17 красавiка 2024, Серада, 0:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітолаг: Крэмль навязвае Лукашэнку пагадненне з падвойным дном

31
Палітолаг: Крэмль навязвае Лукашэнку пагадненне з падвойным дном
АРХІЎНАЕ ФОТА GETTY IMAGES / SASHA MORDOVETS

Пра што змаўчаў Сямашка.

Паводле вынікаў перамоваў пра паглыбленне інтэграцыі, што прайшлі 7 снежня ў Сочы, галоўным ньюсмейкерам выглядае пакуль амбасадар Беларусі ў Расеі Уладзімір Сямашка. З ягоных заяваў вынікае, сярод іншага, што атрымалася ўзгадніць яшчэ дзве дарожныя карты – у электраэнэргетыцы і супрацоўніцтве мытных службаў, піша ў артыкуле на сайце naviny.by палітолаг Аляксандр Класкоўскі.

Такім чынам, застаюцца няўзгодненымі восем картаў з 31. Пры такіх тэмпах патрэбныя, атрымліваецца, яшчэ чатыры саміты, каб утрэсці ўвесь пакет.

Асобнае пытанне: а што дадуць гэтыя карты Беларусі? Напрыклад, што азначае ўніфікацыя ў мытнай сферы? Ці не давядзецца Менску ўблытвацца ў тую вайну санкцый, якую Масква вядзе з Захадам, Украінай?

Паколькі пра змест картаў інфармацыі мінімум, то ў шматлікіх незалежных назіральнікаў з беларускага боку мацнее асцярога, што нашы «адважныя перамоўнікі», пайшоўшы па воўну, вернуцца стрыжанымі.

Масква не спяшаецца змяншаць кошты на энэргарэсурсы

З іншых заяваў Сямашкі вылучым тое, што тычыцца праблемы кампенсацыі выдаткаў ад падатковага манеўру ў расейскай нафтавай галіне. «Пакуль мы не дамовімся ва ўніфікацыі падатковага заканадаўства, складана будзе развязаць тое пытанне. Таму там тэрміны крыху ссунутыя», – сказаў амбасадар у эфіры тэлеканала АНТ. Калі больш канкрэтна, пытанне поўнай кампенсацыі наступстваў падатковага манеўру можа быць развязанае з 1 студзеня 2022 года.

Датычна кошту газу ў 2020 годзе «бакі абмяняліся пазіцыямі, шмат у чым яны не супадалі». У найбліжэйшыя дні тэма будзе абмяркоўвацца на перамовах з кіраўніком «Газпрама» Аляксеем Мілерам і Мінэнэрга Расеі, паведаміў Сямашка.

Такім чынам, у газавых справах зноў відаць дрэнная традыцыя, калі пра кантракт на будучы год Менск і Масква дамаўляюцца «пад ялінкай».

Газ паводле коштаў Смаленскай вобласці відавочна не свеціць

Для Беларусі цяпер важней за ўсё дамовіцца пра больш выгадныя ўмовы паставак нафты і газу, адзначыла ў каментары для Naviny.by беларуская экспертка ў энэргетычных пытаннях Таццяна Манёнак.

Згодна з яе прагнозам, Расея можа пралангаваць на 2020 год цяперашні кошт на газ, то-бок 127 даляраў за тысячу кубаметраў (Менск хацеў бы атрымліваць газ на мяжы паводле коштаў Смаленскай вобласці – у раёне 70 даляраў). Экспертка дапускае, што магчымая невялікая зніжка, калі такое ўказанне дасць Пуцін, каб забяспечыць прагрэс на перамовах пра паглыбленне інтэграцыі.

Увогуле ж Менску належыць як мінімум да 2025 года, пакуль не будуць створаныя, як плануецца, агульныя рынкі энэргарэсурсаў у ЕАЭС, дамаўляцца пра іх з Расеяй у двухбаковым фармаце, патлумачыла суразмоўца. Пры гэтым, верагодна, давядзецца пераглядаць цяперашнюю формулу кошту на газ для Беларусі, а гэта працэс няхуткі.

З нафтай яшчэ складаней, кажа Манёнак. Бо кампенсацыю за падатковы манеўр у сваёй нафтанцы Расея абумоўлівае ўніфікацыяй падатковага заканадаўства дзвюх краінаў.

«З маіх звестак, наша падатковая ўстанова не ўважала такую ўніфікацыю мэтазгоднай», – адзначае экспертка. Цяпер беларускаму боку давядзецца заняцца скрупулёзнымі разлікамі, што яна набудзе і што страціць у гэтым працэсе. Пакуль жа Менск «будзе старацца хоць трохі збіць кошт на нафту», мяркуе суразмоўца.

Крамлю важна прывязаць Беларусь яшчэ мацней

Раней беларускія эксперты ўжо адзначалі, што стварэнне адзінага падатковага кодэксу – працэс клопатны і, хутчэй за ўсё, апрыёры нявыгадны для Беларусі. Падатковыя сістэмы вельмі розныя, да таго ж Масква наўрад ці захоча ў працэсе ўніфікацыі моцна падладжвацца пад беларускія асаблівасці, ламаць сваю сістэму.

Але, як бачым, без уніфікацыі заканадаўства і палітык у цэлым шэрагу эканамічных сфераў (для рэалізацыі прынцыпу «дзве краіны – адзін рынак») расейскі бок не збіраецца ісці на сур'ёзныя саступкі Менску. Пацвярджаецца мой прагноз: Масква мае намер сцісла адломліваць паўпернічка, пакуль Менск будзе нехаця ісці ўсё далей вузкім тунэлем «паглыблення інтэграцыі».

Прычым Крамлю, трэба думаць, не было б вялікай рацыі так настойваць на гэтым працэсе з філантрапічных меркаванняў – каб Беларусь у выніку займела ўнутрырасейскія кошты на газ і інш. Гаворка ідзе пра яшчэ больш моцную эканамічную, а ў выніку – і палітычную прывязку Беларусі.

Намеснік дырэктара Інстытута краінаў СНД (Масква) Уладзімір Жарыхін 8 снежня ў інтэрв'ю ТАСС заявіў, што на шляху далейшай інтэграцыі ў рамках «саюзнай дзяржавы» стаіць цэлы шэраг перашкодаў, абумоўленых, сярод іншага, тым, што беларускі бок не гатовы дэлегаваць на наднацыянальны ўзровень частку паўнамоцтваў у адказ на эканамічныя прэферэнцыі.

Многія цяжкасці на цяперашняй стадыі перамоваў абумоўленыя тым, што збліжэнне на палітычным трэку, якое прадугледжвае, сярод іншага, стварэнне агульнага «парламента», не ідзе пазначанымі тэмпамі і адстае ад эканамічнага парадку дня, мяркуе Жарыхін.

На днях у эфіры радыёстанцыі «Эхо Москвы» яе галоўрэд Аляксей Венедыктаў, які падкрэслівае сваё веданне крамлёўскіх таямніцаў, пасля жартаў з нагоды «31 сакрэтнага пратаколу» (маюцца на ўвазе дарожныя карты) заявіў: «І відавочна, хоць пра гэта не гаворыцца, што далей пойдзе палітычная інтэграцыя, таму што калі ў вас ёсць адзіныя вось гэтыя штукі [падатковы кодэкс і інш.], павінны расці адзіныя суды. Адзіныя суды патрабуюць прыняцця адзінага заканадаўства, значыць адзіны парламент. Ну і далей, далей, далей».

Лукашэнка апынуўся ў патавай сітуацыі

Такім чынам, блізкія да расейскіх уладаў каментатары адкрытым тэкстам прамаўляюць менавіта тыя рэчы, якія і выклікаюць у нацыянальна свядомым пласце беларускага грамадства асцярогі адносна лёсу суверэнітэту.

Эксперты BEROC (Менск) у свежым аглядзе звяртаюць увагу на тое, што кампенсацыю за падатковы манеўр Расея звязала з вялікім колам адчувальных для Беларусі пытанняў, а менавіта – коштамі на газ, доступам да крэдытных рэсурсаў, здыманнем бар'ераў для доступу беларускіх тавараў на расейскі рынак. Прычым «Расея паступова "павышала стаўкі", і да "паглыбленай інтэграцыі" апынулася прывязанае шырокае кола пытанняў».

У выніку адмова ад «вялікай угоды» можа прывесці да сістэмнага шоку для нацыянальнай эканомікі. Згода ж на яе «пагражае абярнуцца абмежаваннем / стратай элементаў як мінімум эканамічнага і інстытуцыйнага суверэнітэту краіны». Беларусь апынулася ў патавай сітуацыі, падкрэсліваюць аналітыкі BEROC.

У кіроўных вярхах таксама напэўна ўсведамляюць пагрозы. Але паколькі эканоміка капітальна прывязаная да Расеі і аслабіць гэтую залежнасць хутка не атрымаецца нават пры ўмове рэформаў (а тым больш калі іх баяцца як чорт ладану), то Менску даводзіцца прадаўжаць глейкі, рызыкоўны гандаль.

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках