18 красавiка 2024, Чацвер, 8:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Блогер Сяргей Пятрухін: Лукашэнка прабіў дно, яго трэба мяняць

39
Блогер Сяргей Пятрухін: Лукашэнка прабіў дно, яго трэба мяняць
СЯРГЕЙ ПЯТРУХІН

Узурпатара нельга дапускаць на новы тэрмін.

Пра гэта ў інтэрв'ю Charter97.org заявіў вядомы блогер і актывіст з Берасця Сяргей Пятрухін.

– Як Вы ацэньваеце нядаўнія «выбары» ў «парламент»?

– Гэта былі самыя слабыя «выбары» для ўладаў: яны, на мой погляд, страшэнна перапалохаліся і папрыбіралі ўсіх кандыдатаў, якія маглі "звабіць" за сабой людзей.

Яны ў камісіі прызначылі толькі праўладных людзей, вельмі маленькі адсотак быў актывістаў. Нарэшце, яны вар'яцка шугаліся ўсяго на саміх участках для галасавання.

Напрыклад, мяне яны выдалілі з участка праз тое, што, з словаў старшыні камісіі, я выклаў у інтэрнэт відэа з буфетам – гэта значыць, з тым, што прадаецца ў буфеце.

На мой погляд, гэта смеху вартае. Якое дачыненне мае буфет з гарэлкай, з таннымі напоямі і ежай да выбарчага ўчастка? Хоць тое, што мне трэба, я і так у дастатковай колькасці наздымаў, але яшчэ не выкладваў...

Я думаю, што самая вялікая праблема цяпер пры ўладзе – гэта тое, што ў людзей няма да іх даверу. Уладам абсалютна не давяраюць, людзі бачаць, што міліцыя – гэта здраднікі ў пагонах, што чыноўнікі – гэта здраднікі, якія толькі крадуць сабе ў кішэню. І тыя, і іншыя ўважаюць народ быдлам. І такое адчуванне ў людзей ёсць – што да іх так ставяцца, і яны абсалютна не давяраюць уладзе. Гэта відаць не толькі з «выбараў», але і з нядаўняга перапісу насельніцтва. Перапісчыкаў не пускалі ў дом і не адказвалі на іх пытанні: людзі ведалі, што ўлада праводзіць збор інфармацыі ў сваіх інтарэсах. Шмат хто з маіх знаёмых не захацеў удзельнічаць у гэтым сумнеўным мерапрыемстве і не пусціў перапісчыкаў.

– А як Вы ацэньваеце альтэрнатыўную кампанію, якую, выкарыстоўваючы магчымасці перадвыбарчай агітацыі, праводзілі барацьбіты з акумулятарным заводам, незалежныя блогеры, грамадзянская кампанія «Еўрапейская Беларусь»?

– Мне ўсё падабаецца і я ўсё падтрымліваю, што накіравана супраць гэтага антынароднага ладу. Я задаволены, што людзі змаглі ўбачыць альтэрнатыву.

На прыкладзе актывістаў з Берасця, якія ўступілі ў канфлікт з уладай праз экалогію, вельмі добра відаць, як развіваюцца такія рухі.

Спачатку яны думалі, што трэба займацца толькі экалогіяй – але потым пайшлі ў палітыку. Хоць раней казалі: «Не, якая палітыка, мы толькі за экалогію рупімся. А потым убачылі, што ў нас у краіне ўсё – палітыка, што ўсё пастаўлена ўладай з ног на галаву – і пайшлі займацца гэтай самай палітыкай.

І «Еўрапейская Беларусь» таксама выдатна напалохала ўлады. У выступах іх кандыдатаў чыноўнікі адразу ўбачылі для сябе такое, што пастанавілі перастрахавацца. Хоць нічога ж у словах актывістаў «Еўрапейскай Беларусі» не супярэчыла заканадаўству, яны яго не парушалі.

Тое, што ўлада разгубілася і не дала нам выказваць сваё меркаванне на Плошчы і ў іншых месцах – гэта вельмі важны паказнік, і гэта супярэчыць нашай Канстытуцыі.

І тое, што рабілі блогеры падчас гэтай кампаніі, мне таксама вельмі спадабалася, таму што гэта выдатна аб'ядноўвае людзей.

Асабліва хачу адзначыць мерапрыемствы пад назвай Сустрэчы свабодных людзей: першае, якое прайшло на заклік блогера NEXTA, і другое, якое прайшло праз тыдзень. Самая важная іх рыса – там было вельмі шмат маладых людзей. Гэта мне, чалавеку, якому хутка будзе 50 гадоў, кажа пра многае, гэта мяне проста натхняе, нарэшце.

Таму што прыйшлі новыя і маладыя... Няхай яны не казалі адразу нейкія вывераныя рэчы – але яны казалі шчыра, ад сэрца, было відаць, што яны за Беларусь хварэюць і перажываюць – і гэта было вельмі прыемна. Я думаю, што за такімі людзьмі будучыня. Яны не збіраюцца кудысьці з’язджаць, і, я так разумею, улада не запужала іх.

І яны здольныя нешта ў нас памяняць, таму што бачаць, што краіна ў тупіку. Відаць, што моладзь хвалююць і гэтыя дзіўныя «аб'яднанні з Расеяй»: усе разумеюць, што гэта край ужо. Лукашэнка цяпер прадасць усё, што толькі можна, і незалежнасць таксама, бо гэта зусім не яго краіна. Ён для нас – проста нейкая пачвара, якая ўпала з неба. І іронія лёсу ў тым, што чалавек, абсалютна чужы нашай краіне, кіруе беларусамі...

– На гэтых «выбарах» вядомасць у СМІ атрымалі дзве абсалютна палярныя падзеі: з аднаго боку – берасцейка, якая на загад кіраўніцы несла бюлетэні для ўкіду туды, а з другога боку – назіральніца ў Менску Ганна Тоўчыкава, якая не пабаялася са слязамі на вачах расказаць, як камісія фальсіфікуе «выбары». Як Вы пракаментуеце абодва выпадкі?

– Разумееце, што тычыцца Настассі Кулічковай, якая спрабавала ўкінуць бюлетэні, магу сказаць так: вырасла цэлае пакаленне, якое не ведае ніякага палітычнага ладу, акрамя рэжыму Лукашэнкі. І я думаю, што ў такіх умовах маладым вельмі цяжка стаць звычайным чалавекам. І мне вельмі непрыемна, што такіх прыстасаванцаў, як Наста Кулічкова, даволі шмат. Ёй сказалі – яна зрабіла. Можа, яна нават не разумее, што гэта злачынства, што яно не мае тэрмінаў даўніны.

А тое, што ёсць такія людзі, як назіральніца Ганна Тоўчыкава, гэта радуе і абнадзейвае. Я шчыра думаю, што ў нас вельмі шмат цвярозай моладзі, якая ўсё ж выхаваная на правільных каштоўнасцях, чаго-небудзь хоча і пра нешта марыць. Відэа Ганны Тоўчыкавай узрушае, хоць я і не скажу, што яно – нейкае адкрыццё. Таму што гэта было чакана – тое, што на ўчастках будуць фальсіфікацыі. Я думаю, што такіх назіральніцаў было шмат, проста не ўсе патрапілі ў трэнд, не захацелі запісваць відэа з нейкіх прычынаў. Але тое, што ў нас шмат нармальных людзей – гэта факт.

– Дарэчы, пра тое, што ў нас шмат годных людзей: як Вы пракаментуеце развітанне з Каліноўскім і ягонымі паплечнікамі ў Вільні? Уразіла Вас колькасць беларусаў, якія паехалі туды з нацыянальнымі сцягамі?

– Я шчыра скажу, не буду хітраваць і падманваць: я не выхоўваўся ў «бел-чырвона-белай» традыцыі, таму што я вучыўся ў савецкай школе, дзе, на жаль, гісторыя нашай краіны была схаваная і нам навязвалі каштоўнасці Савецкага Саюза. І мне вельмі цяжка перабудавацца. Але як чалавек, які стаў размаўляць на беларускай мове пасля 40 гадоў, я ўпэўнены, што гісторыю сваёй краіны трэба вучыць, даведвацца хто такі, напрыклад, Вітаўт ці Каліноўскі не ў 40 гадоў, і не ў 35 – а ведаць гэта з дзяцінства.

І вядома, я б туды абавязкова паехаў, мяне запрашалі, але я ж невыязны. І я разумею, што ўсе гэтыя мерапрыемствы вельмі важныя для людзей і для краіны. Напрыклад, я сябе не ўважаю цяпер нашчадкам Савецкага Саюза, я сябе адчуваю беларусам, і хоць мне не прышчапілі «бел-чырвона-белае», але ўсё роўна я вельмі цешуся, калі бачу гэтыя сцягі, таму што яны мне бліжэй, чым савецкія чырвона-зялёныя.

І я глядзеў трансляцыю з Вільні шмат гадзінаў: усё было годна і выразна. І тое, што афіцыйнае кіраўніцтва краіны аддало так мала ўвагі гэтай імпрэзе – гэта, вядома, для іх правал. І гэты чалавек, віцэ-прэм'ер Ігар Петрышэнка, які ўцёк ад журналістаў, не стаў нічога каментаваць... Усё гэта сведчыць, што намі кіруюць нейкія акупанты.

Таму што нельга так ставіцца да свайго гістарычнага сцяга, да сваіх герояў. Таму што толькі акупанты робяць герояў злачынцамі, а зладзеяў – героямі, як напрыклад Суворава. Ці як яны паназывалі вуліцы, і ніяк не мяняюць іх, імёнамі злачынцаў: Леніна, Дзяржынскага і іншых. Гэта таксама – частка акупацыі. Гэтыя людзі не маюць дачынення да нашай краіны, іх не павінна тут быць. Але яны ўжо столькі гадоў сядзяць у галовах, а Леніны стаяць на плошчах – і ўсё гэта вельмі дрэнна ўплывае на выхаванне моладзі. Навошта маладым ведаць, хто такі Ленін ці Дзяржынскі? Гэта злачынцы. А вось Вітаўта, напрыклад, не ўбачыш. Ці вуліцу ягонага імя. Або плошчу Усяслава Чарадзея... І калі прыйдзе новы ўрад, на мой погляд, вельмі важна памяняць тапаніміку.

– Вы запісалі відэазварот беларусаў, дзе яны выказваюцца рэзка супраць вылучэння Лукашэнкі на чарговы, ужо сёмы, тэрмін. Як нарадзілася гэтая ідэя і што Вы хацелі сказаць гэтым відэа?

– Лукашэнка сам сказаў, у сваім выступе: хай беларусы самі пастанаўляюць, ісці яму ці не ісці на чарговы тэрмін. Гэта значыць, ён сам даў нам глебу. Атрымліваецца так: ты спытаў – я адказаў, што я супраць! У тым, што я выказваю сваё меркаванне, нічога супрацьзаконнага няма.

Акрамя таго, я мяркую, што Лукашэнку ўжо нельга дапускаць да ўлады, таму што дно ўжо прабітае і далей будзе толькі горш.

За столькі гадоў кіраўніцтва ён прывёў нас, прабачце, у ж...у: маленькія гарады не жывуць, павышаецца пенсійны ўзрост, уводзяцца нейкія падаткі незразумелыя. А што ён робіць?

«Дэпутатку» гэтую вылучае 22 гады, незразумела, хто яна яму і што ёй там рабіць у «палатцы», гэтай дзяўчыне. Гэта ўсё – пасмешкі, пляўкі ў людзей. Далей з Лукашэнкам ва ўладзе будзе толькі горш, я так мяркую.

Што будзе яшчэ з ягонай інтэграцыяй з Расеяй – таксама незразумела. Яны толькі чакаюць свайго часу, мне здаецца...

Таму я за негвалтоўныя акцыі пратэсту. Мне здаецца, нас павінны натхняць такія прыклады, як Арменія, Чэхаславакія – дзе людзі масава выйшлі на негвалтоўныя акцыі. Проста трэба выйсці так, каб нас было сапраўды шмат...

Не буду казаць, што я ведаю, як менавіта гэта зрабіць. Але ведаю, што Лукашэнкі не павінна больш быць. Гэта маё перакананне. Яго не павінна быць ужо даўно. Таму што я мяркую, што ён уладу ўзурпаваў, захапіў. Не можа столькі тэрмінаў быць адзін чалавек, якім бы ні быў. Ёсць Канстытуцыя – калі ласка, рабі паводле яе. А так гэта – узурпацыя ўлады. Але ў апошні час узурпатару і ягоным людзям усё вылазіць бокам. Яны проста перайшлі рысу – і чыноўнікі, і суды, і «мянты». Яны не ведаюць што рабіць, і таму ўсюды ў іх атрымліваецца «касяк».

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках