПАГАДНЕННІ

- Больш за ўсё мяне радуе, што яшчэ ў бытнасць народным дэпутатам змог дапамагчы нявінна асуджаным людзям. Я пісаў звароты ў Генеральную пракуратуру СССР і, уявіце сабе, па большасці з іх было прынятае станоўчае рашэнне.

Уважаю, што падпісаныя мной Белавежскія пагадненні - найважнейшы акт. Савецкі саюз спыніў існаванне, Расея прызнала незалежнасць Беларусі.

ВІСКУЛІ 1991 ГОД

Што тычыцца вываду ядзернай зброі, то тут адбілася мая фізічная адукацыя. Я выразна ўсведамляў, што Беларусь знаходзіцца на першым месцы ў свеце па колькасці ядзернага ўзбраення, якое прыпадае на аднаго чалавека і на адзінку плошчы. Мы былі самай ядзернай дзяржавай у свеце і пры гэтым закладніцай Расеі. Заўважце, уся зброя была на паверхні. Калі б пачынаўся які-небудзь канфлікт, то зброю, якая нясе пагрозу для ўсёй Еўропы, трэба было неадкладна знішчаць. Верагоднасць таго, што ядзерны ўдар будзе нанесены па нашай краіне, была вельмі вялікая, а гэта б прывяло б да гібелі ўсёй беларускай нацыі.

Сваім асабістым поспехам я таксама ўважаю тое, што ніколі не ішоў у слугаванне да тых, хто дзейнічаў ганебна. Да гэтага я ніколі не апускаўся. У свой час праз нежаданне дагаджаць прэзідэнту Акадэміі Навук БССР Мікалаю Барысевічу не стаў абараняць доктарскую дысертацыю ў Беларусі. Абараняўся ў Маскве, ва Усерасейскім навукова-даследчым інстытуце оптыка-фізічных вымярэнняў. Там была вельмі моцная рада, тры лаўрэаты Нобелеўскай прэміі, вядомыя савецкія навукоўцы і даследчыкі. Доктарскую абараніў і ўважаю гэта сваім дасягненнем.

МАЕ КУМІРЫ - БЕРНАРДА ШОЎ, АНТОН ЧЭХАЎ І УІНСТАН ЧЭРЧЫЛЬ

- Спачатку пра куміраў. Больш за ўсіх у жыцці мяне радавалі і захаплялі Бернард Шоў і Уінстан Чэрчыль, бо афарызмы аднаго і, агулам, афарызмы другога мне вельмі падабаліся. Я не люблю чытаць доўгія кнігі, таму маім любімым пісьменнікам з'яўляецца Антон Чэхаў. Заўсёды яго перачытваю і атрымліваю задавальненне.

Ёсць яшчэ шмат дзеячаў, у тым ліку палітычных, якія мне падабаліся - прэзідэнт ЗША Джордж Буш-старэйшы, прэзідэнт Фінляндыі Маўна Койвіста, прэзідэнт Францыі Шарль дэ Голь. Яны вельмі шмат зрабілі для сваіх краін.

Я чалавек Барыса Ельцына. Паважаў яго і шаную памяць пра яго. Барыс мне быў вельмі сімпатычны з аднае простай прычыны. Ён не быў крывадушным, быў сапраўдным дэмакратам і змагаром за правы чалавека. Так, Ельцын памыляўся з тымі ж чачэнскімі войнамі, але прызнаваў гэтыя памылкі і наогул, у параўнанні з савецкімі палітыкамі, быў вельмі інтэлігентным чалавекам.

З ЛЕАНІДАМ КРАЎЧУКОМ І БАРЫСАМ ЕЛЬЦЫНЫМ, ВІСКУЛІ 1991 ГОД

ЛУКАШЭНКА - ЧАЛАВЕК НЕДАЛЁКАГА РОЗУМУ І ВЯЛІКАЙ ХІТРАСЦІ

- Мяне вельмі расчараваў Вячаслаў Кебіч. Мы з ім маглі б вельмі многае зрабіць для Беларусі. Але гэта быў узор крывадушнасці - казаў адно, а рабіў іншае. І трэба сказаць, ён даволі спрытна ўбіўся да мяне ў давер.

Пасля спробы схаваць аварыю ў Чарнобылі, я моцна расчараваўся ў Міхаіле Гарбачове. Спачатку я яго абагаўляў, але калі ў траўні 1986 года ён выступіў па тэлевізіі і сказаў, што ўсё нармальна, я яго страшна неўзлюбіў. Хоць Гарбачову можна паставіць помнік пры жыцці за тое, што дазволіў аб'яднацца Нямеччыне.

Аляксандр Лукашэнка, дарэчы, мяне не расчараваў. Я ніколі не лічыў яго прыстойным і інтэлігентным чалавекам. Так нахабна хлусіць, быць чалавекам такога нізкага ўзроўню культуры, каб прыпісваць Быкаву вершы, разважаць пра тое, што радыеактыўныя адкіды дазваляюць стварыць у Беларусі атамную бомбу - найвялікшая непісьменнасць. Рукі ў яго ў крыві. Расстраляць мірных паветраплавальнікаў, неадкладна прывесці ў выкананне пастанову аб смяротнай кары, калі няма ўпэўненасці, так запалохаць беларусаў... Гэта чалавек недалёкага розуму, прымітыўнага мыслення, але вельмі вялікай хітрасці. І вельмі добра прыстасоўваецца да сябе падобных у Беларусі і Расеі.

КАЛІСЬЦІ МНЕ НЕ ХАПІЛА АДВАГІ БЫЦЬ ДЫСІДЭНТАМ

- Сумленне - гэта самы галоўны прынцып.

Самае дрэннае, што я рабіў у жыцці - гэта не пратэставаў супраць таго, што было відавочна подлым з боку савецкай улады. Самае дрэннае, што я рабіў - маўчаў. Прызнаю, што ў мяне не хапіла смеласці быць дысідэнтам. Не змог рабіць так, як Сяргей Кавалёў і Валерыя Навадворская.

Я імкнуўся працаваць сумленна. Ніколі не парушаў закон і нікога не заклікаў абыходзіць закон, як гэта ў нас цяпер робіцца паўсядзённа і штогадзінна, уключаючы ўсе так званыя лукашэнкаўскія «выбары» і «рэферэндумы». У мяне не было цягі атрымліваць асалоду ад асабістай улады і ўмацоўваць яе, таму што хацелася працаваць не на сябе, а на краіну.

Я вельмі адмоўна стаўлюся да праявы подласці, ілжывасці і глупства. Гэта, па-мойму, павінна быць ўласціва любому нармальнаму чалавеку.

ВІЗІТ БІЛА КЛІНТАНА Ў БЕЛАРУСЬ, 1994 ГОД

ШЧАСЛІВЫ, КАЛІ МЕНЯ ПРАВІЛЬНА РАЗУМЕЦЬ

- Шчаслівы, калі мяне правільна разумеюць, калі няма падазрэнняў, што я кажу адно, а раблю іншае. Але я заўважыў, што гэтыя падазрэнні - асабліва ў палітычнай дзейнасці - часам штучныя, таму я шчаслівы чалавек.

Шчаслівы, што змог камусьці дапамагчы. Памятаю, іду па вуліцы ўжо пасля складання паўнамоцтваў старшыні Вярхоўнага Савета, а мне на шыю кідаецца жанчына і кажа: «Дзякуй, вы мяне выручылі, я выжыла, таму што вы далі мне кватэру». А я ніколі нікому кватэру не мог даць. Я нават намеснiка не мог зацвердзіць без вышэйшай інстанцыі. Высвятляецца, я пісаў рэзалюцыі старшыні Менгарвыканкама з просьбай разабрацца і прыняць рашэнне адносна заяў, якія падаваліся на маё імя ў велізарных колькасцях. «Прашу разабрацца» - гэта была самая жорсткая мая рэзалюцыя. Я спадзяваўся на свядомасць чыноўнікаў, а аказваецца гэтыя людзі ўспрымалі ўсё, як прамую каманду.

Вельмі ганаруся сваёй кафедрай ядзернай фізікі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, таму што ў нас панаваў прынцып навуковасці. На навуковых семінарах аднолькава высока цаніліся і прафесар, і студэнт. У мяне была свая методыка прыёму экзаменаў: я асаблiва не тыраніў і не мучыў тых, хто рэальна займаўся. Гэтую методыку я асвоіў ў Польшчы. Многія студэнты да гэтага ўдзячныя, кожны год мяне запрашаюць на юбілейныя выпускі.

ПАРАДЫ УНУКАМ

- Рабіце так, каб і вашы дзеці, і вашы ўнукі вамі ганарыліся. Ці хаця б так, каб ім не было за вас сорамна. Я і сыну, і дачцэ, і ўнучцы раю адно: «Вы заўсёды павінны выразна і ясна растлумачыць, чаму вы так зрабілі».

ХАЧУ ЎБАЧЫЦЬ БЕЛАРУСЬ СВАБОДНАЙ ЕЎРАПЕЙСКАЙ КРАІНАЙ

- Усе свае дні нараджэння я заўсёды сустракаў з сям'ёй. Адзіны мой юбілей па-за домам зладзілі мае выдатныя сябры Алег Бябенін, Андрэй Саннікаў, Зміцер Бандарэнка, Наталля Радзіна, калі ў мяне было 75-годдзе.

Буду вельмі рады, калі вашы пажаданні пра 100 гадоў спраўдзяцца. Хачу ўбачыць Беларусь свабоднай еўрапейскай краінай.

З ЛЕГЕНДАРНЫМ ЛІДАРАМ «САЛІДАРНАСЦІ», ЭКС-ПРЭЗІДЭНТАМ ПОЛЬШЧЫ ЛЕХАМ ВАЛЕНСАМ
Напісаць каментар 68

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках