24 красавiка 2024, Серада, 13:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што робіць фінскіх бацькоў асаблівымі?

4
Што робіць фінскіх бацькоў асаблівымі?
У ФІНЛЯНДЫІ БАЦЬКІ ПРАВОДЗЯЦЬ СА СВАІМІ ДЗЕЦЬМІ ШКОЛЬНАГА ЎЗРОСТУ БОЛЬШ ЧАСУ, ЧЫМ МАЦІ

У Фінляндыі бацькі праводзяць са сваімі дзецьмі школьнага ўзросту больш часу, чым маці.

Міністэрства сацыяльнага забеспячэння Фінляндыі выбрала трох мужчын для прысуджэння ім штогадовай узнагароды «Найлепшы бацька года», паведамляе расейская служба ВВС.

Яна ўручаецца з 2006 года і кожны год мае асаблівую тэматыку.

Тэма 2019 году - баланс працы і бацькоўскіх абавязацельстваў, а таксама выхаванне дзяцей у складаных варунках.

Адзінокія бацькі

Эрмані Утэла атрымаў прэмію за тое, што пасля смерці жонкі ў 2014 годзе адзін выхоўвае сваіх чацвярых дзяцей.

Аднойчы, калі ён спрабаваў накарміць з лыжкі адначасова траіх самых малодшых, ён раптам усвядоміў, як моцна змянілася ягонае жыццё, калі не стала жонкі.

«Я зразумеў, што з гэтага часу адзін буду займацца ўсімі штодзённымі справамі і даглядаць за дзецьмі», - прызнаўся ён у інтэрв'ю фінскай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Yle.

Ён узяў працяглы адпачынак на асноўнай працы і пачаў працаваць з дому. Плюс да гэтага ён стаў атрымліваць дапамогу ад мясцовай рады, ад царквы, а таксама ад розных арганізацый і сваякоў.

«Я спадзяюся, што мае дзеці, калі ўзгадваюць сваё дзяцінства, будуць думаць, што, нягледзячы на велізарны боль страты маці, іх бацька рабіў усё, што было ў яго сілах», - сказаў ён.

Прэмію таксама атрымаў Юка Лагерблом - за тое, што стаў выдатным прыкладам звычайнага бацькі, які не пасаромеўся звярнуцца па падтрымку ў Асацыяцыю псіхалагічнай дапамогі мужчынам Miessakit.

Трэцім узнагароджаным стаў Петры Яаакала, які вырас у сям'і алкаголікаў, але сам стаў ідэальным бацькам для сваіх дзяцей.

Іх у яго пяцёра, ён адзін іх даглядае і дапамагае іншым сем'ям ў такой жа сітуацыі.

Скандынаўскія таты

Паводле інфармацыі Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (АЭСР), Фінляндыя - адзіная развітая краіна, дзе бацькі праводзяць са сваімі дзецьмі школьнага ўзросту больш часу, чым маці.

АГІТАЦЫЙНЫЯ ПЛАКАТЫ КАМПАНІІ 2017 ГОДА, ЯКІЯ ЗАКЛІКАЮЦЬ ТАТАЎ НЕ ГРЭБАВАЦЬ БАЦЬКОЎСКІМІ АБАВЯЗКАМІ

Як і ў суседніх скандынаўскіх краінах, заканадаўства Фінляндыі дазваляе абодвум бацькам браць адпачынак у доглядзе за дзіцем, пры гэтым некалькі тыдняў адпачынку прызначаецца спецыяльна для бацькоў.

Фінляндыя таксама вядомая тым, што выдае новаспечаным бацькам скрынку з пасагам для нованароджанага, дзе змяшчаецца ўсё неабходнае - ад гігіенічных сурвэтак да адзення і цацак. Саму скрынку можна выкарыстоўваць як калыску для малога.

І ўсё ж ёсць адчуванне, што Фінляндыя адстае ад сваіх скандынаўскіх суседзяў у некаторых пытаннях сацыяльнага забеспячэння.

Тут, да прыкладу, больш нізкая нараджальнасць, што звычайна тлумачыцца нестабільнай сітуацыяй на рынку працы і недахопам асабістых сродкаў, і гэта непакоіць фінскія ўлады.

За Днём бацькі цяпер замацаваная пэўная дата ў календары - 10 лістапада, як і за Днём маці, які святкуецца ў сакавіку, што выразна дэманструе падыход уладаў: маці і бацькі роўныя як у тым, што тычыцца адказнасці, так і ў тым, што тычыцца адпачынку.

У чэрвені 2019 года новы кааліцыйны ўрад Фінляндыі на чале з прэм'ер-міністрам ад сацыял-дэмакратычнай партыі Анты Рынэ стаў праводзіць рэформу працоўнага заканадаўства ў частцы адпачынку па догляду за дзіцем.

Але, як заўважае адзін з узнагароджаных бацькоў, Эрмані Утэла, сям'ю ўмацоўваюць не толькі дадатковыя дні адпачынку. Тры самыя галоўныя рэчы, з ягоных слоў, гэта любоў, межы дазволенага і ежа.

Ён кажа, што навучыў сваіх дзяцей, як самім развязваць канфлікты і спрэчкі.

«Папрасіць прабачэння і дараваць. Калі тата раптам стаміўся і на нервах, то ён тлумачыць прычыны гэтага і просіць прабачэння. Гэта ў прыродзе чалавека – спрачацца», - кажа Эрман.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках