28 сакавiка 2024, Чацвер, 18:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як жылі ў падзеленым мурам Бэрліне

7
Як жылі ў падзеленым мурам Бэрліне
ФОТА: AFP

Брандэнбуржская брама - адно з самых вядомых месцаў у Бэрліне.

Яшчэ 30 гадоў таму яна знаходзілася ў нэйтральнай зоне і з усіх бакоў была агароджаная бэрлінскім мурам. Падысці да яе было немагчыма, піша «Настоящее время».

"Гэта была мая мара - падысці да Брандэнбуржскай брамы", - апавядае гісторык, даследчык бэрлінскага муру Аляксандр Міндлін.

Заходні Бэрлін быў цалкам аточаны. Нэйтральная палоса доўжылася 166 кіламэтраў. Мяжа праходзіла проста па вуліцах і нават дамах.

"Быў калючы дрот з некалькіх шэрагаў, быў сігнальны дрот пад электрычным токам, там ляжалі краты з вострымі шпянькамі, былі равы з вадой, была следавая палоса, пясок, на якім глядзелі сляды, была канвойная зона, дзе з сабакамі хадзілі, стаялі вельмі магутныя ліхтары, яны былі настолькі магутныя, што тыя, хто жыў недалёка ад муру, захіналі сабе ў спальні вокны шторамі", - успамінае Міндлін.

Аляксандр Коган у той час часта ездзіў з захаду на ўсход. І рабіў гэта часцяком нелегальна. Ён жыў у Заходняй Нямеччыне і працаваў, як і цяпер, у салоне оптыкі, а ў вольны дні разам з амэрыканскімі сябрамі ездзіў у ГДР.

"Яны паказвалі свой нейкі пашпарт або спецыяльны дакумент, і з ім нас прапускалі ўмомант. Без праверак нейкіх, хто сядзіць у самаходзе. Не мелі права гэта рабіць. Але нумары аўтамабіля не цікавілі нікога. І я ў складзе гэтай кампаніі бываў там", - апавядае Коган.

Калі б яго затрымалі супрацоўнікі таемнай паліцыі "Штазі" - наступствы маглі быць непрадказальнымі. Гэта была вялікая рызыка, і ўсё дзеля таго, каб схадзіць у тэатр: "Мне падабаліся тэатры ў ГДР, бо сваёй ігрой яны мне былі бліжэйшыя, чым заходнія. У заходнім тэатры былі добрыя спектаклі, рэжысёры, але ўсё было досыць стэрыльным. А там усё здавалася больш цёплым, аўтэнтычным".

"Ніхто не мог паверыць"

А вось трапіць з усходу на захад было практычна немагчыма. Людзей, якія важыліся ўцякаць, расстрэльвалі з веж.

"З гэтых акенцаў або байніц стралялі ў тых, хто спрабаваў уцячы ў Заходні Бэрлін, - гэта галоўная функцыя гэтых вартавых веж і была - ахоўваць зону, не даваць нікому перайсці і забіваць тых, хто паспрабуе гэта зрабіць", - адзначае гісторык Аляксандр Міндлін.

Дагэтуль дакладна невядома, колькі людзей было забіта пры спробе ўцёкаў. Улады шмат якія выпадкі замоўчвалі. Незалежныя расследаванні паказалі, што загінулых больш за тысячу.

Адна з першых ахвяраў муру - Пэтэр Фэхтэр. Яму было 18 гадоў. Ён паспрабаваў пералезці цераз мур, але памежнікі яго заўважылі. "Жаўнеры ГДР пачалі страляніну, ужо сёння мы ведаем, што пазней у ягоным целе знойдуць 30 з лішкам куль адначасова, мабыць, стралялі чэргамі, мабыць, з некалькіх месцаў падбіўшы яго на муры. Яны яго не забілі да канца. Ён упаў ва Усходні Бэрлін", - кажа Аляксандр Міндлін.

Практычна гадзіну Пэтэр ляжаў каля муру і прасіў аб дапамозе, але ніхто да яго не падышоў. Хоць з абодвух бакоў Пэтэра Фэхтэра было добра відаць.

"Ён сплыў крывёй, гэта ўсе фатаграфавалі, і фатаграфіі хлопца, які сплывае крывёй, абышлі тады ўвесь свет. У сучасным Бэрліне на гэтым месцы зробленая круглая пляма з чырвонага граніту", - кажа далей Міндлін.

Пасля будаўніцтва Бэрлінскага муру ў горадзе абсталявалі некалькі кантрольных пунктаў. Самы вядомы з іх - "Чэкпойнт Чарлі" на вуліцы Фрыдрыхштрасэ.

9 лістапада 1989 года - самы памятны дзень у жыцці, калі мур літаральна ўміг перастаў існаваць, і можна было вольна рухацца.

"Людзі абдымалі адзін аднаго незалежна ад таго, знаёмы гэта быў чалавек ці не. Яны проста плакалі. Ніхто не мог паверыць, але гэта была рэальнасць. Гэта быў вялікі дзень. Мур і мяжа ў Бэрліне падзялялі не толькі Нямеччыну, але і ўвесь свет" , - кажа дырэктар музэя "Чэкпойнт Чарлі" Аляксандр Гільдэбрант.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках