28 сакавiка 2024, Чацвер, 21:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы вінныя банкам утрая больш, чым зарабляюць

20
Беларусы вінныя банкам утрая больш, чым зарабляюць

Хто вінаваты ў крэдытным буме?

Грамадзяне, банкі і дзяржава пазычаюць адзін у аднаго, ды яшчэ і за мяжой. Колькі мы ўсе разам вінныя і да чаго гэта можа прывесці, распавядае экспэрт праграмы «Белсату» «Асабісты капітал» Міхаіл Залескі.

Калі нашы вялікія начальнікі былі маленькія, то чулі па радыё, што прадпрыемствам не хапае абаротных сродкаў. Цяпер яны выраслі, і мае ўнукі могуць пабачыць у інтэрнэце інтэрв’ю і пачуць, як скардзяцца вялікія начальнікі на той самы недахоп. Прадпрыемствы пазычаюць, ды ўсе пазычаюць: і людзі, і банкі, і дзяржава. Пра даўгі і пагаворым.

Паколькі іншых грошай, акрамя тых, што зарабілі грамадзяне, ствараючы тавары і паслугі, у прыродзе не існуе, пачнём з грамадзянаў.

Рост запазычанасці грамадзянаў перад установамі банкаў па крэдытах, атрыманых у беларускіх рублях, хутчэйшы за рост заработнай платы і прадукцыйнасці працы.

А яшчэ ж ёсць крэдыты ў замежнай валюце і тыя пазыкі, што атрыманыя ў не банкаўскіх установах і ў іншых грамадзянаў. Аддаваць тое можна ў асноўным з зарплаты, бо іншыя крыніцы прыбытку параўнальна малыя.

Заробак, які выплачваюць усе прадпрыемствы і арганізацыі краіны, складае на сённяшні дзень крыху больш чым трэцяю частку агульнай запазычанасці работнікаў.

Запазычанасць прадпрыемстваў і арганізацыяў, што выдаюць заработную плату, ледзь не ўтрая большая за запазычанасць той зарплаты атрымальнікам. Да таго ж прадпрыемствы не плацяць адно аднаму, і пратэрмінаваная дэбіторская запазычанасць складае прыкладна чвэрць ад таго, што яны мусяць аддаць банкам. І не забудзем, што вялікія прадпрыемствы пазычаюць яшчэ і за мяжою.

Банкі дзеля таго і існуюць, каб даваць пазыкі і атрымліваць за тое сваю ліхву. А пазыкі яны даюць з прыцягнутых грошай: вернутай ліхвы, укладаў, астаткаў сродкаў на рахунках і, зноў жа, пазыкаў. Разам гэта прыкладна 76 мільярдаў рублёў.

Пазычаць, у побытавым такім, спрошчаным сэнсе, банкі могуць адно ў аднаго, альбо ў замежных банкаў, альбо ў дзяржавы. Падкрэслю, рух грошай у банкаўскай сістэме – рэч не простая і дынамічная, але зрэшты можна і так сказаць: прыкладна 9 % ім пазычае дзяржава, 2 % – іншыя банкі і 13 % – замежныя банкі.

Тая дзяржава ёсць інструментам нацыі дзеля самакіравання, таму грошы яна не зарабляе, а толькі бярэ на свае патрэбы праз падаткі, мыта, штрафы альбо пазычае ў сваіх грамадзянаў ці ў іншых нацый.

Памер чыста дзяржаўнай запазычанасці, як па міжнародных стандартах, не павінен выклікаць трывогі: знешні доўг у верасні быў 16 мільярдаў рублёў і нутраны – дзевяць.

Але ж кожны тут ведае, дзе жыве, таму казаць, што нехта шалёныя грошы без ведама дзяржавы пазычае ці аддае камусьці, не выпадае. Таму агульную знешнюю запазычанасць трэба ацэньваць як дзяржаўную, і набярэцца тога мільярды 43.

Народнае стаўленне да пазычаных грошай пад уплывам айчыннай рэкламы і замежнай культуры радыкальна змянілася, але ніхто яшчэ не адмяняў правіла: пазычыў – вяртай. Каб вяртаць, трэба рабіць такое, што ва ўсім свеце купляюць. Рабіце, хто вам не дае.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках