20 красавiка 2024, Субота, 9:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы - моцны і смелы народ

8
Беларусы - моцны і смелы народ
ЯЎГЕН АФНАГЕЛЬ
ФОТА: ЮРЫ ДРУГ / CHARTER97.ORG

Нам наканавана адправіць захраслага ў мінулым калгаснага дыктатара на сметнік гісторыі.

Адзін з лідараў «Еўрапейскай Беларусі» звярнуўся да суайчыннікаў. Сайт Charter97.org публікуе выступ:

– Добры дзень, сябры.

Мяне клічуць Яўген Афнагель, я каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь».

Нашы сцягі – сіняе палатно з зоркамі і «Пагоню» – вы бачыце на вуліцах Менска, Берасця, Віцебска, Оршы, Мазыра, Светлагорска, Бабруйска, Маладзечна, Слоніма і іншых гарадоў краіны.

Нашых кандыдатаў у дэпутаты вы падтрымалі сваімі подпісамі, даўшы нам магчымасць два месяцы праводзіць перадвыбарчыя пікеты і мітынгі, гутарыць з вамі, слухаць і казаць. Дзякуй вам за падтрымку і давер.

Нашым людзям вы апавядалі пра нашыя агульныя праблемы, пра цяжкое жыццё, пра адсутнасць перспектываў, уцёкі беларусаў за мяжу і пагрозу страты незалежнасці краіны.

Кожны з вас выразна называў імя галоўнага вінаватага ў гэтых праблемах. Чалавека, які за 25 гадоў ператварыў Беларусь у адсталы калгас, пасмешышча для цывілізаванага свету. Беларусь называюць апошняй дыктатурай Еўропы. Мы апынуліся на ўзбочыне сусветных эканамічных і культурных працэсаў.

Прычына гэтага простая. Нас пазбавілі права выбіраць сваю ўладу, у краіне няма свабодных і сумленных выбараў. Апантаны ўладай згрыбелы дыктатар трасецца ад страху кожны раз, калі чуе гэтыя словы. Мы ў гэтым пераканаліся за апошнія некалькі тыдняў, калі прадстаўнікоў «Еўрапейскай Беларусі» пазбаўлялі нават пяці хвілінаў належнага ім паводле закону эфірнага часу, не рэгістравалі ў якасці кандыдатаў, здымалі з выбараў. Яны нават не хавалі прычыну. «Вы патрабуеце змены ўлады, вы патрабуеце пераменаў», – казалі нам прадстаўнікі выбаркамаў.

Так, мы патрабуем змены ўлады. Гэтага хочуць усе беларусы. Нездарма аднойчы прагучалі словы «Калгаснай дыктатуры – баста!» Сталі самым папулярным лозунгам гэтай кампаніі. Яны – на перадвыбарных пікетах, на вуліцах і сценах дамоў. Яны мазоляць вочы прамантачылым чужыя грошы чыноўнікам і даводзяць да істэрык фальсіфікатараў з выбарчых камісій.

Канец калгаснай дыктатуры блізкі, і мы ўсё гэта ведаем. Уявіце на хвіліну Беларусь без Лукашэнкі.

Свабодную краіну ў цэнтры Еўропы, жыхары якой ганарацца сваім мінулым і ўпэўнена глядзяць у сваю будучыню.

Краіну, зямлю і паветра якой не забруджваюць шкодныя танныя вытворчасці, пабудаваныя са згоды карумпаваных чыноўнікаў.

Краіну, дзе людзі не будуць закладнікамі новага Чарнобыля, дзе не сыходзяць з рэек цягнікі і не выбухаюць снарады падчас святочнага салюту.

Краіну, дзе кожны, хто хоча працаваць, зможа забяспечыць сабе годны заробак і годнае жыццё.

Краіну, у якой будзе праведзеная рэальная мадэрнізацыя эканомікі і забяспечаная абарона прыватнай уласнасці.

Краіну з якаснай адукацыяй і медыцынай, справядлівымі судамі, сумленнымі і адказнымі чыноўнікамі.

Краіну, у якой хочацца жыць.

Усё гэта ўжо даўно маюць нашы суседзі – былыя сукамернікі ў сацыялістычным бараку. У канцы 1980-х мы з літоўцамі, палякамі, вугорцамі былі на адным узроўні развіцця, а ў нечым нават апярэджвалі іх. Сёння ўзровень жыцця беларусаў – самы нізкі ў Еўропе.

Прычына гэтага простая – усе нашы суседзі змагаліся за свабоду і перамаглі.

Мы – нічым не горшыя за іх. Беларусы – смелы, працавіты і моцны народ. Цягам стагоддзяў мы перамагалі ворагаў, перад якімі схілялі галаву іншыя. Нашы продкі паварочвалі да ўцёкаў праціўнікаў, сілы якіх утрая пераўзыходзілі іх. Нашы дзяды ў Другую сусветную прымушалі фашысцкіх карнікаў абыходзіць бокам беларускія пушчы і лясы. Нашы бацькі развалілі імперыю зла – Савецкі Саюз і вярнулі нам надзею на свабоду.

Нам жа наканавана адправіць захраслага ў мінулым калгаснага дыктатара на сметнік гісторыі.

Мы зробім гэта цягам года. Усе разам, як і прынята ў нашым народзе.

Лукашэнка сыдзе, і тады ў нашай краіне пройдуць сапраўдныя свабодныя выбары.

Пасля мы са здзіўленнем будзем успамінаць пра сённяшнія цёмныя часы і задаваць сабе пытанне «А што перашкаджала зрабіць гэта раней? Гэта ж так проста – паважаць сябе, ганарыцца сваёй краінай, самім пастанаўляць, як жыць далей. Гэта ж так цікава – змагацца і перамагаць».

Так давайце ж зробім так, каб гэтыя два месяцы не прайшлі дарма. Давайце разам задумаемся пра сваю будучыню і ўжо зараз падрыхтуемся да яе. Давайце разам будаваць нашу еўрапейскую Беларусь.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках