20 красавiка 2024, Субота, 2:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зь верай у праўду Каліноўскага мы пераможам

3
Зь верай у праўду Каліноўскага мы пераможам
Івонка Сурвілла

Старшыня Рады БНР зьвярнулася да грамадзкасьці.

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла і яе намесьнікі разам з прадстаўнікамі дзяржаўнага кіраўніцтва Літоўскай Рэспублікі, Польшчы, Украіны і Рэспублікі Беларусь прысутнічаюць на ўрачыстым набажэнстве з нагоды пахаваньня паўстанцаў 1863-1864 гадоў.

У сувязі зь сёньняшняй падзеяй Старшыня Рады БНР зьвярнулася да грамадзкасьці.

Падаем тэкст звароту:

"Шаноўныя суродзічы-беларусы,

Дарагія нашыя польскія і літоўскія суседзі і сябры.

Сёньня мы сьведкі вялікай гістарычнай падзеі. Нарэшце героі нашых трох народаў, паўстанцы, якія аддалі сваё жыцьці за нашу і вашу свабоду, знойдуць свой спачын.

Кастусь Каліноўскі і ягоныя паплечнікі сталі натхняльнікамі беларускага нацыянальна-вызвольнага руху. Каліноўскі стаў сымбалем барацьбы беларускага народу за вольнасьць, за свае нацыянальныя і сацыяльныя правы. "Каго любіш? Люблю Беларусь" - гэты пароль выкарыстоўвалі паўстанцы Каліноўскага. Гэты пароль нібы даў штуршок да нараджэньня нашай сучаснай нацыі і застаецца нашым паролем, нашым дэвізам па сёньня.

Вялікі гонар для нас быць сьведкамі доўгачаканага ганаровага пахаваньня гэтых людзей. Вялікі гонар - пакланіцца ім і ўшанаваць іхную памяць.

Героі-паўстанцы яднаюць нашыя тры народы: беларускі, літоўскі, польскі. Многія зь іх нарадзіліся на тэрыторыі цяперашняй Беларусі. Усе яны былі патрыётамі нашай супольнай гістарычнай айчыны, старадаўняй Літвы. І спачын яны знайшлі ў горадзе, які гэтаксама зьяўляецца сваім і для беларусаў, і для літоўцаў, і для палякаў: у Вільні.

Барацьба, якую вялі паўстанцы, праз 55 гадоў пасьля іхнае гераічнае сьмерці прывяла да абвяшчэньня незалежных Беларускай Народнай Рэспублікі, Літоўскай Рэспублікі і Польшчы.

Змаганьне Кастуся Каліноўскага і ягоных паплечнікаў служыць нам моцным прыкладам. Нават забіўшы цела, ворагі ня здолелі забіць дух нашай вызвольнай барацьбы. І празь дзесяцігодзьдзі нашыя народы перамаглі, бо кіравала імі прага да Волі і Свабоды.

Незалежнасьць Беларусі сёньня зноў пад пагрозай. Але зь верай у нашую праўду, якую так часта ўспамінае ў сваіх артыкулах Кастусь Каліноўскі, мы пераможам. Беларусь будзе вольнай дэмакратычнай краінай, як нашыя сяброўскія Польшча і Літоўская Рэспубліка, з кім мы разам у сёньняшні ўрачысты дзень.

Вечная памяць і слава нашым героям!"

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках