29 сакавiка 2024, Пятніца, 8:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украіна адмаўляе ад прызыву на карысць прафесійнага войска

7
Украіна адмаўляе ад прызыву на карысць прафесійнага войска

Як ацэньваюць гэтыя намеры вайсковыя аналітыкі ва Украіне і на Захадзе?

Да 31 снежня ва Украіне прадаўжаецца восеньскі заклік, у рамках якога да тэрміновай службы павінны прыступіць больш за 15 тысяч грамадзян ва ўзросце ад 20 да 27 гадоў. І хоць гэты заклік наўрад ці стане апошнім, міністр абароны Украіны Андрэй Загараднюк на днях агучыў планы скасаваць усеагульны вайсковы абавязак і паступова зрабіць войска прафесійным, піша «Нямецкая хваля».

«Пазіцыя дзяржавы і мая асабістая мэта - скасаваць заклік. Мы рухаемся да войска паводле стандартаў NATO, якое будзе прафесійным, падрыхтаваным і абсталяваным», - паведаміў міністр у нядзелю, 10 лістапада, падчас выступу на ўкраінскім тэлеканале «1+1». Пры гэтым ён прызнаў, што пераход на кантрактную мадэль не будзе хуткім. Журналісты распыталі вайсковых аглядальнікаў аб тым, як яны ацэньваюць гэтыя планы.

Украіна сыходзіць ад прызыву не першым разам

У многіх тэлегледачоў пасля слоў міністра Загараднюка магло паўстаць адчуванне дэжавю, бо Украіна ўжо не першым разам адмаўляецца ад прызыву: яшчэ ў 2005-м у чатырох родах войскаў украінскіх узброеных сіл фармавалі брыгады на кантрактнай аснове і планавалі праз некалькі гадоў цалкам адмовіцца ад прызыўной сістэмы. Тады называліся розныя тэрміны - 2010 і 2015 гады.

Канчаткова ж заклік скасавалі ў 2013 годзе на загад тагачаснага прэзідэнта Віктара Януковіча. Але ўжо ў наступным годзе жыццё ўнесла свае карэктывы - пасля анэксіі Расеяй Крыму і вайсковых дзеянняў на Данбасе ўсеагульную воінскую павіннасць аднавілі. Наколькі мэтазгодна касаваць прызыў у сённяшніх варунках, калі на ўсходзе краіны ўсё яшчэ прадаўжаецца ўзброенае супрацьстаянне?

Шэраг украінскіх добраахвотнікаў раскрытыкавалі ў СМІ гэтыя планы. «Наша выведка паведамляе аб бесперапынных парушэннях (пагадненняў) Расеяй, яны засяроджваюць войскі ў нас на мяжы, а мы збіраемся адмовіцца ад прызыву?»,- запытваў у эфіры ўкраінскага радыё афіцэр рэзерву і добраахвотнік Міраслаў Гай.

Заклік - толькі адзін са спосабаў камплектацыі ВС

Зрэшты, у размове з DW судырэктар праграм замежнай палітыкі і міжнароднай бяспекі кіеўскага Цэнтра Разумкова Аляксей Мельнік падкрэсліў, што адмова ад прызыву не павінна адбіцца на абараназдольнасці дзяржавы. «Тэрміновай службы не выкарыстоўваюць у баявых дзеяннях, - нагадаў Мельнік. - Сёння прызыўнікі складаюць да 10 адсоткаў ад колькасці ўсіх сілавых структур Украіны. А гэта значыць, што войска, Нацгвардыя, Памежная служба ў асноўным ужо ўкамплектаваныя па кантракце».

Заклік - толькі адзін са спосабаў камплектацыі Узброеных Сіл, згаджаецца навуковы супрацоўнік Міжнароднага цэнтра абароны і бяспекі (ICDS) у Таліне Марцін Хурт. Са слоў эстонскага экспэрта, які мае за плячыма досвед працы ў структурах NATO, Украіна, насельніцтва якой складае амаль 40 мільёнаў, у выпадку адмовы ад усеагульнага вайсковага абавязку «не павінна сутыкнуцца з цяжкасцямі камплектацыі войска за кошт добраахвотнікаў і прафесіяналаў».

Апытаныя DW аналітыкі адзначаюць, што эпоха вялікіх войскаў сыходзіць у мінулае, і значныя намаганні дзяржавы цяпер накіроўваюць на тое, каб аптымізаваць рэсурсы і выкарыстоўваць іх з максімальнай карысцю. «У часы халоднай вайны Савецкі Саюз меў большае па колькасці войска і спадзяваўся на заклік. У 2014 годзе Украіна была ў такім становішчы: на паперы існавала вялікае войска, а ў рэальнасці яно выявілася негатовым да ўдзелу ў ініцыяваным Расеяй узброеным канфлікце», - кажа Марцін Хурт.

Да таго ж ва Украіне праблема з нізкай матывацыяй прызыўнікоў: паводле інфармацыі СМІ, у верасні толькі ў Кіеве вайсковыя камісарыяты перадалі ў паліцыю амаль 35 тысяч спраў на сталічных жыхароў, якія ўхіляюцца ад прызыву.

Еўрапейскі досвед камплектацыі войска

Дыскусіі аб скасаванні ўсеагульнага вайсковага абавязку вядуцца не толькі ва Украіне. Паводле інфармацыі Цэнтра даследаванняў бяспекі пры Федэральнай вышэйшай тэхнічнай школе Цюрыха, у перыяд паміж 1990 і 2013 гадамі 24 еўрапейскія краіны, у тым ліку і Нямеччына ў 2011 годзе, перайшлі на мадэль кантрактнага войска. Аднак змены ў геапалітычнай сітуацыі прымусілі некаторыя краіны вярнуцца да прызыву. Напрыклад, летась Швэцыю, дзе ад яго адмовіліся ў 2010-м. Раней, у 2016 годзе, усеагульны вайсковы абавязак зноў увяла Літва.

У нейтральнай Швайцарыі на рэферэндуме ў 2013 годзе 73 адсоткі грамадзян, якія ўзялі ў ім удзел, выказаліся супраць адмовы ад абавязковага прызыву. Крыху раней у тым жа годзе аналагічным чынам прагаласавалі і грамадзяне нейтральнай Аўстрыі, войска якой, нягледзячы на прызыўную сістэму, абапіраецца на прафесійныя кадры. Сёння сярод 29 краін-чальцоў NATO толькі ў шасці захоўваецца абавязковы заклік - гэта Эстонія, Грэцыя, Літва, Нарвегія, Турцыя і Данія, дзе дзейнічае свая спецыфіка гэтай працэдуры.

Аднак краіны, якія перайшлі на кантрактную мадэль, тут жа сутыкнуліся з праблемай рэкрутынгу, бо войску давялося выступаць у вельмі неўласцівай яму раней ролі аднаго з гульцоў на рынку працы. Нямецкаму бундэсверу гэта дагэтуль даецца з прыкметнымі цяжкасцямі, нягледзячы на розныя рэкламныя кампаніі.

Са слоў Аляксея Мельніка, менавіта да гэтага павінны быць гатовыя і ўкраінскія ўзброеныя сілы ў выпадку пераходу на кантрактную мадэль. «А гэта не толькі заробак, але і цэлы сацыяльны пакет. Узброеныя Сілы павінны быць канкурэнтаздольнымі на рынку працы», - паказвае Мельнік і дадае, што інвеставаныя ў кантрактніка сродкі прынамсі не будуць патрачаны дарма, «бо за год тэрміновай службы прызыўніка ўсё адно не ўдаецца падрыхтаваць да вайсковай службы і ўсё трэба пачынаць з нуля».

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках