19 красавiка 2024, Пятніца, 21:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зяленскі: У нас з Пуціным абсалютна розныя погляды пра мяжу

34
Зяленскі: У нас з Пуціным абсалютна розныя погляды пра мяжу

Прэзідэнт Украіны апавёў, якія аргументы прыводзіў у гэтым пытанні на перамовах у Парыжы.

10 снежня ў Парыжы падчас прэс-канферэнцыі паводле вынікаў нармандскага саміту прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што ў яго і прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна "абсалютна розны погляд" на перадачу пад кантроль Кіева непадкантрольнага адрэзка мяжы Украіны і Расеі, паведамляе gordonua.com.

"У нас з прэзідэнтам РФ, кажу шчыра, абсалютна розны погляд з нагоды перадачы мяжы і калі гэта магчыма. Я магу адкрыта пра гэта казаць. Прэзідэнт РФ кажа пра тое, што Менскія пагадненні (тое, што наш былы прэзідэнт Пётр Аляксеевіч падпісваў) абвяшчаюць: перадача мяжы – пасля выбараў. Я, натуральна, падымаю пытанне, каб перадача мяжы была да правядзення мясцовых выбараў. Я, мне здаецца, вельмі аргументавана кажу. Але пакуль у нас розны погляд. Але, думаю, невыпадкова мы гаворым пра сустрэчу праз некалькі месяцаў, невыпадкова ў нас сустрэча чатырох лідараў. Мне здаецца, што ў гэтых пытаннях мы знойдзем выйсце. Скажам так: не знойдзем, а абавязаныя знайсці. Інакш мы не ссунемся далёка", – сказаў Зяленскі.

Пуцін пацвердзіў, што пазіцыі ў гэтым пытанні ў яго і Зяленскага не супадаюць.

"Нашу пазіцыю вельмі лёгка зразумець: мы за тое, каб выконваліся Менскія пагадненні. Вазьміце і прачытайце, што там напісана. А там напісана, што Украіна пачынае ўсталёўваць кантроль на гэтай тэрыторыі, на гэтым адрэзку мяжы, на наступны дзень пасля выбараў. Там так напісана. І канчаткова гэты працэс заканчваецца пасля поўнай рэалізацыі ўсіх палітычных працэдураў. Навошта ўскрываць Менскія пагадненні і іх зноўку перапісваць? Там кожны пункт увязаны паміж сабой. Калі мы ўскрыем адзін, пачнецца перапісванне іншых, і мы наогул страцім усё, створым сітуацыю, пры якой увогуле нічога не зможам зрабіць. Такая наша логіка. Мне здаецца, яна цалкам апраўданая", – заявіў прэзідэнт РФ.

Выканаць пункт Менскіх пагадненняў, згодна з якім кантроль над украінска-расейскай мяжой на Данбасе будзе адноўлены Украінай пасля мясцовых выбараў на акупаваных тэрыторыях, "магчыма", але гэта стала б памылкай, заявіў журналістам у Парыжы ў ноч на 10 снежня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Брыфінг апублікавала прэс-служба Офіса прэзідэнта ў Facebook.

"Ці азначаюць гэтыя перамовы, што ў выпадку думкі [прэзідэнта Расеі Уладзіміра] Пуціна пра немагчымасць устанаўлення на мяжы ўкраінскіх войскаў і гэтак далей, будзе сцяна стаяць на мяжы паміж Украінай і акупаваным Данбасам?" – спытаў журналіст, заснавальнік выдання gordonua.com Дзмітрый Гардон.

"Мы сёння столькі часу выдаткавалі, не за так, менавіта на пытанне мяжы... Ён быў тэт-а-тэт з людзьмі, потым удвух, потым было фінальнае пасяджэнне ўчатырох, мы там прадоўжылі гэтае пытанне... Гэта значыць я, як і адчуваў, чытаючы "Менск", калі прыйшоў да прэзідэнцтва, што... гэта самае складанае пытанне. І як з гэтага выйсці – ніхто не ведае. Бо прыняць гэта ў тым выглядзе, як гэта там ёсць [у Менскіх пагадненнях], – няправільна. Магчыма ці немагчыма? Мы разумеем, што раз падпісалі, то магчыма. Але няправільна. Гэта будзе памылка", – заявіў Зяленскі.

Ён дадаў, што прыводзіў Пуціну аргументы пра неабходнасць аднаўлення кантролю Украіны над мяжой на Данбасе перад выбарамі на акупаваных тэрыторыях.

"Ну паглядзіце, статыстыка ёсць, што ў свеце, я не хачу памыліцца, ці 320, ці 230 было канфліктаў. І ва ўсіх канфліктах, калі мяжа перадавалася пад кантроль пасля выбараў, то зноў была эскалацыя. Ёсць такая статыстыка. Навошта нам з вамі практыкаваць гэта ва Украіне? Вось пра што я казаў. А ў іх аргумент – дык навошта вы падпісвалі..." – апавёў Зяленскі.

Саміт у нармандскім фармаце ў Парыжы пачаўся 9 снежня блізу 17-й, перад сустрэчай чатырох лідараў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін правялі двухбаковыя сустрэчы з канцлеркай Нямеччыны Ангелай Меркель і прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам. Прыкладна ў 18.20, амаль з паўтарагадзінным спазненнем, пачаліся перамовы лідараў "нармандскай чацвёркі". Гэтую сустрэчу перапынілі для перамоваў Зяленскага і Пуціна. Пасля яе заканчэння адбылася працоўная вячэра "чацвёркі", якая доўжылася блізу дзвюх гадзінаў.

У 2014 годзе, адразу пасля анэксіі Крыма, на ўсходзе Украіны Расея пачала ўзброеную агрэсію. Баявыя дзеянні вядуцца паміж Узброенымі сіламі Украіны з аднаго боку і расейскай арміяй і падтрыманымі Расеяй баевікамі, якія кантралююць частку Данецкай і Луганскай абласцей, з другога. Афіцыйна РФ не прызнае свайго ўварвання ва Украіну, нягледзячы на прад'яўленыя Украінай факты і доказы.

Перамовы пра ўрэгуляванне канфлікту на Данбасе вядуцца ў трохбаковай кантактнай групе ў Менску (Украіна, Расея, АБСЕ), а таксама ў нармандскім фармаце – з удзелам прадстаўнікоў Украіны, Францыі, Нямеччыны і Расеі. Кіраўнікі дзяржаваў нармандскага фармату сустракаліся мінулы раз 19 кастрычніка 2016 года ў Берліне.

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках