28 сакавiка 2024, Чацвер, 20:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Спецдакладніца ААН раскрытыкавала беларускія ўлады

Спецдакладніца ААН раскрытыкавала беларускія ўлады
АНАІС МАРЫН

Анаіс Марын занепакоеная лёсам падлеткаў у нашай краіне.

Экспертка ААН у правах чалавека ў Беларусі занепакоеная лёсам падлеткаў, якія адбываюць пакаранне за правапарушэнні, звязаныя з наркотыкамі. Анаіс Марын заклікала беларускія ўлады прывесці Крымінальны кодэкс у адпаведнасць з уласнымі абавязальніцтвамі ў рамках Канвенцыі аб правах дзіцяці, якой сёння спаўняецца 30 гадоў, паведамляе tut.by.

«У выніку паніжэння ўзросту крымінальнай адказнасці за злачынствы, звязаныя з наркотыкамі, да 14 гадоў у турме апынуліся дзясяткі няпоўнагадовых. Іх асуджаюць да неапраўдана доўгіх тэрмінаў», – сказана ў заяве спецдакладніцы ў правах чалавека ў Беларусі.

Экспертка ААН абураная, што праблему спажывання наркотыкаў і наркатычнай залежнасці разглядаюць у крымінальным кантэксце, а не ў якасці праблемы аховы здароўя. «Арышт, затрыманне дзяцей і падлеткаў або іх змяшчэнне пад варту павінна быць скрайнім захадам, і перыяд пазбаўлення волі павінен быць максімальна кароткім», – мяркуе спецдакладніца.

Марын заявіла: яна занепакоеная тым, што «дзеці ўтрымліваюцца ў неадэкватных умовах, не маюць поўнага доступу да медыцынскай дапамогі і адукацыі і абмежаваныя ў зносінах з блізкімі». Акрамя таго, з яе словаў, іх жорстка караюць за дробныя ўчынкі і вымушаюць працаваць. У некаторых выпадках, паводле паведамленняў, парушаюцца гарантыі справядлівага судовага працэсу.

Экспертка ААН ухваліла намер уладаў пра амністыю, на два гады скараціць тэрмін утрымання пад вартай за злачынствы, звязаныя з наркотыкамі. Гаворка ідзе пра тых, хто здзейсніў іх у падлеткавым узросце. У той самы час, са шкадаваннем зазначыла спецдакладніца, гэты захад распаўсюджваецца толькі на тых зняволеных, хто атрымаў невялікія тэрміны турэмнага зняволення.

«Я заклікаю ўрад перагледзець заканадаўства ў галіне наркотыкаў і сістэму ювенальнай юстыцыі, у першую чаргу з тым, каб знайсці альтэрнатывы турэмнаму зняволенню», – заявіла Марын.

Афіцыйны Менск мандат спецдакладніцы не прызнае і заклікае Раду ААН у правах чалавека скасаваць яго, паказваючы на яго «несправядлівы і палітызаваны характар». Аднак СПЧ ААН кожны год падаўжае мандат спецдакладніка ў Беларусі.

У лістападзе летась спецдакладніцай у сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі была прызначаная Анаіс Марын. Яна не змагла наведаць Беларусь у сваім афіцыйным статусе: Марын адправіла ў МЗС ліст з просьбай дазволіць наведаць Беларусь з афіцыйным візітам, але адказу не атрымала.

Сёння ва ўсім свеце пазбаўленыя волі больш за сем мільёнаў дзяцей і падлеткаў. Гэта тыя, хто знаходзіцца ў турмах, цэнтрах утрымання імігрантаў і іншых закрытых установах, паведамляе ААН са спасылкай на свежае даследаванне.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках