25 красавiка 2024, Чацвер, 12:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як мянчанка скінула 16 кілаграмаў і навучылася есці

2
Як мянчанка скінула 16 кілаграмаў і навучылася есці
Фото: Екатерина Вольская

Змянілася не толькі цела, але і свядомасць.

25-гадовая Кацярына Вольская працуе бухгалтаркай, за два гады скінула 16 кг і апавядае tut.by пра тое, што лішняя вага змяняе не толькі цела, але і свядомасць.

«Я была такая чырвоная, як святлафор»

– Я бухгалтарка. Не, нават не пачынайце напяваць гэты мегахіт! Пачаўшы працаваць, я за адзін год набрала блізу 10 кг.

Ніколі не была худзенькай дзяўчынкай, але мяне гэта не хвалявала (на самай справе хвалявала, але вельмі глыбока ў душы). У залу я пайшла не з мэтай схуднець, а, хутчэй, ад цікаўнасці: усе ходзяць, а чым я горшая? Але калі пачала худнець і ўбачыла, як змяняецца цела, з'явіўся стымул працаваць яшчэ больш. Высветлілася, што я таксама магу быць прыгожай і худой.

Першы мой занятак быў у студзені 2018 года. Зала жаночая, натуральна: я ж саромелася да чорцікаў. На той момант мая вага набліжалася да 74 кг (каб вы разумелі, мой рост – 164 см). Каб не саскочыць, набыла абанемент і персанальныя трэніроўкі адразу на месяц.

Праз пяць хвілінаў на эліпсоідзе мне пачало здавацца, што я зараз выплюну ўсе свае ўнутраныя органы. А якога я была колеру... Хацелася б параўнаць сябе з памідоркай, але не. Я была такая чырвоная, як святлафор! Яшчэ пераследавала пачуццё, што з мяне абавязкова пачнуць смяяцца: я тоўстая і ўвогуле мала чаго магу зрабіць. Трэніроўка доўжылася крыху менш за гадзіну, а мне здавалася, што яшчэ ледзь-ледзь – і я памру.

Цяпер у зале я магу правесці і тры, і чатыры гадзіны. Цяжка ўявіць сваё жыццё без трэніровак: гэта мой наркотык, без якога таксама ламае.

«Часам хочацца наесці родны тлушч назад»

Фото: Екатерина Вольская

Пра пахуданне звычайна кажуць у кантэксце змены цела. Усё выглядае нядрэнна: я такая вось узялася за сябе і змагла, рачкавала ў зале, здаровае харчаванне, усе справы (цяпер я разумею, што няма тоўстых людзей, ёсць гультаяватыя, але сёння не пра гэта). Але я хачу расказаць пра тое, як цяжка прыняць новую сябе. Так, ты становішся прыгажэйшай, радуешся гэтаму, а што ўсярэдзіне? Усё яшчэ разгубленасць: звычка насіць шырокае і цёмнае, напрыклад, нікуды не сыходзіць. Ты сябе ўгаворваеш, што ты насіла такое не таму, што хацела схаваць увесь свой тлушчык, а таму, што зручна. Ага, зручна, і ветрык паддзімае, не так горача. Толькі на самай справе ты хавалася. Гэта была твая браня. І цяпер яна знікае. Нібыта і імкнулася да гэтага – і палохаешся. Ты стаіш быццам голая перад усімі. Так і хочацца прыкрыцца, часам нават наесці назад увесь гэты такі родны тлушчык! Але ты моцная, ты трымаешся і працуеш над сабой далей.

Усе страхі і няўменні толькі ў галаве. Як сказаў Роберт Кіёсакі, «ваш мозг можа ўсё. Абсалютна ўсё. Галоўнае, пераканаць сябе ў гэтым. Рукі не ведаюць, што яны ўмеюць адціскацца, ногі не ведаюць, што яны слабыя, жывот не ведае, што ён суцэльны тлушч. Гэта ведае ваш мозг. Пераканаўшы сябе ў тым, што вы можаце ўсё, вы сапраўды зможаце ўсё».

За два гады я скінула прыкладна 16 лішніх кг. Важнай была падтрымка блізкіх і трэнера. У нейкі момант пачала выкладваць у інстаграм вынікі: не ўяўляеце, колькі добрых словаў я атрымала ад чужых людзей.

«На залу за месяц выдаткоўваю 250 рублёў»

Фото: Екатерина Вольская

Я ем курыцу, шмат агароднінных салатаў, супы, садавіну, тварог, яйкі. Колькі выдаткоўваю? Сказаць складана, бо набываю прадукты не я. Быў перыяд, калі тры месяцы я сілкавалася паводле плана, распісанага трэнерам: узважвала, лічыла каларыйнасць – так сышлі 5-6 кг. Быў і непрыемны момант, калі я пастанавіла не есці: давяла сябе да таго, што складана было ўстаць з ложка. Гэта небяспечныя гульні. Есці трэба. І, як паказала практыка, здаровае збалансаванае харчаванне – гэта не пра маленькія порцыі.

Выдаткі на залу за месяц блізу 250 рублёў (безлімітны абанемент і тры персанальныя трэніроўкі на тыдзень). За два гады я змяніла тры залы. Першая была жаночая, але яна, на жаль, зачынілася. У другой не склаліся стасункі. А трэцяя зала стала сапраўднай знаходкай: прыязная абстаноўка, вечны пазітыў, святы, конкурсы, акцыі. Што я не памяняла за гэтыя два гады – дык гэта свайго трэнера. Гэта чалавек, які павінен ведаць пра цябе ўсё і нават больш. Бачыў цябе ў розных станах. Можа люлей панадаваць, а можа і цукеркай пачаставаць. Мой трэнер – проста падарунак лёсу!

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках