28 сакавiка 2024, Чацвер, 21:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што адбываецца ў менскай ВНУ, дзе страйкавалі студэнты

1
Што адбываецца ў менскай ВНУ, дзе страйкавалі студэнты
Фота: tut.by

Больш за 60 выпускнікоў перавядуць у БНТУ.

У МІУ, дзе ў лістападзе страйкавалі студэнты, цяпер усё спакойна. Паводле словаў прадстаўнікоў універсітэта, адукацыйны працэс ідзе сваім ходам. Амаль усе студэнты, як звычайна, ходзяць на пары – хутка ў іх сесія. Выключэнне – хлопцы аднаго выпускнога курса спецыяльнасці «Транспартная лагістыка». Гэта 64 чалавекі, паведамляе tut.by.

Тэрмін навучання ў іх сканчаецца 26 студзеня. Аднак іх спецыяльнасць апынулася ў спісе неакрэдытаваных, і выдаць ім дыпломы дзвяржузору МІУ не можа. Каб развязаць гэтую сітуацыю, у сярэдзіне снежня студэнтаў перавядуць у БНТУ. Абараняць дыпломны праект і здаваць дзяржіспыт яны будуць ужо ў «палітэху».

– Як і абяцала Міністэрства адукацыі, навучальны план МІУ будзе перададзены ў БНТУ. Палітэх яго зацвердзіць, і нашы студэнты закончаць навучанне паводле яго, – тлумачаць ва ўніверсітэце. – Адзначым, што з верасня ў выпускнога курса «Транспартнай лагістыкі» ўжо няма параў. Спачатку ў іх была пераддыпломная практыка, цяпер яны працуюць над дыпломамі.

Нягледзячы на перавод, кіраўнікамі дыпломаў, кажуць у ВНУ, у хлопцаў застануцца выкладнікі з Менскага інавацыйнага ўніверсітэта. Акрамя таго, аднаго выкладніка з МІУ уключаць у дзяржкамісію.

– У астатнім усё ў нас без пераменаў, – прадаўжаюць у ВНУ. – Праз праблемы з акрэдытацыяй хлопцы не сталі забіраць дакументы.

Кіраўніцтва МІУ накіравала лісты ў Мінадукацыі, адміністрацыю Лукашэнкі і Савет міністраў.

– Пасля таго як атрымаем адказы, будзем думаць, што рабіць далей, – расказваюць ва ўніверсітэце. – Каб абараніць студэнтаў, мы гатовыя да любых дзеянняў. Калі спатрэбіцца, пойдзем на пераакрэдытацыю і трансфармуем дыстанцыйнае навучанне ў завочную форму.

Нагадаем, 11 лістапада студэнты Менскага інавацыйнага ўніверсітэта выйшлі на страйк. Прычына пратэсту – жаданне адстаяць сваю ВНУ, якой не прадоўжылі акрэдытацыю ў некаторых спецыяльнасцях.

Паводле словаў рэктара ВНУ Мікалая Сушы, раз на пяць гадоў усе навучальныя ўстановы краіны праходзяць акрэдытацыю. За 28 гадоў свайго існавання МІУ праходзіў мноства акрэдытацый і атэстацый, і заўсёды ўсё было добра. Што здарылася гэтым разам, Мікалай Суша не ведае. Паводле ягоных словаў, у пачатку лістапада ўніверсітэт атрымаў ліст з Дэпартамента кантролю якасці адукацыі. У дакуменце напісана, што навучальнай установе не прадаўжаюць акрэдытацыю ў пяці спецыяльнасцях. Рэктар упэўнены: усе парушэнні, якія былі выяўленыя падчас праверкі, нягрубыя і папраўныя. Кіраўніцтва МІУ будзе абскарджваць пастанову камісіі.

Сітуацыю пракаментаваў і міністр адукацыі Ігар Карпенка. Ён падкрэсліў, што студэнтам не варта хвалявацца. У адпаведнасці з заканадаўствам пастановай Міністэрства адукацыі яны змогуць прадоўжыць адукацыю ў іншых ВНУ паводле сваіх спецыяльнасцяў з наступнай выдачай дыплома дзяржаўнага ўзору. Кіраўніцтву МІУ міністр парэкамендаваў «паглыбіцца ў сутнасць рэкамендацый камісіі, ліквідаваць выяўленыя недахопы і арганізаваць адукацыйны працэс у адпаведнасці з нормамі заканадаўства».

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках