Зяленскі падпісаў закон аб скасаванні дзяржманаполіі на вытворчасць спірту
19- 11.12.2019, 19:01
- 10,982
Цяпер у гэтай галіне змогуць працаваць прыватныя прадпрыемствы, якія атрымаюць ліцэнзію.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падпісаў законапраект №2300, які скасоўвае дзяржаўную манаполію на вытворчасць спірту, паведамляе gordonua.com.
На сайце Вярхоўнай Рады паказана, што кіраўнік дзяржавы вярнуў парламенту дакумент са сваім подпісам 11 снежня.
Зяленскі 23 кастрычніка ўнёс у Раду законапраект №2300. Парламент падтрымаў яго ў першым чытанні 15 лістапада, у другім - 3 снежня. Спікер Рады Дзмітрый Разумкоў падпісаў яго 10 снежня.
Законапраект прадугледжвае, што дзяржаўная манаполія на вытворчасць спірту будзе скасаваная з 1 студзеня 2020 года. Гэта значыць, у гэтай галіне змогуць працаваць прыватныя прадпрыемствы, якія атрымаюць ліцэнзію.
У дакуменце прадугледжваецца, што да 1 студзеня 2024 года імпартаваць спірт змогуць толькі прадпрыемствы і арганізацыі, спецыяльна ўпаўнаважаныя на гэта Кабінетам Міністраў Украіны. Пакуль спірт легальна вырабляюць толькі заводы дзяржаўнага прадпрыемства «Укрспірт».
Новыя прадпрыемствы вытворчасці спірту ва Украіне змогуць будаваць з 1 студзеня 2021 года.
Найбуйнейшым вытворцам спірту ва Украіне з'яўляецца «Укрспірт», ён можа выпускаць больш за 360 млн літраў у год, паведамляецца на сайце кампаніі.
Міністэрства фінансаў выступае за продаж «Укрспірта». У Сядзібе прэзідэнта Украіны заявілі, што прыватызацыя «Укрспірта» можа прынесці бюджэту 5 млрд грн.