18 красавiка 2024, Чацвер, 12:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаму бізнэс адміністрацыі Лукашэнкі такі непаваротлівы?

10
Чаму бізнэс адміністрацыі Лукашэнкі такі непаваротлівы?

Гэта задае трэнд для эканомікі ўсёй краіны.

Пра тое, як працуе Галоўная гаспадарчая ўправа кіравання справамі Лукашэнкі, апавядаюць шмат. Але ніякія аповеды ніколі не змогуць змяніць асабістага ўражанні ад гэтай бюракратычнай і непаваротлівай машыны, піша Сяргей Сацук у артыкуле на сайце ej.by.

ГГУ КСП сёння з'яўляецца самым буйным аператарам краіны ў камерцыйнай нерухомасці. Галоўным чынам адміністрацыйных, ці як іх яшчэ называюць офісных, памяшканняў. У распараджэнні ГГУ іх столькі, што рэдкі бізнэс у нашай краіне не меў задавальнення арандаваць іх. Таму я не адкрыю ніякай таямніцы, калі скажу, што арганізацыя працы самага буйнога аператара краіны пастаўленая так, што камерцыйны аператар даўно згалеў бы.

Але вось што здзіўляе, да гэтага часу ніхто чамусьці не выказаўся з гэтай нагоды. Можа, з павагі да галоўнай асобы краіны, пад чыёй шыльдай дзейнічае аператар, а можа і з прычыны страху. Сутнасць не ў гэтым.

Галоўны плюс ГГУ КСП у тым, што ў яго сапраўды шмат памяшканняў. Выбар вельмі вялікі і кошты вельмі дэмакратычныя... на першы погляд.

Першая складанасць працы з ГГУ КСП узнікае ўжо на стадыі прагляду памяшканняў. Як паказвае практыка, блізу 30% паглядзець проста не атрымоўваецца з прычыны адсутнасці на месцы патрэбнага чалавека. Хоць, здавалася б, куды ўжо прасцей, калі ключы знаходзяцца ў аховы або вахцёркі, якія пры неабходнасці і паказваюць памяшканні зацікаўленым.

У большасці будынкаў ГГУ КСП усё менавіта так і ўладкавана, але не ва ўсіх. У некаторых функцыя паказу замацаваная выключна за камендантам або іншым кіраўніком, якіх на месцы вельмі часта няма. Як гаворыцца, усё для таго, каб кліент застаўся «задаволены».

Стадыя заключэння дамовы, дакладней дамоваў, у ГГУ КСП быццам адмыслова прыдуманая для таго, каб адвадзіць усіх ахвотных ад арэнды памяшкання. У Беларусі, а магчыма і ва ўсім свеце, наўрад ці знойдзецца яшчэ адзін такі аператар, у якога каб зняць у арэнду памяшканне, неабходна заключыць ажно 4 (!) дамовы. Адна дамова з самім ГГУ КСП. Другая – з РУП «БелЭЗ», якое таксама ўваходзіць у структуру КСП і займаецца абслугоўваннем будынкаў, трэцяя – са страхавой кампаніяй, а чацвёртая – з «Белтэлекамам» на падлучэнне нумара тэлефона. А калі інтэрнэт захочаш яшчэ ад іншага аператара, то і пятую дамову давядзецца заключыць. Менавіта таму кошт арэнды, якая змешчаная ў аб'яве, у выніку павялічваецца ў два за кошт дадатковых плацяжоў.

Ва ўсім свеце ўсе аператары імкнуцца аптымізаваць працэсы ўзаемадзеяння з арандатарамі, каб выстаўляць ім толькі адзін рахунак на ўсё, або, як мінімум, каб арандатар плаціў толькі арэндадаўцу.

Але ГГУ КСП нібы затрымалася ў мінулым стагоддзі. Гэта колькі дамоваў трэба заключыць РУП «БелЭЗ», каб узяць на абслугоўванне кожнае паасобку памяшканне, напрыклад у офісным будынку на 12 паверхаў? Гэта ж столькі паперы пераводзіцца, асабліва беручы да ўвагі частую міграцыю арандатараў! Колькі лішніх людзей трэба трымаць у штаце, каб штомесяц выпісваць дзясяткі тысячаў рахункаў і актаў?

Які ў гэтым сэнс? Чаму РУП «БелЭЗ» не можа заключыць адну дамову з ГГУ, а яна ў сваю чаргу размяркоўваць выдаткі сярод арандатараў зыходзячы з плошчы памяшкання? Бо і першая, і другая – структуры КСП. Не могуць паміж сабой дамовіцца? Што перашкаджае страхавой кампаніі заключыць адну адзіную дамову страхавання з ГГУ на ўсе будынкі?

Ну добра, куча дамоваў, дык дамова з ГГУ КСП яшчэ заключаецца тыднямі, а не так, як працуюць сёння большасць уладальнікаў офісных памяшканняў: сёння далі згоду і сёння ж атрымалі дамову. У найгоршым выпадку – заўтра. І адразу ж можна ўязджаць. А тут добра, калі праз пару тыдняў заедзеш.

Непаваротлівасць і непрабіўнасць. Ва ўсіх адміністрацыйных будынках ГГУ КСП зацверджаны свой графік працы. Калі хочаш папрацаваць у нядзелю – пішы заяву, каб табе налічылі асобна за гэты дзень. Мы звярнуліся да каменданта, каб у нас былі выходнымі чацвер і пятніца, а працоўнымі – субота і нядзеля. Камендант некалькі дзён кансультаваўся ў розных інстанцыях і ў выніку сказаў, што нельга. А гэта ж зусім простае пытанне, якое ў любога аператара развязваецца на раз два. Не, на раз. А тут забаронена! Чаму? Адказ просты, такі графік зацверджаны, і ніхто не хоча браць на сябе адказнасць, каб мяняць яго.

Паспрабавалі дамовіцца з камендантам наўпрост. Маўляў, аддамо вам усе ключы, будзем браць ключы толькі пяць дзён на тыдзень – ніякай шкоды ГГУ, ніякай перапрацоўкі. У выніку спалохалі каменданта яшчэ больш. Вы што?! Ды тут у нас служба бяспекі ездзіць у выходныя і правярае, хто з арандатараў і на якой падставе працуе ў выходныя, ці ёсць адпаведная заява.

Санітарныя нормы і правілы. Вось ужо сапраўды ніколі не думаў, што і тут у ГГУ КСП могуць быць праблемы.

Наўрад ці ў Беларусі сёння знойдзецца хоць адзін офісны будынак, дзе ў прыбіральнях няма туалетнай паперы, мыла і ручнікоў (папяровых або электрычных). У ГГУ такія будынкі ёсць! А гэта ж элементарныя санітарныя нормы і правілы, якіх абавязаныя прытрымлівацца ўсе! Ды бог з імі, з гэтымі нормамі і правіламі. Паважны аператар сёння проста не апусціцца да таго, каб у прыбіральні на было паперы, мыла і ручнікоў. Не праз страх перад пакараннем, а з павагі да сябе і да арандатараў. І вельмі... Вельмі складана зразумець, як да такой непавагі, у першую чаргу да сябе, можа апусціцца аператар, які дзейнічае пад шыльдай кіраўніка дзяржавы? За два месяцы арэнды мы так і не змаглі ўбачыць у прыбіральні ніякіх сродкаў элементарнай гігіены. Не проста забыліся павесіць, пакласці, а менавіта адсутнічаюць у прынцыпе, бо нават трымальнікаў для іх няма.

Не праходзіць і дня, каб я не думаў пра ўсё гэта, з чым сутыкнуўся пры арэндзе памяшкання ў ГГУ КСП. Калі ўжо пад шыльдай прэзідэнта працуюць так, то што можна патрабаваць ад іншых дзяржпрадпрыемстваў?

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках