20 красавiка 2024, Субота, 1:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навукоўцы запісалі «песню» магнітнага поля Зямлі

Навукоўцы запісалі «песню» магнітнага поля Зямлі

Гукі з космасу апублікавалі спецыялісты з Фінляндыі.

Прааналізаваўшы звесткі з касмічнага апарата Cluster Еўрапейскага касмічнага агенцтва, даследчыкі змаглі перавесці хвалі, утвораныя ў выніку сутыкнення сонечных зараджаных часціц з магнітным полем нашай планеты, у дыяпазон, які здольнае ўспрыняць чалавечае вуха, піша «Вокруг света».

Менавіта так гучыць магнітнае поле Зямлі, калі на яго ўздзейнічаюць буры, якія адбываюцца на Сонцы. Цяпер навукоўцы выявілі, што бура на Сонцы «глыбока мадыфікуе» прастору адразу за магнітным полем Зямлі. Гэта адкрыццё дапаможа даследчыкам знайсці спосабы змякчыць патэнцыйны разбуральны ўплыў буры.

Як вядома, Сонца ўвесь час выпраменьвае зараджаныя часціцы, які называюць сонечным ветрам. Зямля абароненая ад яго магнітным полем, якое не дазваляе часціцам пранікаць у атмасферу. Аднак выбухі на паверхні зоркі могуць стварыць велізарныя аблокі зараджаных часціц і радыяцыі. Калі яны будуць накіраваныя да Зямлі, іх удар можа вывесці з ладу спадарожнікавыя сістэмы, выклікаць абясточванне і паўплываць на сістэмы GPS.

Мяркуецца, што магутная бура на Сонцы можа прычыніць чалавецтву страты на трыльёны даляраў. Калі навукоўцы разумецьмуць, што менавіта адбываецца падчас удараў сонечнай буры, яны змогуць распрацаваць больш эфектыўныя стратэгіі для змякчэння яе наступстваў.

Падчас даследавання, вынікі якога апублікаваныя ў часопісе «Geophysical Research Letters», каманда навукоўцаў на чале з Люсіль Турк з Універсітэта Хельсінкі выкарыстала дадзеныя касмічнай місіі Cluster.

Яны выявілі, што яе арбітальныя апараты ў перыяд з 2001 да 2005 года перажылі шэсць сонечных бур і запісалі магнітныя хвалі, якія ўтвараюцца ў турбулентнай вобласці прасторы пад назвай «фаршок» (foreshock), якая знаходзіцца адразу за межамі магнітнага поля Зямлі. Гэтыя хвалі затым былі пераведзеныя ў частоты, якія здольныя ўспрымаць на слых людзі. Такім чынам і з'явілася мудрагелістая «песня» магнітнага поля Зямлі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках