28 сакавiка 2024, Чацвер, 20:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаму Лукашэнка баіцца еўрапейскіх сцягоў?

6
Чаму Лукашэнка баіцца еўрапейскіх сцягоў?
ФОТА: «БЕЛСАТ»

Ёсць адзін важны момант.

Здавалася б, усе ўжо выказаліся пра акцыі 7 і 8 снежня ў Менску. Каб не паўтарацца, звярну ўвагу на адзін важны момант.

Зазвычай віжы і правакатары асабліва актыўныя на пачатковым этапе масавай акцыі. Яшчэ не ўсе лідэры падышлі, людзей мала, ніхто не ведае, як сябе будуць паводзіць улады. Карацей, самы зручны час для правакацый.

Так было і 7 снежня на Кастрычніцкай плошчы. Цэллю правакатараў былі сцягі Еўрапейскай Уніі. Невядомыя маладзёны, якія старанна ўдавалі пралетараў з Шабаноў і пераканаўча дыхалі перагарам, сталі вырываць іх з рук актывістаў. Спачатку моўчкі, затым, калі ўмяшаліся журналісты, пачалі крычаць нешта пра «загніванне Еўропы» і пра тое, што «сапраўдныя патрыёты з такім сцягам не стаяць».

Спачатку падумаў, што можа сапраўды які падпіты жыхар сталічнага «спальніка» наважыў выйсці на плошчу і не зусім зарыентаваўся ў сітуацыі. Такое бывае, сам бачыў на маршах «недармаедаў». Але потым успомніў іншыя апошнія акцыі і зразумеў, што не проста так у іх выклікаюць алергію сінія палотнішчы з зоркамі.

Еўрапейскі Звяз - галоўны геапалітычны супраціўнік і канкурэнт для Пуціна і Лукашэнкі. Не Беларусь, не Украіна, якія яны за краіны не ўважаюць. І нават не далёкая Амэрыка. Канкурэнт не толькі геапалітычны, а яшчэ эканамічны, вайсковы, эстэтычны, каштоўнасны. Менавіта з Еўрапейскім Звязам Крэмль і яго хаўруснікі ваююць на ўсіх франтах. Ва Украіне - тэрорам, у Беларусі - прапагандай і такімі маргіналамі, галоўная задача якіх - не дапусціць з'яўлення «варожага» сімвала.

Правакатараў хутка прагналі з плошчы. Маршы ў цэнтры Менска прайшлі пад бел-чырвона-белымі і еўрапейскімі сцягамі, як мае быць у еўрапейскай краіне. Не ставала толькі лозунгу з далёкіх 90-х, які мне давялося чуць толькі ў рарытэтных відэароліках. Беларусь - у Еўропу, Лукашэнка - кудысьці ў процілеглым кірунку. Чулі? Памятаеце? А ён памятае, таму так баіцца еўрапейскай сімволікі на вуліцах. Яна яму пра альтэрнатыву нагадвае.

Кірыл Васілеўскі, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках