28 сакавiка 2024, Чацвер, 15:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Заслужаная чырвоная картка для Расеі

15
Заслужаная чырвоная картка для Расеі

Рэакцыя на пастанову WADA выключыць РФ з сусветнага спорту.

Чаканая, але ўсё роўна гучная пастанова: Сусветнае антыдопінгавае агенцтва (WADA) адхіліла Расею ад буйных міжнародных спаборніцтваў на чатыры гады. Такую пастанову аднагалосна прыняў выканкам WADA ў панядзелак, 9 снежня, на пасяджэнні ў Лазане. Забарона WADA закране буйныя міжнародныя спаборніцтвы: расейскія спартоўцы не змогуць удзельнічаць у Алімпіядах у Токіа і Пекіне (2020 і 2022 гады) пад сцягам РФ і з яе гімнам. Да спаборніцтваў дапусцяць толькі тых, у дачыненні да каго няма падазрэнняў і хто пройдзе допінгавыя тэсты за межамі Расеі, паведамляе Нямецкая хваля.

З моманту атрымання афіцыйнай пастановы выканкама ў Расейскага антыдопінгавага агенцтва (РУСАДА) ёсць 21 дзень на разважанні – пагадзіцца з вердыктам ці не. У другім выпадку апеляцыю будзе разглядаць Спартовы арбітражны суд (CAS). Як ацэньвае спартовы свет пакаранне Расеі з боку WADA? DW сабрала рэакцыю спартовых функцыянераў, спартоўцаў і палітыкаў.

"Ястрабы" WADA незадаволеныя: пакаранне недастаткова суровае

"Грубае парушэнне расейскімі ўладамі ўмоваў аднаўлення РУСАДА патрабавала катэгарычнага адказу. І мы яго сёння далі", – заявіў кіраўнік WADA Крэйг Рыды, каментуючы пастанову выканкама арганізацыі. Рыды меў на ўвазе фармальную аснову для пакарання: РУСАДА атрымала так званы статус адпаведнасці авансам.

Пазбаўленне статусу азначае на практыцы, што расейскія спартоўцы цягам 4 гадоў не змогуць здаваць допінг-спробы на радзіме. Адной з умоваў вяртання статусу было падаць базы звестак Маскоўскай антыдопінгавай лабараторыі, якімі, аднак, як сцвярджаюць эксперты WADA, Расея маніпулявала ў мэтах утойвання выпадкаў выкарыстання допінгу сваімі спартоўцамі.

Кіраўнік WADA Крэйг Рыды і ягоны калега, старшыня камітэта ў адпаведнасці WADA Джонатан Тэйлар паказалі, што пастанова выканкама прынятая ў інтарэсах саміх спартоўцаў. Выбіраючы паміж поўнай і частковай забаронай, чальцы выканкама, з іх словаў, узялі да ўвагі інтарэсы маладых атлетаў, не датычных да допінгавых парушэнняў.

Але шмат хто як у арганізацыі, так і за яе межамі расчараваныя, уважаючы пакаранне недастаткова суровым. Віцэ-прэзідэнтка WADA Лінда Хелеланд заявіла, што патрабавала больш жорсткіх санкцый у дачыненні да расейскага спорту, але, з яе словаў, гэта быў максімум, на які WADA апынулася здольная. "Я вельмі засмучаная, я настойвала на поўнай дыскваліфікацыі". Хелеланд мяркуе, што ў цяперашнім выглядзе санкцыі могуць не зрабіць станоўчага эфекту на дзеянні Расеі і адмову яе ад ужывання допінгу.

На практыцы расейскія спартоўцы змогуць выступаць на шматлікіх міжнародных спаборніцтвах. Забарона не закране рэгіянальных турніраў – напрыклад, еўрапейскіх чэмпіянатаў і тых спаборніцтваў, якія не адносяцца да катэгорыі "значных": напрыклад, этапаў кубкаў свету ў зімовых відах спорту. Гэтую акалічнасць раскрытыкаваў, напрыклад, швэдскі біятланіст Себасцьян Самуэльсан: «Дзіўна, калі спартоўцам нельга будзе выступаць на чэмпіянаце свету, але яны прадоўжаць свабодна бегаць на Кубку свету".

Заслужаная чырвоная картка

У Нямеччыне пастанова WADA была ўспрынятая станоўча. "Таму, хто гадамі топча нагамі каштоўнасці спорту, месца на лаўцы штрафнікоў, – мяркуе кіраўнік Нямецкага алімпійскага спартовага звязу (DOSB) Альфонс Хёрман (Alfons Hörmann). – У гэтым сэнсе чырвоная картка WADA – лагічны адказ на няспынныя маніпуляцыі і парушэнні правілаў сусветнага спорту".

Пастанову WADA пракаментаваў адзін з кіраўнікоў Нямецкага футбольнага звязу Олівер Бірхоф (Oliver Bierhoff). "Гэта заўсёды балючы захад для не датычных да скандалу маладых атлетаў. Але асабліва ў барацьбе з допінгам трэба дэманстраваць паслядоўнасць і адпаведным чынам жорстка спыняць", – адзначыў спартовы функцыянер.

Міжнародны паралімпійскі камітэт (IPC), чыя штаб-кватэра знаходзіцца ў Боне, таксама вітаў пастанову WADA: "Адказныя за маніпуляцыі з звесткамі Маскоўскай лабараторыі зрабілі, падобна, усё, каб падарваць прынцыпы справядлівага і чыстага спорту, якія падтрымлівае астатні спартовы свет".

Маштаб допінгавых маніпуляцый ў Расеі не пакідаў WADA іншага выбару, падкрэсліла старшыня камітэта бундэстага ў справах спорту Дагмар Фрайтаг (Dagmar Freitag). Яна выказала шкадаванне, што з расейскага боку дагэтуль няма разумення праблемы: "Палітыкі і функцыянеры мяркуюць, што іх краіну зусім незаслужана прыбілі да ганебнага слупа. Інакш я не магу інтэрпрэтаваць афіцыйныя заявы адтуль".

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках