19 красавiка 2024, Пятніца, 14:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Моладзь пра акцыі ў Менску: Бачыць гэта ўсё жыўцом – значна больш кранальна, чым глядзець на стрым

1
Моладзь пра акцыі ў Менску: Бачыць гэта ўсё жыўцом – значна больш кранальна, чым глядзець на стрым
Фота: «Радыё Свабода»

Маладыя беларусы распавядаюць, чаму выйшлі пратэставаць супраць «інтэграцыі» 7 і 8 снежня.

У пратэстах, якія прайшлі ў Менску на выходных, бралі ўдзел актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» з розных гарадоў краіны. Для некаторых з іх гэта былі першыя вулічныя акцыі такога маштабу. Сайт Charter97.org папрасіў некаторых актыўных удзельнікаў пратэстаў расказаць пра свае ўражанні.

Дзмітрый Казлоў, Ворша:

- Для мяне важна было ўзяць удзел у акцыі для абароны незалежнасці, з аднаго боку - як блогеру, з другога - як актывісту і грамадзяніну Беларусі.

Калі я ўдзельнічаў у іншых такіх мерапрыемствах, я звярнуў увагу, што журналісты паводзяць сябе абсалютна нейтральна, ніяк не асацыююць сябе з удзельнікамі акцыі. Як быццам праблемы, якім прысвечаны пратэсты, іх не тычацца. Блогер жа мае магчымасць сам быць удзельнікам акцыі. Мы асвятляем падзеі, але пры гэтым трымаем нацыянальныя сцягі і скандуем актуальныя лозунгі. Такім чынам, на акцыі я даю інфармацыю людзям і выказваю сваю грамадзянскую пазіцыю. Гэта моцна збліжае з удзельнікамі акцыі.

Аляксандр Смалёнак, Баранавічы:

- Я вельмі хацеў паехаць у Літву на пахаванне Кастуся Каліноўскага, але так атрымалася што не паспеў зрабіць візу своечасова. У нас гэта на хутка не робіцца, таму глядзеў стрым і як быццам удзельнічаў сам. Калі я пачуў заклік выйсці на пратэст супраць здачы незалежнасці, я зразумеў, што абавязаны паехаць. Напэўна ўсё яшчэ быў пад эфектам ад Вільні, ды і час прыйшоў.

Хачу сказаць дзякуй усім, было выдатна, атмасфера рэальна была таварыская і адчуваўся баявы дух. Бачыць гэта ўсё жыўцом – значна больш кранальна, чым глядзець стрым.

Аксана, Маладзечна:

- Многія хлопцы з нашага курсу збіраліся пайсці на акцыю пратэсту супраць інтэграцыі. Спачатку сумнявалася, але потым, калі на фота ўбачыла ўвесь цэнтр Менска ў бел-чырвона-белых сцягах, слёзы на вачах былі. Цвёрда наважыла, што на наступны дзень буду абавязкова. У нядзелю пайшлі кампаніяй з шасці чалавек.

Чаму трэба выходзіць? Страчваць ужо няма чаго. Пакуль адзіны варыянт - пасля заканчэння вучобы ехаць з краіны. Хоць бы ва Украіну, сваякі даўно клічуць. Але потым жа буду ўсё жыццё шкадаваць, што не спрабавала нешта змяніць тут. Нельга проста адседжвацца і рабіць выгляд, што ўсё нармальна.

Пётр, Менск:

- У верасні пабываў на пікеце «Еўрапейскай Беларусі», быў уражаны напорыстасцю і прынцыповасцю людзей, вельмі спадабалася, што не баяцца выказваць сваё меркаванне і стаяць на пазіцыі, што ўладу трэба мяняць. Значыць, не ўсе адмоўчваюцца, ды і ўлады не могуць нічога супрацьпаставіць адкрытасці і праўдзе.

Узяў у хлопцаў візітоўку, пакінуў свой нумар і вось так вось незаўважна нават уцягнуўся ў «рух». Запрасілі на сустрэчу свабодных людзей, змог прыйсці толькі 16 лістапада, не пашкадаваў ні на секунду. У той дзень усвядоміў для сябе вельмі многае, але галоўнае, што нас шмат, што маўчанне ні да чаго добрага не прывядзе. На акцыю 7 снежня ішоў ужо без запрашэнняў. Рады, што стаў датычным, такога пачуцця салідарнасці розных людзей не адчуваў ніколі.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках