24 красавiка 2024, Серада, 21:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прэм'ер Канады Джасцін Трудо прадставіў новы кабінет

Прэм'ер Канады Джасцін Трудо прадставіў новы кабінет
ДЖАСЦІН ТРУДО

Віцэ-прэм'еркай прызначаная былая кіраўніца МЗС Хрысця Фрыланд.

Прэм'ер-міністр Канады Джасцін Трудо праз месяц пасля парламенцкіх выбараў прадставіў свой новы кабінет. Шэраг міністраў ранейшага ўрада атрымаў новыя пасады, акрамя таго ў кабінет увайшлі і новыя чальцы, заявіў Трудо, лідар пераможнай на выбарах Ліберальнай партыі Канады ў сераду, 20 лістапада, у Атаве, паведамляе dw.com.

Хрысця Фрыланд атрымала ключавую пасаду ў новым кабінеце

Былая міністарка замежных справаў Хрысця Фрыланд прызначаная віцэ-прэм'еркай і будзе адказваць за зносіны паміж цэнтральным урадам і ўладамі канадскіх правінцый. МЗС Канады ўзначаліў Франсуа-Філіп Шампань, які ў ранейшым урадзе займаў пасаду міністра інфраструктуры і супольнасцяў.

Міністрам у пытаннях навакольнага асяроддзя і змены клімату стаў Джонатан Уілкінсан, ён да гэтага ўзначальваў Міністэрства рыбалоўства, акіянаў і канадскай берагавой аховы. Стывен Жылбо атрымаў пасаду міністра ў пытаннях канадскай спадчыны і мультыкультуралізму.

З 37 чальцоў урада прыкладна палова – жанчыны

"Я рады, што мы можам рабіць нашу працу такім чынам, як нам даручылі на выбарах канадцы: згуртаваць краіну, канцэнтравацца на эканамічным росце на карысць сярэдняга класу, змагацца са зменамі клімату і абараняць канадцаў", – заявіў Трудо, прадстаўляючы новы ўрад. У агульнай колькасці новы кабінет складаецца з 37 чальцоў, з іх прыкладна палова – жанчыны.

На выбарах у Палату супольнасцяў 21 кастрычніка Ліберальная партыя Канады страціла абсалютную большасць і была вымушаная сфармаваць урад меншасці. Партыя Трудо панесла страты галоўным чынам на захадзе краіны. Выбарнікі цэлага шэрагу заходніх і цэнтральных правінцый выказалі незадаволенасць энэргетычнай і экалагічнай палітыкай ранейшага кабінета.

Ліберальная партыя Канады атрымала большасць у 157 акругах з 338, яе найбліжэйшы спаборнік, Кансерватыўная партыя Канады, была ў лідарах у 121 акрузе. На трэцім месцы размесціўся "квэбэкскі блок", на чацвёртым – Новая дэмакратычная партыя. Яўка склала 62,95 адсотка з 27 млн выбарнікаў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках