28 сакавiка 2024, Чацвер, 23:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што на самай справе святкуюць расейцы ў «Дзень народнага адзінства»

25
Што на самай справе святкуюць расейцы ў «Дзень народнага адзінства»

Як продкі беларусаў «падарылі» РФ свята.

Пачынаючы з 2005 года, у Расеі пампезна і з размахам святкуецца так званы «Дзень народнага адзінства». У тлумачальнай запісцы да праекту закона аб заснаванні гэтага свята, адзначалася: «4 лістапада 1612 года воіны народнага апалчэння пад правадырствам Кузьмы Мініна і Дзмітрыя Пажарскага штурмам узялі Кітай-горад, вызваліўшы Маскву ад польскіх інтэрвентаў і прадэманстраваўшы ўзор гераізму і згуртаванасці ўсяго народа, незалежна ад паходжання, веравызнання і становішча ў грамадстве», піша istpravda.ru.

Так што ж усё-ткі адбылося ў тым далёкім 1612 годзе, 415 гадоў таму? І чаму нават у самой Расеі не ўсе адназначна ўспрымаюць увядзенне гэтага свята? Да прыкладу, вядомы пісьменнік Віктар Ерафееў вельмі негатыўна адгукнуўся пра гэтае «свята», сказаўшы літаральна наступнае: «Мяркую, што гэта занадта надуманае, фальшывае мерапрыемства, пафас якога намаганнямі дзяржаўнай прапагандысцкай машыны будзе разадзьмуты да ўрачыстасці сусветнага жлобства.

Увогуле, я мяркую, што гэта вялікая памылка – узводзіць у ранг дзяржаўнага свята даволі сумнеўныя разборкі ўладных груповак часоў Смутнага часу, піша westki.info. На месца аднаго памылковага і наскрозь фальшывага свята, я маю на ўвазе гадавіну Кастрычніцкага перавароту, прыдумалі іншае – такое ж фальшывае і лжывае, якое служыць толькі адной мэце: прадаўжаць распальваць варожасць і непрыязнасць паміж нашымі народамі».

Пад «нашымі народамі» В.Ерафееў мае на ўвазе расейцаў і палякаў, але самі палякі мяркуюць сябе... толькі адносна датычнымі да падзеі лістапада 1612 года. На думку польскага гісторыка Ераніма Грааля: «...што мяне крыху бянтэжыць у выкладзе падзей часоў Смуты, – гэта ўпор на польскае паходжанне захопнікаў. Бо ў войску “ляхаў”, уласна этнічных палякаў было не больш за 30%, астатнія былі літоўцамі, беларусамі (ліцвінамі), украінцамі і немцамі. Бо самі сучаснікі часта называлі інтэрвентаў “ліцвінамі”. Акрамя таго, апалчэнне Мініна і Пажарскага выгнала з Крамля і расейскіх баяраў, разам з будучым царом Міхаілам Раманавым, ягонай маці і дзядзькам».

А, напрыклад, біскуп-вікарый архідыяцэзіі Маці Божай Анджэй Стэцкевіч увогуле не разумее, што ж такога адзначаюць у Расеі 4 лістапада: «Калі гэтае свята ўвялі, я часта пытаўся суайчыннікаў: “Што азначае дата – 1612 год?” Амаль ніхто не даваў мне адказу».

Сапраўды, выдаваць унутраныя разборкі некалькіх палітычных групаў, калі адна з іх (маскоўская сямібаяршчына) выступіла прыхільнікам прызыву на царства польскага каралевіча, называць гэта днём нейкага «народнага адзінства» – больш чым дзіўна.

Фактычна можна гаварыць пра грамадзянскую вайну, якая адбывалася ў той час у Масковіі (Расеі) паміж прыхільнікамі і праціўнікамі польскага караля і вялікага князя літоўскага Жыгімонта III і яго сына Уладзіслава. І не больш за тое. Уласна, сам сабой факт уцаравання замежнай дынастыі быў бы не новы для Масковіі, бо тыя ж Рурыкавічы былі прызваныя на княжанне з Скандынавіі, а з сярэдзіны XVIII стагоддзя краінай кіравалі немцы. І нікога гэта не абурала.

Апалчэнне Мініна і Пажарскага не так змагалася за незалежнасць Расеі, як удзельнічала ў банальных разборках за ўладу паміж дзвюма спаборнымі групоўкамі. На баку другой групоўкі выступалі ліцвіны (беларусы), якія складалі больш за палову ў войску так званых «інтэрвентаў».

Так, камендантам літоўскага гарнізона ў крамлі да лета 1612, быў вялікі рэфендар літоўскі Аляксандр Корвін-Гансеўскі, якога на гэтай пасадзе змяніў Мікола Струсь – літоўскі (беларускі) палкоўнік, які камандаваў гарнізонам крамля летам – восенню 1612, г.зн. аж да яго здачы. І, нарэшце, дэблакавальнай групоўкай войскаў, што прабівалася на дапамогу абаронцам, камандаваў Ян Караль Хадкевіч, у 1605–1621 гадах ён займаў пасаду вялікага гетмана Літоўскага.

Фармальна Маскоўскім царом, аж да 1634 года, заставаўся сын Жыгімонта III – кароль польскі і вялікі князь літоўскі Уладзіслаў IV Ваза. Яшчэ ў 1610 годзе ён быў запрошаны на царства маскоўскімі баярамі і духавенствам. Уладзіславу прысягнулі на вернасць практычна ўсе жыхары Масквы і многіх іншых гарадоў. Нават чаканілася манета з ягонай выявай.

Але ў момант, калі Мінін і Пажарскі збіралі апалчэнне, у Масковіі (Расеі) ужо быў законны і прызнаны народам цар. Ва ўсякім выпадку – адной з супрацьлеглых груповак. Нядзіўна, што заходнія каралі і манархі не ўспрынялі сур'ёзна наступнае «ўзыходжанне» Міхаіла Раманава. Бо законным царом яны меркавалі Уладзіслава IV Вазу.

Польскі кароль і вялікі князь літоўскі ў той час быў рэальным кіраўніком большай часткі Маскоўскіх земляў. Мяжа праходзіла ўсяго за 100 км ад Масквы, а за ёй ляжалі землі, заселеныя ў асноўным не расейцамі, а мардвой, чувашамі, удмуртамі, башкірамі, татарамі і іншымі народамі.

І, нарэшце, зусім незразумела, чаму сёння ў Расеі святкуецца менавіта 4 лістапада? У гэты дзень адзін з атрадаў апалчэнцаў Мініна і Пажарскага захапіў частку ўмацаванняў Кітай-горада, прымусіўшы ліцвінаў адступіць у Крэмль. Гэты бой зусім не быў «вызначальным». Бітва доўжылася і 5 лістапада, і толькі ўвечары таго ж дня камандаванне гарнізона падпісала капітуляцыю. А адкрыццё брамы і здача гарнізона ўвогуле адбыліся ўжо 6 лістапада.

Дарэчы, некаторым з абаронцаў у крамлі – ліцвінам харунжага Будзілы – маскоўцы захавалі жыццё, аднак палонных салдатаў з палка Міколы Струся, насуперак умовам капітуляцыі («у здароўі пакінуць і ў павазе мець»), 9 лістапада казакі князя Трубяцкога жорстка пакаралі смерцю, пасеклі шаблямі.

Адказваючы на пытанне, вынесенае ў загаловак, можна сказаць, што 4 лістапада расейцы святкуюць: па-першае, перамогу адной палітычнай групоўкі, якая змагалася за ўладу ў краіне, над іншай. У «Смутны час» не было і не магло быць ніякага «народнага адзінства». А па-другое, выгнанне з Масквы літоўскага (беларускага) войска, у шэрагах якога была некаторая колькасць палякаў, жамойтаў (летувісаў), русінаў (украінцаў) і наймітаў, у асноўным з германскіх земляў.

У той час маскоўцы часцей успрымалі войска «чужынцаў» менавіта як літоўскае (беларускае) а не польскае: «Приуспевшим же всем казаком к обозу у великомученицы христовы Екатерины, и бысть бой велик зело и преужасен; сурово и жестоко нападоша казаки на войско литовское: ови убо боси, инии же нази, токмо оружие имущие в руках своих и побивающие их немилостивно. И обоз у литовских людей розорвали».

Паўстае пытанне, чаму б сёння расейскім гісторыкам і палітыкам не сказаць адкрыта, што маўляў Маскву ў 1612 годзе вызвалялі не столькі ад палякаў, колькі ад беларусаў? Адказ просты. Таму што праўдзівая трактоўка падзей разбурыць імперскі міф пра адвечнае сяброўства расейскага і беларускага народаў, і пра падкопы «падступных палякаў».

Фактычна само словазлучэнне «польскія інтэрвенты» ў дачыненні да лістападаўскіх падзей 1612 г. не толькі з'яўляецца няслушным, але і нясе на сабе паланафобскую афарбоўку. І цалкам меў рацыю расейскі пісьменнік В.Ерафееў, калі сказаў, што гэтае свята служыць толькі адной мэце: «...прадаўжаць распальваць варожасць і непрыязнасць паміж нашымі народамі».

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках