28 сакавiка 2024, Чацвер, 14:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Французскі легіянер, які загінуў у Малі, быў з Баранавічаў

13
Французскі легіянер, які загінуў у Малі, быў з Баранавічаў
АНДРЭЙ ЖУК ПАДЧАС СЛУЖБЫ У МУС І ЗАМЕЖНЫМ ЛЕГІЁНЕ

Што пра яго кажуць знаёмыя і сваякі.

У пачатку снежня Францыя з ушанаваннямі праводзіла ў апошні шлях 13 вайскоўцаў французскага Замежнага легіёну, якія загінулі ў час вайсковай аперацыі ў Малі. У іх ліку - ураджэнец Баранавічаў 43-гадовы Андрэй Жук, які стаў пасмяротна героем Францыі. Знаёмыя і сваякі распавялі пра яго мясцоваму выданню Intex-Press.

Андрэй Жук нарадзіўся 22 чэрвеня 1976 г. у Баранавічах. Жыў з бацькамі і сястрой у Паўночным мікрараёне. Да дзявятага класа вучыўся ў сярэдняй школе №19, потым - у каледжы лёгкай прамысловасці.

АНДРЭЙ ЖУК У ДЗЯЦІНСТВЕ.
ФОТА: АРХІЎ СЯМ'І ЖУК

- Ён добра вучыўся, ніколі не быў заўважаны ні ў якіх сумнеўных кампаніях. У школе быў гэтакім маленькім дзядком у добрым сэнсе. Ужо тады адчувалася ў ім нейкая ўпэўненасць і тое, што чалавек ідзе да сваёй мэты, - успамінае Алена Налівайка, якая сядзела разам з ім за адной партай.

Са слоў аднакласнікаў, у школе Андрэй выдатна маляваў, хоць яго гэтаму ніхто не вучыў. Любіў фізкультуру, быў у добрай фізічнай форме. А яшчэ ён быў фанатам баявікоў. Фільм пра французскі Замежны легіён быў адным з любімых.

АНДРЭЙ ЖУК З МАМАЙ ЗОЯЙ ПЯТРОЎНАЙ.
ФОТА: АРХІЎ СЯМ'І ЖУК

- У канцы 1980-х толькі пачалі з'яўляцца розныя замежныя баевікі. Магчымасці глядзець іх дома не было, таму мы з Андрэем хадзілі ў папулярныя тады відэасалоны. Яго вельмі прыцягвала тэма ўсходніх адзінаборстваў, ніндзя. А самым любімым фільмам была «Самаволка», у якім герой Жан-Клода Ван Дама служыў у французскім Замежным легіёне. Не ведаю, ці паўплываў неяк гэты фільм на яго, але, калі я даведаўся, што ён пайшоў туды служыць, чамусьці адразу пра гэта ўспомніў, - распавядае яго школьны сябар Ігар Шастак.

Пасля школы і каледжа Андрэй Жук скончыў Акадэмію МУС, гадоў пяць праслужыў у органах унутраных спраў у Баранавічах: спачатку ў патрульна-паставой службе, потым аператыўнікам у аддзеле крымінальнага вышуку.

Свой першы кантракт на службу ў французскім Замежным легіёне Андрэй Жук падпісаў у студзені 2008 года. З адзнакай прайшоў баявую падрыхтоўку і ў чэрвені таго ж года паступіў на службу ў 2-і інжынерны полк.

У лютым 2010 года атрымаў званне капрала, а ў 2011 годзе даслужыўся да унтэр-афіцэра.

У 2016 годзе ён прайшоў адбор для службы ў горнастралковых спецыяльных падраздзяленнях і, прайшоўшы гадавую спецпадрыхтоўку, пайшоў служыць у элітнае падраздзяленне 27-й горнастралковай брыгады.

У 2018 годзе яму было прысвоенае званне старэйшага сяржанта.

Андрэй Жук удзельнічаў у вайсковых спецаперацыях за мяжой. Быў узнагароджаны бронзавым крыжам «За вайсковую доблесць» і некалькімі медалямі.

Прафесійныя вайскоўцы з французскага Замежнага легіёну загінулі 25 лістапада падчас баявой аперацыі ў Заходняй Афрыцы. Паводле афіцыйнай версіі, сутыкнуліся два баявыя гелікаптэры. У адным з іх быў Андрэй Жук.

На ўрачыстай цырымоніі развітання 2 снежня прысутнічаў прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон. Ён успомніў кожнага з загінулых вайскоўцаў. Пра ўраджэнца Баранавічаў Макрон сказаў, што Андрэй Жук «прайшоў узорны воінскі шлях» і «полк Замежнага легіёну захавае памяць пра гэтага салдата выключнай адвагі. Памяць пра француза - не па крывi, што перадалася ад продкаў, а па пралітай ім крыві».

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках