25 красавiка 2024, Чацвер, 23:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Польскія мытнікі масава анулююць чэкі Tax Free ў беларусаў

25
Польскія мытнікі масава анулююць чэкі Tax Free ў беларусаў

«Ваты» больш не вернем?

Беларусы скардзяцца, што апошнім часам польскія мытнікі сталі часцей ануляваць чэкі Tax Free, тыя самыя, улюбёныя кожным жыхаром памежжа «ваты».

Нпраыклад, з такімі праблемамі ўжо не раз сутыкнуліся жыхары Берасця, якія перасякаюць мяжу праз пункт пропуску «Берасце - Тэрэспаль». Супрацоўнікі мытна-падатковай службы Польшчы кажуць: усё на падставе законе, паведамляе tut.by.

Марыя (імя змененае на просьбу жанчыны) распавядае, што ў Польшчу ездзіць прыкладна раз на тыдзень і практычна кожны раз па вяртанні ў Беларусь афармляе якія-небудзь тавары паводле сістэмы Tax Free.

- Так, я часта ваджу праз мяжу нейкі тавар. Але гэта не для продажу. Часцей за ўсё для сябе і на просьбу сяброў: парашок, каву, шакалад, - распавядае жанчына.

Чарговым разам Марыя вярталася з Польшчы ўначы 21 лістапада. Мяжу пераязджала на «Варшаўцы».

- У аўто былі 4 чалавекі: я, муж і ягоны сябар, якія вярталіся з працы ў Польшчы, і свякроў. Набылі прадукты, «ваты» вырашылі аформіць на мяне, бо свякроў наўрад ці найбліжэйшым часам паедзе ў Польшчу, муж - таксама. Атрымалася, што я везла 35 плітак шакаладак, некалькі пачкаў кавы, пральны парашок. І вось - ануляванне Tax Free. Я паспрабавала растлумачыць, што купіла ўсё гэта на падарункі, каву - таксама на некалькі сем'яў. Але польскі мытнік быў непахісны, параіў звярнуцца да начальства. Але гэта тры гадзіны ночы, на месцы нікога не выявілася. Так мы і паехалі, - кажа Марыя.

Іншая жыхарка Берасця распавядае, што пры ёй на мяжы апошнім часам было некалькі адмоваў у афармленні Tax Free.

- Людзі казалі, што везлі нейкую бытавую тэхніку. Праўда, месяцы тры таму таксама везлі такія адзінкі тавару. Можа быць, менавіта ў гэтым і ёсць прычына анулявання, - кажа жанчына.

У тэлеграм-канале Мяжа BY! людзі абмяркоўваюць, што ануляванне чэкаў Tax Free на мяжы носіць масавы характар - і адбываецца гэта пераважна ў Тэрэспалі.

А ў Гародні, напрыклад, пра такую праблему пакуль не чулі - гэта значыць, калі такія ануляванні і былі, то насілі толькі адзінкавы характар.

Палякі ж тлумачаць: усё паводле закона.

- Супрацоўнікі мытнай службы маюць доступ да базы, дзе відаць, калі афармляліся дакументы вяртання ПДВ апошні раз у канкрэтнага чалавека. І калі мытнік высвятляе, што гэтая асоба апошнім часам, перасякаючы мяжу, часта перавозіла тавар адной і той жа катэгорыі, то мае права ануляваць дакумент Tax Free. Напрыклад, гаворка ідзе пра выпадкі, калі цягам 2 ці 3 месяцаў чалавек вёз 5 пральных машын (і афармляў вяртанне ПДВ на гэты тавар) або кожныя два дні правозіць па 20 кілаграмаў кавы і таксама афармляе вяртанне падатку.

Варта разумець, што Tax Free афармляецца тымі падарожнікамі, якія робяць пакупкі для асабістых мэтаў. А калі чалавек за непрацяглы перыяд часу вязе аднолькавы тавар, то ёсць вялікая імавернасць, што ўсё гэта перавозіцца ў мэтах далейшага продажу. Таму супрацоўнік, прааналізаваўшы звесткі, мае поўнае права ануляваць дакумент Tax Free - і робіць гэта ў рамках дзейнага заканадаўства. Пры гэтым тавар не затрымліваецца, яго свабодна можна правозіць праз мяжу, - патлумачыла прэс-сакратарка адміністрацыі падатковай службы Люблінскай мытна-падатковай управы Марта Шпакоўская.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках