28 сакавiка 2024, Чацвер, 16:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гандурас у цэнтры Еўропы

11
Гандурас у цэнтры Еўропы
АЛЯКСАНДР АБУХОВІЧ

Відавочна, у нас і ва ўрадзе ў асноўным МШПА.

Калі выйдзе гэтая газета, выбары ўжо скончацца. Спадзяюся. Яшчэ адна хваля парожняй мітусні пройдзе. Але ўсе праблемы краіны застануцца. Цяпер будзем чакаць 8 снежня потым - вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты, потым - выбараў прэзідэнта. Цэлы год сыдзе на гэтую мітусню.

За год (паміж «парламенцкімі» і «прэзідэнцкімі» «выбарамі» - рэд.) і пазыкі нашыя ўзрастуць, і канкурэнты яшчэ далей сыдуць, і яшчэ больш народу з'едзе», - піша Аляксандр Абуховіч у артыкуле на «БелГазеце».

Існыя дзяржпрадпрыемствы (з адносна паспяховых) тэхнічна адсталыя і тэхналагічна з сучаснымі прадпрыемствамі несумяшчальныя. Стратэгічны інвестар для іх і існаваць не можа. Фондам, якія займаюцца партфельнымі інвестыцыямі, проста забаронена інвеставаць у прадпрыемствы з недахопам уласнага капіталу. А ў нас недакапіталізацыя амаль ва ўсіх дзяржпрадпрыемстваў. Прычым востры недахоп абаротнага капіталу перакрыты невыкарыстоўванымі асноўнымі фондамі (чаму Белстат і думае, што капіталу ў прадпрыемстваў дастаткова).

Але гэта - для капіталу з боку. Унутры краіны інвестыцыйнага капіталу ў значных для макраэканомікі краіны аб'ёмах проста няма. Нядаўна Еўрастат апублікаваў інфармацыю аб чыстым багацці краін Еўропы. У Беларусі гэта багацце ў 6 разоў меншае чым у кожнай з краін Балтыі, у 50 разоў меншае, чым у Чэхіі, і амаль у 100 разоў меншае, чым у Польшчы. Пра якія ўнутраныя інвестыцыі можна весці размову?! Да методыкі іх разлікаў ёсць пытанні, але ж яна была адна на ўсіх.

Думаю, у нас узнікла яшчэ адна праблема. Я ўжо пісаў пра выпадак, калі патэнцыйны інвестар на маскоўскай канферэнцыі, які пахадзіў і пагутарыў, заявіў: «Тут у вас адны МШПА (мэнэджары шырокага профілю з ангельскай мовай). Яны добра апранутыя, добра выхаваныя. З імі прыемна гутарыць. Але яны нічога не ўмеюць! Мне патрэбныя інжынеры і тэхнолагі...» і з'ехаў.

Відавочна, у нас і ва ўрадзе, і сярод экспэртаў таксама ў асноўным МШПА, фінансісты і эканамісты. Пра тое, як выбудоўваць вытворчасць, яны хіба што чулі. Ды і сярод работнікаў вытворчасці людзей, якія маюць досвед выбудоўвання вытворчасці, ужо адзінкі: не было дзе гэты досвед атрымаць. А МШПА, фінансісты і эканамісты - не больш чым абслуга выбудоўвання ланцужкоў дададзенай вартасці. Развязваць пытанні павінныя не яны. У значнай ступені менавіта таму ў нас правальваецца інвестпраект за інвестпраектам.

Яшчэ на адным пытанні варта спыніцца: калянасць крэдытнай палітыкі. Нацбанк уважае гэта за свае дасягненні. З аднаго боку - магчыма. Прынамсі, удалося істотна абмежаваць нерацыянальнае выдаткоўванне грошай, знізіць інфляцыю. Але варта адзначыць: гэта - ва ўмовах стагнацыі эканомікі. З досведу іншых краін, эфектыўнае развіццё эканомікі ідзе пры М1= ВУП. У нас - блізу 30%. Адсюль і нясплаты, і недакапіталізацыя прадпрыемстваў з нізкімі заробкамі. Калі будзем спрабаваць выбрацца з крызісу, нам спатрэбіцца і эмісія, і механізм, які адсякае эмісійныя грошы ад спажывання. На спажыванне трэба зарабляць.

Праблем шмат, і праблемы найцяжэйшыя. Прычым наваліліся ўсе адразу. Але іх трэба развязваць. Давядзецца - і коштам зніжэння ўзроўню жыцця насельніцтва. Калі па-іншаму не здолеем. І часу на ўсё гэта няма: калі «беларуская мадэль» затрымаецца яшчэ на пяць гадоў, змены ў эканоміцы і структуры насельніцтва стануць незваротнымі. Атрымаем Гандурас у цэнтры Еўропы.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках