29 сакавiка 2024, Пятніца, 15:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Яўген Афнагель: Было смешна назіраць за істэрыкай Ярмошынай

23
Яўген Афнагель: Было смешна назіраць за істэрыкай Ярмошынай
ЯЎГЕН АФНАГЕЛЬ
ФОТА: ЮРЫ ДРУГ / CHARTER97.ORG

Праўда пра тое, што беларусы ненавідзяць Лукашэнку прагучала на ТВ.

Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель пракаментаваў для Charter97.org вынікі «парламенцкіх выбараў» у Беларусі.

– У чым асаблівасці гэтых «парламенцкіх выбараў»? Чым яны адрозніваліся ад папярэдніх?

– Для любой палітычнай сілы важна адпавядаць чаканням людзей. У Беларусі сёння гэта зусім не складана. Большасць насельніцтва не ўспрымае – і гэта мякка сказана – дыктатара і ўсё ягонае асяроддзе. Наш жа галоўны пасыл – змена ўлады на ўсіх узроўнях.

Беспрэцэдэнтны страх уладаў перад тым, што тэмы, якія да гэтага часу абмяркоўваліся большай часткай на кухнях і ў асабістых гутарках, будуць гучаць на вуліцах, стаў галоўным адрозненнем кампаніі. Тое, што нашы патрабаванні супалі з чаканнямі большасці беларусаў, прадвызначылі яе ход. Адсюль і адмова ў рэгістрацыі найбольш яркім прадстаўнікам кампаніі, тым, хто паслядоўна і жорстка крытыкаваў рэжым. Адгэтуль жа і масавае зняцце кандыдатаў ад «Еўрапейскай Беларусі» ў першы тыдзень агітацыі, нядопуск на ТБ і радыё, крадзеж гукаўзмацняльнай апаратуры і іншыя дробныя поскудзі. Я ўжо не кажу пра цырк з дзяўбаннем пліткі на Кастрычніцкай і скачкі амапаўцаў на калонцы на плошчы Свабоды – дзякуючы журналістам гэта ўбачылі ўсе. Смешна было назіраць і за нямоглай істэрыкай Ярмошынай, якая не ведала, што рабіць з яркай кампаніяй нашых актывістаў, і за нервовымі канвульсіямі чальцоў яе выбаркамаў, якія дзяжурылі на нашых пікетах, чапляліся да лозунгаў і проста блыталіся пад нагамі.

Усе іх намаганні былі накіраваныя на тое, каб тэма змены ўлады не абмяркоўвалася. І ўсе іх намаганні цалкам праваліліся. Змена ўлады стала галоўнай тэмай кампаніі, а словы «калгаснай дыктатуры – баста!» – самым папулярным лозунгам гэтай восені.

– «Еўрапейская Беларусь» і яе хаўруснікі фактычна праводзілі кампанію актыўнага байкоту «выбараў». Што яна Вам дала? Як Вы ацэньваеце яе вынікі?

– На самай справе кампанію байкоту праводзіла большасць беларусаў. Ні для каго ж не сакрэт, што «выбары» фальсіфікуюцца, а «дэпутаты» – прызначаюцца ўладамі. На першым этапе кампаніі гэта нават склала пэўныя складанасці для нас, бо людзі, якія падыходзілі на пікеты для збору подпісаў, шчыра не разумелі, навошта мы ўдзельнічаем у выбарчай кампаніі. Ужо тады было зразумела, што «выбары» праваляцца.

Вынік байкоту мы ўсе бачылі 17 лістапада на пустых выбарчых участках. Лікі, якія давалі незалежныя назіральнікі, паказалі, што беларусы не вераць уладам і не збіраюцца ўдзельнічаць у іх спектаклі.

Мы выкарыстоўвалі легальныя магчымасці, якія давала кампанія для таго, каб апавесці пра свае мэты і задачы максімальнай колькасці жыхароў краіны. Думаю, гэта атрымалася. Прайшлі сотні пікетаў у Менску, Берасці, Бабруйску, Оршы і іншых гарадах краіны – гэтым не можа пахваліцца ні адна палітычная сіла ў Беларусі. Распаўсюджаныя дзясяткі тысяч буклетаў і ўлётак, прайшлі некалькі масавых акцый. Мы яшчэ раз пераканаліся, што нашы патрабаванні, галоўнае з якіх – змена ўлады на ўсіх узроўнях – знаходзяць падтрымку ў абсалютнай большасці жыхароў краіны.

Напэўна, самым важным вынікам для нас стала тое, што да «Еўрапейскай Беларусі» далучыліся сотні новых людзей, частка якіх адразу стала ўдзельнічаць у актыўнай дзейнасці, многія прыйшлі на сустрэчы 15 і 16 лістапада. Таксама адзначу з'яўленне новых лідараў як у Менску, так і ў рэгіёнах. Магу назваць Андрэя Войніча, Аксану Юшкевіч, Міхаіла Бандарэнку, Арсенія Чыгіра, Змітра Казлова, Арсенія Дзядка. Упэўнены, што яны яшчэ праявяць сябе ў будучыні.

– Лукашэнка і Ярмошына досыць эмацыйна рэагавалі на інфармацыю, якая патрапіла ў СМІ, пра фальсіфікацыі на «выбарах» і на іх непрызнанне АБСЕ. Пра што, на Вашу думку, гэта можа казаць?

– На злодзею шапка гарыць. Калі дзіця нашкодзіла і яго тыкаюць носам у тое, што яно нарабіла, яно, бывае, пачынае нервавацца, плакаць і апраўдвацца. Некаторыя гэтую рысу захоўваюць на ўсё жыццё. І Лукашэнка, і Ярмошына выдатна ведаюць, што іх "выбары" нікому не цікавыя, што імі людзі пагарджаюць і не вераць ім. Што ім застаецца рабіць? Прызнаць гэта публічна смеласці ніколі не хопіць. Застаецца толькі спрабаваць зрабіць добрую міну пры дрэннай гульні. Але нават гэта ў іх ужо не атрымліваецца. І ад гэтага яны шалеюць яшчэ больш.

– Дзяржаўныя прапагандысты змянілі сваю тактыку татальнага замоўчвання і адрэагавалі на Ваша інтэрв'ю «Еўраньюс» пра «выбары» і нянавісць людзей да Лукашэнкі. Як Вы гэта пракаментуеце?

– Будзем меркаваць гэта маленькай кампенсацыяй за пазбаўленне законнага эфіру дзесяці нашых кандыдатаў. Усё ж такі праўда пра тое, што беларусы ненавідзяць Лукашэнку і ягоных чыноўнікаў, прагучала на афіцыйным тэлебачанні. Шкада, вядома, што яго ніхто не глядзіць.

– Дыктатар надае гэтым «выбарам» вялікае значэнне, называючы іх «генеральнай рэпетыцыяй» прэзідэнцкай кампаніі 2020 года. Што паказала гэтая «генеральная рэпетыцыя»?

– Адсутнасць падтрымкі ў Лукашэнкі, татальны недавер да ўлады, велізарную стомленасць ад дакучлівай могілкавай «стабільнасці». Думаю, што сяго-таго моцна расчаравала такая «генеральная рэпетыцыя». А вось для многіх беларусаў гэтая кампанія вярнула надзею на хуткія перамены.

– Ваш прагноз: як будуць развівацца падзеі ў лёсавызначальным 2020 годзе?

– Гэта будзе залежаць ад нас усіх. Я ўжо сказаў, што падтрымкі ў дыктатара няма. Але для пераменаў у краіне гэтага недастаткова. Недастаткова з'яўлення двух-трох новых лідараў, такіх лідараў павінны з'явіцца дзясяткі. Недастаткова ўключэння ў супраціў сотняў людзей – патрэбныя тысячы. Тое, што Лукашэнка страчвае ўладу – бясспрэчны факт. Галоўнае пытанне сёння ў тым, ці зможам мы гэтым скарыстацца.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках