19 красавiка 2024, Пятніца, 22:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Bloomberg: Венесуэла таемна экспартуе мільёны бараляў нафты

2
Bloomberg: Венесуэла таемна экспартуе мільёны бараляў нафты

У танкераў адключаюць транспондэры, якія перадаюць іх месцазнаходжанне.

Венесуэла таемна экспартуе мільёны бараляў нафты. Пра гэта паведамляе Bloomberg (пераклад – Радыё Свабода).

Паводле звестак агенцтва, у нафтавых танкераў адключаюць транспондэры, якія перадаюць іх месцазнаходжанне. Такім чынам пастаўкі застаюцца незаўважанымі.

Паводле інфармацыі Bloomberg, у першыя 11 дзён лістапада Венесуэла загрузіла на танкеры амаль 11 мільёнаў бараляў сырой нафты, што больш чым у два разы перавышае аб'ём за аналагічны перыяд у кастрычніку. Блізу паловы гэтага аб'ёму было загружана на караблі з адключанымі транспондэрамі. Яны ажыццяўлялі пастаўкі ў Кітай і Індыю, адзначае Bloomberg. Паводле звестак агенцтва, на адзін з венесуэльскіх танкераў Dragon – ходзіць пад сцягам Ліберыі – было адгружана два мільёны бараляў нафты праз кантракт з расейскай дзяржаўнай кампаніяй "Раснафта". Цяпер танкер стаіць у венесуэльскім порце Хасэ, хоць, паводле звестак апошняга GPS-сігналу, ён павінен знаходзіцца ля ўзбярэжжа Францыі.

У "Раснафце" Bloomberg заявілі, што кампанія і яе "дачка" не фрахтавала судны ў гэтым лагістычным ланцужку. У "Раснафце" падкрэслілі, што кампанія працуе ў Венесуэле ў рамках кантрактаў, падпісаных задоўга да ўвядзення санкцый ЗША, а таксама выконвае ўсе нормы міжнароднага права. Кампанія Dynacom Tankers Management, якая валодае танкерам Dragon, сцвярджае, што са студзеня ні адно з яе суднаў не ўдзельнічала ў кантрактах з арганізацыямі, якія знаходзяцца пад абмежаваннямі. У Dynacom адзначылі, што ніколі не парушалі ўмовы якіх-небудзь санкцый ЗША. Сітуацыю з меркаваным адключэннем транспондэраў у "Раснафце" і Dynacom каментаваць не сталі.

Венесуэла, паводле інфармацыі агенцтва, пачала адключаць сістэму спадарожнікавага сачэння на сваіх суднах яшчэ ў пачатку 2019 года, каб ажыццяўляць пастаўкі нафты на Кубу. Для абыходу санкцый венесуэльскія ўлады таксама пераназывалі судны, якія трапілі ў чорны спіс.

У студзені Злучаныя Штаты ўвялі санкцыі супраць дзяржаўнай нафтаздабыўной кампаніі Венесуэлы Petroleos de Venezuela (PDVSA), каб паралізаваць экспарт нафты і пазбавіць валютных паступленняў рэжым прэзідэнта Нікаласа Мадуры, якога ЗША не ўважаюць легітымным кіраўніком дзяржавы.

Праз санкцыі ЗША здабыча нафты ў Венесуэле ў верасні дасягнула 644 тысячаў бараляў за дзень, упаўшы да мінімуму за 16 гадоў. Многія краіны і кампаніі не хочуць набываць венесуэльскую нафту і займацца яе транспартаваннем. У выніку Венесуэла зарабляе на экспарце нафты 250 мільёнаў даляраў за месяц у параўнанні з пяццю мільярдамі ў сярэднім у 2005–2014 гадах.

Пра тое, што "Раснафта" выступае пасярэдніцай у продажы нафты венесуэльскай кампаніі, раней паведамляла агенцтва Reuters. У адказ "Раснафта" паабяцала дамагчыся забароны працы агенцтва ў Расеі. У выніку Reuters унесла змены ў публікацыю пра "Раснафту".

Амерыканскія ўлады не выключалі санкцыі супраць "Раснафты" праз гандаль з Венесуэлай.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках