20 красавiка 2024, Субота, 16:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У паліцыі Украіны апавялі, як выйшлі на падазраваных у забойстве Шарамета

17
У паліцыі Украіны апавялі, як выйшлі на падазраваных у забойстве Шарамета

Следства звярнула ўвагу на два выпадкі.

У рамках расследавання забойства журналіста Паўла Шарамета следства вывучыла 35 выбухаў па ўсёй тэрыторыі Украіны і звярнула ўвагу на два выпадкі – падрыў ЛЭП 21 лістапада 2015 года ў Херсонскай вобласці і няўдалы замах на бізнэсмэна ў Івана-Франкоўскай вобласці, апавёў намеснік кіраўніка Нацыянальнай паліцыі Яўген Коваль, паведамляе gordonua.com.

Паводле ягоных словаў, гэта, а таксама спецыфічны прынт на вопратцы аднаго з магчымых падрыўнікоў ЛЭП на адмінмяжы з Крымам, чалавека з мянушкай Нацык, дазволілі выйсці на падазраваных у забойстве Шарамета.

"Следства вызначыла, што [Нацык] – гэта грамадзянін [музыка і добраахвотнік Андрэй] Антоненка, які жыве ў цэнтры Кіева, непадалёк ад месца, дзе забілі Шарамета. У Антоненкі двое сяброў – Юлія Кузьменка і мужчына К. пад псеўданімам Электрык. Яны неаднаразова сустракаліся, у тым ліку і на фоне дапамогі вайскоўцам", – сказаў ён.

Коваль адзначыў, што ў іх былі агульныя сябры, а грамадзянін К. жыць разам з Кузьменкай і меў навыкі аператыўнай працы.

Паводле звестак паліцыі, Антоненка і Кузьменка закладвалі выбуховае прыстасаванне пад аўтамабіль, у якім загінуў Шарамет.

Паліцыянт апавёў, што другое злачынства, на якое звярнулі ўвагу аператыўнікі, – замах на бізнэсмэна Міхаіла Чакурака ў Косаве Івана-Франкоўскай вобласці.

"Згодна з вынікамі экспертызаў, падчас замаху выкарыстоўвалі выбуховае прыстасаванне, амаль ідэнтычнае таму, на якім падарваўся і Павел Шарамет... малекулярнай экспертызай было вызначана, што на выбухоўцы засталіся сляды ДНК сямейнай пары – Уладзіслава і Іны Грышчанкі", – дадаў ён.

Следства выявіла, што зламыснікаў прывозіў у Косаў грамадзянін В. з пазыўным Пісталет. Па аўтамабіль, на якім муж і жонка Грышчанкі ездзілі ў Косаў, прыязджаў грамадзянін К. (Электрык).

Коваль не назваў імя грамадзяніна В., але паведаміў, што ў кастрычніку 2019-га мужчыну знайшлі мёртвым з агнястрэльнай ранай праз дзень пасля атрымання позвы на допыт у справе Шарамета як сведкі. Пры такіх самых абставінах памёр ветэран АТА Іван Вакуленка, пісаў INSIDER.

Яшчэ адна фігурантка – Яна Дугар – фатаграфавала размяшчэнне відэакамераў вакол месца злачынства за пяць і два дні да забойства Шарамета, паведаміў Коваль.

Шарамет загінуў 20 ліпеня 2016 года ў Кіеве ў выніку падрыву машыны, якая належала сузаснавальніцы выдання "Украінская праўда", грамадзянскай жонцы журналіста Алене Прытуле. Пракуратура кваліфікавала інцыдэнт як наўмыснае забойства, здзейсненае спосабам, небяспечным для жыцця многіх людзей.

Следства разглядала чатыры версіі матываў забойства Шарамета: прафесійную дзейнасць, асабістыя непрыязныя адносіны, дэстабілізацыю сітуацыі ва Украіне, забойства праз памылку (замест Прытулы). У лютым 2017 года прыярытэтнай версіяй праваахоўнікаў была журналісцкая дзейнасць Шарамета. Цяпер асноўнай версіяй забойства паліцыя мяркуе дэстабілізацыю сітуацыі ва Украіне. Генеральны пракурор Руслан Рабашапка падкрэсліў, што следства яшчэ не знайшло заказчыкаў забойства.

Учора міністр унутраных справаў Украіны Арсен Авакоў паведаміў пра затрыманне падазраваных у датычнасці да забойства Шарамета. На тэрміновым брыфінгу намеснік кіраўніка Нацпаліцыі Яўген Коваль назваў імёны верагодных датычных да забойства: медсястра аднаго з парашутна-дэсантных батальёнаў Яна Дугар, лекарка дзіцячай лякарні "Охматдет" і валанцёрка Юлія Кузьменка, музыка і добраахвотнік Андрэй Антоненка і сям'я ўдзельнікаў АТА – Уладзіслаў і Іна Грышчанкі.

9 снежня Грышчанка на судзе заяўляў, што яму нібыта прапаноўвалі ўзяць на сябе адказнасць за забойства Шарамета або супрацоўніка Галоўнай управы выведкі Міністэрства абароны Украіны Максіма Шапавала, а таксама за ўзарваныя ў кастрычніку 2015 года электраапоры ў Херсонскай вобласці. 10 снежня "Украінская праўда" паведаміла, што з Адзінага рэестра судовых пастановаў знікла некалькі пастановаў у справе Уладзіслава Грышчанкі, які разам з жонкай Інай знаходзіцца пад арыштам паводле справы аб падрыхтоўцы выбуху ў Івана-Франкоўскай вобласці.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках